Маючы ўсяго 2 тысячы вершнікаў гусарскай конніцы і невялікую артылерыю, наш гетман узяўся адваёўваць страчанае. Спачатку ён пад агнём ста чатырох варожых гарматаў штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у заходняй Эстоніі, а затым 4 сакавіка 1609 года пайшоў на дапамогу галоўнаму гораду Прыбалтыкі — Рызе, абложанай шведскімі войскамі. Шлях вёў паўз бераг Рыжскае затокі, і тут паступілі звесткі, што за 13 міляў на поўдзень ад Парнавы, каля гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва), знаходзіцца шведскі флот. У Яна Хадкевіча выспеў смелы і нечаканы план. Ён пасадзіў сваіх жаўнераў на два вялікія караблі, захопленыя ў шведаў пад Парнавай, і некалькі караблёў, купленых у марскіх гандляроў, а таксама на вялікія лодкі і загадаў атакаваць праціўніка.
Спешаныя вершнікі, многія з якіх нават не бачылі зблізку мора, адважна рушылі на бітву. Уначы, знянацку наблізіўшыся да шведаў у вусці ракі Салацы, яны накіравалі ў іхны бок некалькі падпаленых брандэраў (суднаў, нагружаных выбуховымі і палкімі рэчывамі), ад якіх загарэліся і пачалі тануць два варожыя караблі. Пры святле пажару па шведскай эскадры быў адкрыты моцны агонь з гарматаў. Не вытрымаўшы імклівага націску нашых ваяроў, астатнія караблі шведаў мусілі шукаць ратунку ў адкрытым моры. Шлях на Рыгу быў свабодны.
На гэтым, аднак, не скончыліся перамогі ў тым трыумфальным паходзе. На подступах да Рыгі гусарская конніца Яна Хадкевіча хітрым манеўрам завабіла шведскае войска за Дзвіну і высекла яго, як тады казалі, «у пень». Рэшта праціўніка паспешліва адступіла на поўнач, не жадаючы больш выпрабоўваць на сабе моц беларускай зброі.
Вядомы пісьменнік Ю.Нямцэвіч пісаў пра бітву пад Салісам: «Толькі генію ўласціва знаходзіць магчымасці, якіх звычайны розум не заўважае, толькі ён можа хутка асэнсоўваць іх і неадкладна выкарыстоўваць».
72. Хто такія «лісоўчыкі»?
Лісоўчыкі (лесаўчыкі) — гэта найменне лёгкай беларускай кавалерыі, якая існавала ў першай палове ХVІІ стагоддзя. Узнікненне і найбольшая слава гэтага адмысловага вайсковага фармавання звязаныя з імем Аляксандра Язэпа Лісоўскага — таленавітага военачальніка, беларускага шляхціча з Віленшчыны. Менавіта ён стварыў датуль невядомыя ва Ўсходняй Эўропе аддзелы з адметнай тактыкай і арганізацыяй.
Узброеныя шаблямі, лукамі і дзідамі, а часам і лёгкай агнястрэльнай зброяй, лісоўчыкі вызначаліся выключнай мабільнасцю, здольнасцю рабіць імклівыя рэйды на сотні кіламетраў. Гэтаму спрыяла і адсутнасць абоза, — вершнікі жывіліся тым, што здабывалі самі. Іх вылучала ўменне правесці шырокую разведку, нанесці нечаканы ўдар, адступіць з найменшымі стратамі ў безнадзейнай сітуацыі. Усё гэта дазваляла ім неаднойчы разбіваць намнога перасяжныя сілы праціўніка і нават штурмаваць гарады.
Бліскучая вайсковая кар'ера А.Лісоўскага пачалася з канца 1607 года, пад час грамадзянскай вайны ў Маскоўскай дзяржаве і авантуры Дзмітрыя ІІ (Самазванца). Блізу трох гадоў ён са сваімі вершнікамі, якіх часам налічвалася да некалькі тысяч, змагаўся ў Масковіі, робячы глыбокія рэйды па тылах праціўніка. Сярод найбольшых поспехаў былі захопы Каломны, Галіча, Солі Вычагодскай, выпады пад Яраслаўль, Кастраму, Кінешму, паходы на Разаншчыну, Пскоўшчыну і Ноўгарадчыну, у Суздальскую і Ўладзімірскую землі.
Выдатныя вайсковыя поспехі прынеслі эўрапейскую славу А.Лісоўскаму і яго ваярам. Улетку 1615 года, каб адцягнуць маскоўскія сілы ад слаба ўмацаванага Смаленска, найвышэйшы гетман Ян Кароль Хадкевіч зноў паслаў лісоўчыкаў углыб Масковіі. А.Лісоўскі рушыў на Севершчыну, дзе захапіў Карачаў і разграміў пад Арлом войска князя Хаванскага. Робячы імклівыя і нечаканыя для ворага пераходы, часам да 150 кіламетраў за суткі, лісоўчыкі наводзілі паніку на далёкім заплеччы асноўных маскоўскіх войскаў. Галоўнай арэнай іх дзеянняў стала Паволжа. Гэта звязвала буйныя царскія сілы, чым у значнай ступені і ўдалося адстаяць Смаленск.
Непараўнаныя ў кавалерыйскіх сечах і безагляднай храбрасці, лісоўчыкі вылучаліся таксама жорсткасцю, авантурызмам і прагаю здабычы. Захаваліся паўлегендарныя звесткі пра іх паходы далёка на поўнач, да берагоў Белага мора і нават да вусця ракі Об, у пошуках славутай Залатой бабы — паганскага стода, якому пакланяліся вугра-фінскія народы Поўначы.
У кастрычніку 1616 года ў часе агледзінаў баявой гатоўнасці сваіх аддзелаў пад Старадубам Аляксандар Лісоўскі раптоўна памёр. Ягоную смерць успрынялі ў Масковіі як боскі цуд збаўлення ад жахлівай небяспекі.
Але пасля гэтага фармаванні лісоўчыкаў не спынілі свайго існавання. Праўда, у іх шыхтах усё болела ўраджэнцаў небеларускіх земляў. Дый арэнай ваенных дзеянняў стала пераважна Цэнтральная і Заходняя Эўропа, дзе яны ваявалі ў асноўным як найміты германскага імператара. Іх нястрымны напор і апантанасць зведалі Чэхія, Вугоршчына, прырэйнская Нямеччына, Францыя, Італія. Да сярэдзіны стагоддзя аддзелы лісоўчыкаў расцерушыліся і перасталі існаваць.