Тое, што некаторымі называецца «Древнерусское государство», строга кажучы, ніколі не існавала. Шматлікія спробы кіеўскага князя Ўладзіміра ў канцы Х стагоддзя зброяй аб'яднаць усе ўсходнеславянскія землі ўрэшце скончыліся няўдачай. Полацкая зямля ў зацятай барацьбе адстаяла сваю незалежнасць.
8. У якім часе Полацкае княства дасягнула найбольшае велічы?
Часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства сталася ХІ стагоддзе, калі на чале дзяржавы быў князь Усяслаў Чарадзей (валадарыў з 1044 да 1101 года). Трывалы падмурак гэтага росквіту быў закладзены ягоным бацькам — Брачыславам, які перадаў у спадчыну сыну моцную дзяржаву, што здолела выстаяць у нялёгкім змаганні з Кіевам. Шмат высілкаў паклаў Усяслаў, каб уладкаваць сваю Бацькаўшчыну. Імпэту князя дзівіліся сучаснікі і нашчадкі. У сваёй сталіцы — Полацку ён пабудаваў новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор. У часе княжання Ўсяслава квітнелі рамёствы і гандаль.
Полацкае княства было марской дзяржавай: пад яго кантролем знаходзіліся землі ўздоўж усёй Дзвіны да Варажскага (Балтыйскага) мора. Тут паўсталі гарады Герсіка і Кукенойс (зараз на тэрыторыі Латвіі) — фарпосты Полацка на шляху да Балтыкі. Полацкая дзяржава была адным з вялікіх і магутных гаспадарстваў ранне-сярэднявечнай Эўропы побач з Польскім каралеўствам, Скандынаўскімі і Ноўгарадскім княствамі.
Усяслава як удалага і таленавітага ваяра паважалі і баяліся суседзі. У славутай рыцарскай песні «Слова пра паход Ігараў» пра яго сказана: «Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уначы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў». Нейкі час Усяслаў з волі простых людзей быў нават кіеўскім князем. Але неўзабаве пакінуў гэты пасад, каб вярнуцца ў Полацак.
Народ лічыў Чарадзея за ваўкалака-пярэваратня. Не толькі таму, што той дзіўным чынам мог схавацца ад ворага і нечакана напасці на яго (як, напрыклад, на Нямізе пад Менскам 3 сакавіка 1067 года), але і таму, што прыязна ставіўся да паганства-язычніцтва. Усяслаў будаваў хрысціянскія бажніцы, але не вынішчаў і паганскіх. Князь шукаў згоду ў веравызнаннях, а праз іх — адзінства народа і дзяржавы. Шматлікія ваенныя паходы Чарадзея на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск і г.д. займаюць усяго 18 гадоў з яго амаль 72-гадовага жыцця. Ён прысвяціў сябе не разбурэнню, а стварэнню — умацаванню першай беларускай дзяржавы.
9. Хто такая Еўфрасіння Полацкая?
Еўфрасіння Полацкая ёсць наша святая, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу Беларускае зямлі. Вечную памяць і любоў народа яна заслужыла сваім ахвярным жыццём, прысвечаным асвеце нашых продкаў.
Яна прыйшла на свет на пачатку ХІІ стагоддзя ў Полацку, у сям'і князя Святаслава-Георгія і даводзілася ўнучкай найславуцейшаму з полацкіх валадароў — Усяславу Чарадзею. Дзяўчынку назвалі старажытным полацкім імем Прадслава. Слава пра розум і прыгажосць полацкай князёўны разнеслася далёка па славянскіх землях. Калі Прадславе споўнілася дванаццаць гадоў (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю), у Полацак зачасцілі сваты. Бацькі меркавалі выдаць князёўну замуж за сына нейкага слаўнага сваім багаццем і княжаннем уладара. Аднак Прадслава абрала сабе іншы шлях: пастанавіўшы стаць Хрыстоваю нявестаю, яна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.
Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. Тут яна перапісвала і перакладала з іншых моваў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі летапіс. Праз колькі гадоў духоўнага ўдасканалення яна заснавала ў Полацку жаночы, а затым і мужчынскі манастыры. Пры іх Еўфрасіння адчыніла скрыпторыумы — майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы, у якіх дзеці авалодвалі граматай, вучылі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы, спасцігалі навуку красамоўства.
Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей, і таму яе можна назваць нашай першай мецэнаткаю. На яе заказ полацкі дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, а ювелір Богша (хрысціянскае імя Лазар) стварыў крыж — бясцэнную святыню беларусаў.
Унучка Ўсяслава Чарадзея ўздымала свой голас супроць княскіх усобіц, папярэджвала, што братазабойчыя войны могуць прывесці Бацькаўшчыну да гібелі. Прыклад асветніцы натхняў яе землякоў і наступнікаў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сымона Полацкага…