Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя ў езуіцкіх навучальных установах (як, дарэчы, і ў іншых каталіцкіх, а таксама ў вуніяцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх) мовамі навучання былі беларуская і лацінская. Але па меры паланізацыі шляхты з другое паловы ХVІІ стагоддзя адбываўся пераход на польскую мову.
Апрача Акадэміі да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не менш як 16 толькі езуіцкіх школаў гуманітарнага профілю, з іх 9 вышэйшых — у Полацку, Пінску, Нясвіжы, Горадні, Амсціславе, Новагародку, Воршы, Віцебску, Берасці — ды 7 поўных сярэдніх — у Менску, Магілеве, Слоніме, Слуцку, Жодзішках, Бабруйску, Мерачы. Прычым вышэйшыя калегіумы адрозніваліся ад акадэміі (універсітэту) не роўнем адукацыі, а толькі адсутнасцю некаторых правоў, напрыклад, не былі аўтаномныя, не вызваляліся ад падаткаў, не маглі надаваць вучоных ступеняў.
Апрача таго, у Беларусі існавалі шматлікія праваслаўныя (як, да прыкладу, вышэйшая Брацкая школа ў Вільні), вуніяцкія, пратэстанцкія навучальныя ўстановы, а таксама школы іншых каталіцкіх ордэнаў — піярскія, дамініканскія, бернардзінскія.
У 1812 годзе ў акадэмію з правамі ўніверсітэту быў ператвораны вышэйшы езуіцкі калегіум у Полацку (заснаваны ў 1580 годзе). Полацкая акадэмія праіснавала да 1820 года і была зачыненая царскім урадам як «неблагонадежная». Следам за ёю быў зліквідаваны Віленскі ўніверсітэт (у 1832 г.) ды іншыя даўныя гуманітарныя ўстановы. У Беларусі не засталося ніводнае вышэйшае школы. Замест пазачыняных навучальных асяродкаў пачалі стварацца расейскія «народные училища» ды іншыя русіфікатарскія ўстановы з даволі нізкім роўнем навучання. Дэструкцыя адукацыйнае сістэмы ішла поруч са спыненнем дзеяння Статута і дэмакратычных інстытуцыяў, заменай адміністрацыі, фальшаваннем гісторыі краю. Беларусь такім чынам ператваралася ў задворкі Расейскае імперыі.
69. Ці быў «залаты век» у гісторыі Беларускай дзяржавы?
Уздымны, апагейны перыяд развіцця нашае дзяржавы і культуры прыпаў на ХV-ХVІ стагоддзі. Першадаследнікі залатога веку, перадусім Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Максім Гарэцкі, звязвалі яго з найбуйнейшым росквітам нашае старадаўнае культуры, найперш з дзейнасцю Францішка Скарыны, яго выданнем кніг у Празе (1517–1519) і ў Вільні. Сучасныя ж даследнікі ў актыў плёну прыгожага пісьменства нашага залатога веку залічваюць багатую спадчыну не толькі на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах, але й на лаціне — мове ўсёй сярэднявечнай Эўропы. Пры гэтым маюцца на ўвазе такія выдатныя творы, як «Пруская вайна» (1516) Яна Вісліцкага і «Песня пра зубра» (1519) Міколы Гусоўскага.
Залатая пара нашае культуры была знітаваная не толькі з Рэнесансам, але й з Рэфармацыяй, дзейнасцю такіх слынных асобаў, як Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі.
У ХVІ стагоддзі ў Беларусі ўзнікла мноства навучальных установаў. У Вільні, Нясвіжы, Берасці, Лоску, Любчы, Цяпіне ды Венграве паўсталі друкарні, вакол якіх утвараліся цэлыя літаратурныя школы. Прадукцыя нашых друкароў карысталася шырокім попытам не толькі ў Вялікім Княстве, але і ў краінах Заходняй Эўропы.
Значнымі былі дасягненні нашых продкаў у навуцы. Асабліва развіваліся лінгвістыка, гісторыя, геаграфія, астраномія, матэматыка і медыцына. А юрыдычная думка Беларусі ў ХVІ стагоддзі, як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Эўропе роўню. Ніводная з тагачасных краінаў не мела гэткага дасканалага заканадаўства, як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529, 1566 і 1588 гадоў.
Эпоха Рэнесансу ў Беларусі пазначана небывалым узлётам мастацтва. У нас у тым часе ўзніклі першыя прафесійныя тэатры, развіваецца музычнае мастацтва, з'яўляецца свецкі партрэтны жывапіс — прыкмета высокага роўню развіцця мастацкай творчасці. У ХVІ стагоддзі ўдасканальваецца іканапіс, скульптура, дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва, гравёрнае майстэрства.
У залатую пару нашае дзяржавы надзвычай хуткімі тэмпамі развіваецца горадабудаўніцтва і дойлідства. Менавіта тады былі пабудаваныя перліны нашае архітэктуры: Траецкі касцёл у Ішкалдзі, Святадухаўская царква ў Кодзені, Барысаглебская царква ў Новагародку, фарны касцёл у Горадні, касцёлы Святой Ганны і бернардзінцаў у Вільні, шэдэўры сусветнага дойлідства цытадэлі-бажніцы ў Супраслі, Мураванцы, Сынковічах, рэфармацкія зборы ў Смаргоні, Заслаўі, Асташыне, абарончыя сістэмы замкаў у Міры, Нясвіжы, Новагародку…