Выбрать главу

— Аб чым? Аб вайне?

— Але.

— Не паверу...

Па дарозе з боку мястэчка паказаўся нейкі вэлясыпэдысты. Відаць было, як моцна націскаў пэдалі, сьпяшаючыся. Едзе ў кірунку маста, хоць дарогі праз мост няма, бо яшчэ нават падлога не пакладзена. Чаго яму сьпяшацца ў гэты цёплы, сьвяточны дзень? Куды імкнецца гэты спацелы, чырвоны, змораны вэлясыпэдысты? Параўнаўшыся з намі, саскочыў са сваёй машыны. Гэта быў нейкі малады жыдок, якога я першы раз у жыцьці бачыў.

— Хто тут стораж?

— Я! — адказваю, падняўшыся са свайго мейсца і падыходзячы яму на спатканьне.

— Ві стораж? Ві стойте на этот мост, не адхадіте, чтоб чаго тут не падлажылі... На вашу атветственнасть эты мост...

— Слушаю–с.

Незнаёмы жыдок сеў на сваю машыну і паехаў назад, гэтак сама сьпяшаючыся, як раней.

*

Цяпер мне стала ясна. Цяпер я паверыў. З радасьці я нават забыўся спытацца жыдка, хто ён і ад імя каго дае мне загад. Ці ня ўсё роўна? Самае важнае — вайна! Канец маіх мукаў, канец бадзячага жыцьця, я буду магчы вярнуцца ў сваю хату і жыць як чалавек. Ужо чырвоная нечысьць не дасягне мяне.

ПЕРШЫЯ “ЛАСТАЎКІ”

Паявіліся на небе самалёты. Гэта былі нямецкія самалёты! Зь якой радасьцяй я ім прыглядаўся! Неўзабаве пачуліся гукі выбухаў. Гэта было для мяне найпрыгажэйшай мэлёдыяй, якую я чуў у сваім жыцьці...

У мястэчку было шмат жыдоў. Хутка мой лес за мостам пачаў напаўняцца жыдамі. Зь пярынамі, падушкамі, клункамі беглі яны ў лясны гушчар, каб схавацца ад выбухаў бомбаў. Я таксама пацягнуўся ў лес, дзе чакаў, што далей з гэтага будзе. Да мяне падыходзіць нейкі жыд. Закурваем папяросы. Гутарым.

— А я вас, здаецца, ведаю, — кажа раптам незнаёмы. — Мы з вамі спатыкаліся ў Вільні ў рэдакцыі. Вы — Монвід? Праўда?

Мурашкі прабеглі па маёй сьпіне.

— Вы памыляецеся, — кажу, — гэта мусіць нехта падобны да мяне. Часта мяне спутваюць зь некім... Я ня Монвід.

— Са мной можаце сьмела гутарыць. Аднак я ведаю, што вы Монвід.

У паветры лёталі нямецкія самалёты, але на зямлі яшчэ былі бальшавікі. Факт, што мяне пазналі, зусім мяне абяскуражыў.

БАЛЬШАВІКІ ЎЦЯКАЮЦЬ

Нехта казаў, што адзін з бальшавіцкіх камандзераў заявіў насельніцтву, што ў мястэчку будуць жорсткія баі, што бальшавікі думаюць заядла бараніцца. Дык няхай лепш насельніцтва пакіне свае хаты.

І вось цягнуцца вазы, наладаваныя ўсячынай. На кучы клункаў сядзяць дзеці, жанчыны. Мужчыны ідуць побач, падганяюць каня, папраўляюць зьвіслыя з возу манаткі. Усе пруцца ў лес, каб схавацца ў гушчары. Рэчку можна перайсьці ўброд. Цяпер, у канцы чырвеня, вада даходзіць людзям да калена. Людзі і вазы імкнуцца праз рэчку на другі бок, каб далей ад мястэчка, каб глыбей у лес.

Аднак, да бітвы не дайшло. Бальшавікі ўцякаюць. Ужо на другі дзень раніцай праходзяць апошнія аддзелы. На дарозе застаюцца паламаныя вазы, папсаваныя машыны, стрэльбы, газавыя маскі. Недзе скубе траву пакінуты асядланы конь. Празь лясны гушчар прабіраецца нейкі невялічкі аддзел, чалавек мо з трыццаць. Заселі між кустамі. Але зусім ня маюць баявога выгляду. Адзін кідае на зямлю свой шлём, які яму гняце галаву. Іншы, каб пазбыцца лішняга багажу, адшпільвае скрынку з газавай маскай. Не чуваць гутаркі. Няма аб чым казаць. Ува ўсіх у галаве адна думка... Гэта тыя, якія, чакаючы, пакуль праваліцца хваля ўцякаўшага войска, думаюць аддацца ў палон. Прытуліўшыся да сваіх вазоў, мястэчкавыя людзі з трывогай паглядаюць на гэтую маўклівую вайсковую групу, ня ведаючы аб ейных плянах...

НА ДРУГІ ДЗЕНЬ

У панядзелак пад вечар зь мястэчка далятае гудзеньне матораў, грымота зялезных машынаў. Па пясчаных дарогах пасоўваецца авангарда нямецкага войска. З трэскам матораў імкнуцца матацыклістыя, выпераджаючы цяжкія, засеўшыя ў пяску машыны. Жаўнеры ў шэрых запыленых шынэлях, пот плыве па твары, мяшаючыся з пылам...

недапісана

Францішак Аляхновіч быў забіты невядомым ва ўласнай кватэры 03.03.1944.