Менавіта дзякуючы нашым таленавітым продкам высокага роўню ў Маскве дасягнула майстэрства апрацоўкі косці. Асаблівымі здольнасцямі ў гэтай галіне вылучаліся былыя віцебскія майстры, якія выраблялі дзівосныя па прыгажосці шахматныя фігуркі са слановай косці, а таксама шахматныя дошкі і столікі.
Стваральная праца беларусаў у Маскве ў ХVІІ стагоддзі не абмяжоўвалася толькі сферай матэрыяльнай культуры. Вельмі плённым было ўздзеянне нашых продкаў на духоўнае жыццё Масковіі. Дастаткова прыгадаць імя Епіфана Славінецкага, які быў адной з ключавых асобаў у часе вядомых царкоўных рэформаў Нікана. Ён пераклаў і выдаў шматлікія творы айцоў царквы, склаў грэцка-славянска-расейскі лексікон. Праз ягоны пераклад твора заснавальніка навуковай анатоміі А.Везалія «Пра будову чалавечага цела» маскоўскія лекары далучыліся да вяршыняў анатамічнай навукі Заходняй Эўропы. Дзякуючы Епіфану Славінецкаму нашы ўсходнія суседзі пазнаёміліся і з геліяцэнтрычнай тэорыяй М.Каперніка.
Выключнае месца ў маскоўскай культуры заняў Сымон Полацкі — вядомы асветнік, таленавіты паэт, непаўторны драматург, унікальны багаслоў, тонкі перакладнік і выдатны педагог. Яму належыць гонар укладальніка і аўтара першага статута Маскоўскай акадэміі. Пад яго кіраўніцтвам доўгі час дзейнічала маскоўская друкарня. Ён жа, дарэчы, быў і незаменным выхавальнікам царскіх дзяцей, аддаваў шмат увагі ўзгадаванню Пятра І — будучага цара-рэфарматара.
Акрамя таго, беларусы заклалі асновы расейскага тэатра. Яны былі акторамі тэатральнай трупы пры двары Аляксея Міхайлавіча. Нават касцюмы для тэатра рыхтавалі ў асноўным беларускія краўцы і шаўцы. Вельмі шмат беларусаў было і сярод царкоўных спевакоў ды вайсковых музыкаў; яны зрабілі моцны ўплыў на развіццё расейскага музычнага мастацтва.
77. Хто стварыў літары, якімі мы сёння карыстаемся?
Беларусы карысталіся і карыстаюцца двума альфабэтамі — кірыліцай ды лацінкай. Акрамя таго, беларускія татары, што жывуць на гэтай зямлі ўжо 600 гадоў, свае кнігі пісалі па-беларуску арабскімі літарамі.
Асабліва вялікі ўклад зрабілі беларусы ў развіццё кірыліцы. Гэтую азбуку, створаную ў 863 годзе хрысціянскімі прапаведнікамі Кірылам і Мяфодам для тагачаснай мовы паўднёвых славянаў, удасканалілі і спрасцілі беларускія перапісчыкі. Яны адкінулі лішнія і стварылі новыя літары, якіх не было ў пачатковай кірыліцы: э, й, а таксама адмысловую літару ґ (ґанак, мазґі).
Францішак Скарына стварыў прыгожы друкарскі шрыфт, а канчаткова наблізіў формы літараў да сучасных Галляш Капіевіч (родам з Амсціслава), выпускнік Слуцкае гімназіі, кнігавыдавец і перакладнік. У 1700 годзе ў Амстэрдаме ён заснаваў друкарню і стварыў акругленыя, падобныя да лацінскіх, літары кірыліцы для тытульных аркушаў кніг. Шрыфты Капіевіча ўпадабаў расейскі цар Пётр І, які тады быў у Нідэрляндах, і замовіў майстру літары для кніг.
Новы шрыфт на аснове Капіевічавых літараў Пётр І зацвердзіў у 1708 годзе. Так адбылася рэформа расейскай азбукі — увядзенне грамадзянскіх, г. зн. нецаркоўных, літараў. Новыя літары яшчэ доўга звалі «амстердамские литеры» ці «белорусская азбука». Менавіта гэтымі літарамі цяпер карыстаюцца беларусы, расейцы, украінцы, македонцы, баўгары, сэрбы ды іншыя народы, што ўжываюць кірыліцу. Мовазнавец Ян Станкевіч назваў гэты шрыфт капіеўкаю.
78. Хто такі Сільвестар Косаў?
Сільвестар Косаў (канец ХVІ ст. — 1657) — беларускі праваслаўны мітрапаліт, выдатны пісьменнік і таленавіты педагог-рэфарматар. Нарадзіўся ён у маёнтку Жаробычы, што знаходзіўся на паўночны захад ад Віцебска (у 1939 годзе гэтае паселішча зліквідаванае). Ужо змалку падлетак выявіў рэдкую здольнасць да навукі, што адзначылі настаўнікі Віленскай брацкай школы, якія й параілі яму далей працягваць навучанне. Вышэйшую адукацыю ў галіне філасофіі, рыторыкі і граматыкі С.Косаў атрымаў у каталіцкіх школах — Люблінскай езуіцкай калегіі ды Замасцянскай акадэміі, дзе на той час выкарыстоўваліся сама прагрэсіўныя формы і методыкі навучання.
Па вяртанні на радзіму С.Косаў пачаў педагагічную дзейнасць выкладчыкам філасофіі ў Вільні, а затым у Альбове і Кіеве. У 1633 годзе С.Косаў заняў пасаду архімандрыта Кіева-Пячорскай лаўры, у 1635 годзе ўзначаліў Магілеўскую, Аршанскую і Амсціслаўскую кафедры, нарэшце, у 1647 годзе стаў мітрапалітам Праваслаўнай царквы Вялікага Княства і Польшчы.
У беларускай гісторыі С.Косаву належыць асаблівае месца. Ужо на пачатку 30-х гадоў ХVІІ стагоддзя ён выступіў ініцыятарам рэфармавання традыцыйнай праваслаўнай сістэмы адукацыі. У школах пачала паступова ўводзіцца заходнеэўрапейская сістэма выкладання дысцыплін, абавязковым стаў цыкл сямі «свабодных мастацтваў» — граматыкі, рыторыкі, дыялектыкі, арытметыкі, геаметрыі, музыкі і астраноміі, паглыблена вывучаліся лацінская і грэцкая мовы.