Яшчэ ў 1648–1649 гадах сярод кіраўніцтва казацкай старшыны Запарожскага войска паўстала ідэя інкарпарацыі ўсходняй часткі Беларусі ў склад казацкай дзяржавы. З гэтаю мэтай Багдан Хмяльніцкі засылаў сюды казацкія загоны, каб падбухторваць сялянаў, рабаваць гарады, паступова далучаючы беларускія паветы. Пасля 1654 года, калі на Пераяслаўскай радзе Ўкраіна была задзіночаная з Маскоўскім царствам, гэтая палітыка стала па сутнасці прамаскоўскай.
Такім чынам, казацтва — чужая для Беларусі з'ява.
80. Хто такі Андрэй Баболя?
Гэта адзін з святых, якога найбольш шануюць беларусы-каталікі і вуніяты. Нарадзіўся ён ў 1591 годзе. Паходзіў з старажытнага беларускага шляхоцкага роду. Бацькі, імкнучыся даць сыну каталіцкае выхаванне і добрую адукацыю, накіравалі яго ў езуіцкую школу. Пасля заканчэння школы Андрэй Баболя наважыўся і надалей звязаць свой лёс з Таварыствам Ісуса і таму папрасіў прыняць яго ў Ордэн езуітаў Літоўскай правінцыі. Пад час вучобы ў езуіцкіх калегіуме ды акадэміі ў Вільні добра авалодаў прадметамі філасофска-тэалагічнага цыклу, што пазней вельмі дапамагала яму ў прапаведніцкай працы, дазваляла выходзіць пераможцам у нярэдкіх на той час тэалагічных дыспутах.
Святарства Андрэй Баболя атрымаў у 1622 годзе з рук віленскага біскупа Астафея Валовіча. Працаваў у Вільні, Нясвіжы, Бабруйску, Пінску. Ад 1643 года кіраваў навучаннем у Пінскім езуіцкім калегіуме. Высокі ровень адукацыі, што даваў калегіум, вабіў не толькі каталіцкую моладзь. Нават праваслаўная шляхта часта аддавала сваіх дзяцей вучыцца да езуітаў. Самааддана і шчыра працаваў А.Баболя на ніве прапаганды каталіцкае веры, за што яго назвалі «пінскім апосталам».
Знаходжанне Андрэя Баболі на Палессі прыпала на гады вялікіх пагрозаў вуніяцкай царкве, прыхільнікам якой ён быў. Пад час аднаго з казацкіх наездаў на Піншчыну А.Баболя быў схоплены. У мястэчку Янаў (цяпер горад Іванава) казакі ўчынілі з яго крывавыя здзекі, прымушаючы вырачыся каталіцкае веры. Выразалі на яго скуры арнат і тансуру. Жудасныя катаванні доўжыліся блізу дзвюх гадзінаў. Адбывалася тое 16 траўня 1657 года (гэтая дата пазней стала днём ушанавання памяці пакутніка).
У 1853 годзе папа Пій ІХ абвясціў Андрэя Баболю Багаславёным, а з 1938 года, згодна з дэкрэтам папы Пія ХІ, каталіцкі касцёл вызнае Андрэя Баболю за святога. Ягоныя мошчы ў розныя часы знаходзіліся ў Пінску, Полацку, Маскве, Рыме. Цяпер яны захоўваюцца ў Варшаве.
81. Што такое «лібэрум вета»?
Лібэрум вета (у перакладзе з лаціны азначае «свабода забароны») — гэта права кожнага пасла (дэпутата) супольнага Сойму Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства выказаць нязгоду з той ці іншай пастановай, і гэтага было дастаткова, каб адхіліць яе, нават калі ўсе астатнія дэпутаты прагаласавалі «за». Такім чынам аднаму дэпутату дазвалялася сарваць работу ўсяго Сойму.
Упершыню такое здарылася ў 1652 годзе, і з таго часу да 1764 года (калі былі ўведзеныя частковыя абмежаванні правоў шляхты) з 55 соймаў было сарвана 48. Шляхта лічыла «лібэрум вета» адным з галоўных сваіх набыткаў. Але на справе яно ў значнай ступені спрычынялася да праяваў палітычнай анархіі, прыкметна паралізавала дзяржаўную ўладу. Гэтым часта карысталіся суседнія дзяржавы (Расея, Аўстрыя, Прусія), зацікаўленыя ў аслабленні нашага гаспадарства.
Лібэрум вета канчаткова было зліквідаванае Канстытуцыяй 3 траўня 1791 года.
82. Якія былі прычыны заняпаду Вялікага Княства Літоўскага?
Падзеі, што прывялі да глыбокага заняпаду Вялікага Княства Літоўскага, пачаліся ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. У 1654 годзе Маскоўская дзяржава, ажыццяўляючы свае даўныя планы захопу Беларусі, распачала пад сцягам абароны адзінаверцаў чарговую вайну. За 13 гадоў гэтай страшэннай вайны ў выніку баявых дзеянняў і акупацыйнай палітыкі маскоўскіх уладаў (дзікія спусташэнні, гвалт, масавы вывад людзей у няволю) краіна была ўвергнутая ў катастрафічны стан.
Бадай, ніводны народ Эўропы не перажываў гэтакага дэмаграфічнага рэгрэсу, як беларусы: з 2,9 мільёнаў даваеннага жыхарства ацалела толькі каля 1 мільёна 350 тысяч. Ва ўсходніх і паўночных паветах Беларусі не засталося і трэці насельніцтва. Гаспадарка краіны апынулася ў жудасным стане, а для аднаўлення яе не ставала ні людзей, ні сродкаў. Пусткаю ляжала палова ранейшага ворыва. На Віцебшчыне ды Амсціслаўшчыне закінутымі былі ледзьве не ўсе землі.