90. На чыім баку былі беларусы ў вайне 1812 года?
У тыя трагічныя для Беларусі паўгода, ад Купалля да Калядаў 1812 года, пакуль ішла вайна, нашы прадзеды апынуліся на абодвух — і на расейскім, і на французскім — баках. У расейскае войска яны трапілі з папярэдніх рэкруцкіх набораў. Пасля канчатковай анексіі Беларусі толькі за 1796–1799 гады ў расейскае войска ўзялі 49 тысяч беларусаў, а з 1801 да 1812 года — 130 тысяч (гэта апрача шляхты, якая папаўняла расейскі афіцэрскі корпус). Тэрмін службы рэкрутаў быў тады 25 гадоў, так што ўлетку 1812 года ў расейскіх шыхтах стаялі яшчэ рэкруты набору 1788 года, які праводзіўся на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілеўшчыне, акупаваных Расеяй яшчэ ў 1772 годзе. Служылі беларускія рэкруты ў 3–7, 11, 12, 14–18, 21, 23 і 27-й пяхотных дывізіях. Гэтыя дывізіі ўваходзілі ў склад армій Барклая-дэ-Толі і Баграціёна і прынялі на сябе галоўны цяжар ваенных дзеянняў і Барадзінскай бітвы.
Паколькі землі былога Вялікага Княства Літоўскага Напалеон лічыў вызваленымі з-пад расейскага прыгнёту, была ўтвораная Камісія Часовага Ўраду Вялікага Княства. Яна прысягнула на вернасць імператару, гэта значыць, што Беларусь фармальна была абвешчаная саюзніцаю Францыі. Камісія Часовага Ўраду з дазволу імператара пачала ствараць уласныя ўзброеныя сілы, якія далучаліся да напалеонаўскай арміі. Мелася на мэце стварыць 100-тысячнае войска, але рэальна паспелі выставіць для дзейнай арміі 5 палкоў пяхоты і 4 уланскія палкі. Пяхотныя палкі атрымалі нумарацыю з 18-га да 22-га, уланскія — з 17-га да 20-га. Акрамя таго, быў сфармаваны лёгкаконны полк пад камандаваннем слонімскага ўраджэнца генерала Яна Канопкі, да якога далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з Мустафой Ахматовічам. Да корпуса Ю.Панятоўскага далучылася беларуская артылерыйская батарэя. Асобны полк уланаў, лікам 3 тысячы шабляў, выставіў сваім коштам князь Дамінік Радзівіл. На Палессі фармаваўся 6-ты пяхотны полк. Трэба ўзгадаць яшчэ і конныя харугвы шляхты, якія сабраліся ўжо пад канец вайны, у снежні, на заклік да паспалітага рушання. Усяго на баку Напалеона былі 24 тысячы беларускіх жаўнераў — тое, што здолеў абмундзіраваць і ўзброіць Часовы Ўрад.
Гэтак беларусы, апранутыя ў мундзіры расейскай і французскай армій, у многіх сутычках і бітвах той вайны вымушаныя былі забіваць адзін аднаго — сусед суседа, сваяк сваяка, крэўны крэўнага.
91. Як беларусы змагаліся супраць расейскага панавання?
Існуе думка пра нібыта адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз нашыя продкі на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі Расеяй тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі.
Увесну 1794 года беларусы разам з палякамі і жамойтамі падняліся на паўстанне, якое ўзначаліў наш зямляк Тадэвуш Касцюшка. На беларускіх землях барацьбой кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялян вершаваныя пракламацыі. Змагары спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Паўстанцы ўзялі ўладу ў Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыні, Ашмяне, Лідзе, Браславе. Але сілы былі няроўныя. Загартаваная ў захопніцкіх паходах царская армія, на чале якой стаяў А.Сувораў, задушыла паўстанне.
Барацьба з царскай уладаю, што зрабіла Беларусь калоніяй, не спынялася. Віленская студэнцкая моладзь стварыла таемнае таварыства філаматаў, моцная філія якога дзейнічала ў Полацкай піярскай вучэльні. Беларускі паэт і рэвалюцыянер Францішак Савіч у 1836 годзе арганізаваў у Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі нелегальнае «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала традыцыі разгромленых царызмам у 1823 годзе філаматаў.
У 1831 годзе Беларусь падтрымала антырасейскае паўстанне ў Польшчы. Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Віленскім паветах, а таксама ў ваколіцах Белавежскай пушчы. Трохтысячны шляхоцка-сялянскі аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў палявы аддзел, створаны 25-гадовай графіняй Эміліяй Плятэр, вядомай беларускай фалькларысткай. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна і сама ўдзельнічала ў баях з расейскімі акупантамі.