Нас у сонечны прасцяг,
Дружна ўздымем вальналюбы
Мы з Пагоняй нашай сцяг!
Патрыятычная дзейнасць філаматаў, якіх можна з поўным правам назваць пачынальнікамі ліцьвінскага (беларускага) нацыянальнага адраджэння, была перапыненая ў 1823 годзе з выкрыццём Таварыства. Бальшыня філаматаў і філарэтаў трапіла ў турму, найбольш актыўныя з іх былі высланыя з роднай зямлі ў глыбіню Расеі. Але і пасля гэтага яны працягвалі змаганне. Напрыклад, ацалелы ад рэпрэсіяў Міхал Рукевіч арганізаваў на сваёй Беласточчыне сярод афіцэраў Літоўскага корпуса царскай арміі згуртаванне «Вайсковыя сябры», якое ў віхурыстым снежні 1825 года мужна выступіла ў падтрымку паўстання на Сенацкай плошчы Пецярбурга.
93. Што такое Полацкая акадэмія?
Полацкая акадэмія — гэта вышэйшая навучальная ўстанова з усімі правамі ўніверсітэта, створаная на аснове Полацкага езуіцкага калегіума. Урачыстае адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня 1812 года, але ў сувязі з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 года.
Акадэмія мела тры факультэты: тэалагічны, моваў і літаратур, філасофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафесараў займалася блізу шасцісот студэнтаў. Адукацыя была грунтоўная і рознабаковая. На філалагічным факультэце, для прыкладу, выкладаліся лацінская, грэцкая, старажытнагабрайская, польская, расейская, французская, нямецкая, італьянская, арабская і сірыйская мовы і створаныя на іх літаратуры. 40 000 тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка. Папаўняліся экспазіцыі адчыненага яшчэ ў 1787 годзе музея і карціннай галерэі.
У друкарні, ці, дакладней, у выдавецтве, што дзейнічала пры акадэміі, выйшлі падручнікі замежных моваў, матэматыкі, паэтыкі і рыторыкі, друкаваліся навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі. У Полацку пабачылі свет «Слоўнік старажытнасцяў» і «Лацінска-польскі лексікон», былі перавыдадзеныя творы Фэдра, Цыцэрона, Тыбула, Нэпота ды іншых антычных і новых аўтараў. Выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс «Месячнік Полацкі», аўтарамі якога былі пераважна студэнты і выкладчыкі.
З аўдыторый акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, пісьменнік Юзаф Масальскі. У полацкай альма-матэр вучыўся мастак Валянцін Ваньковіч. Яе дыплом атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі. Пералік вядомых імёнаў мог быць шматкроць даўжэйшы, каб Полацак не заставаўся ўніверсітэцкім горадам усяго восем гадоў.
Дэмакратычныя навучальныя ўстановы зрабіліся на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазіцыяй каланізатарам. Полацкую прафесуру абвінавацілі ў выхаванні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить».
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Царскія ўлады зачынялі іх, баючыся росту нацыянальна-вызвольнага руху. Віленскі ўніверсітэт, Горы-Горацкі земляробчы інстытут… Першаю ў гэтым спісе была Полацкая акадэмія.
94. Як вуніяты вярнуліся ў праваслаўе?
Для расейскага самаўладдзя, што запанавала на нашай зямлі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, ніякіх беларусаў не існавала. Між тым вуніяцкая (або, іначай, грэцка-каталіцкая) царква, да якой пры канцы ХVІІІ стагоддзя належала болей за 75 % жыхароў Беларусі, сведчыла пра адваротнае. У адрозненне ад праваслаўных і каталікоў, якія часта траплялі пад уплыў чужой культуры і ідэалогіі, вуніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расейцы.
Яшчэ за цараваннем Кацярыны ІІ з небяспечнага для акупацыйных уладаў вуніяцтва ў надзейнае праваслаўе расейскага ўзору прымусова перавялі блізу паўмільёна нашых продкаў. Адначасова ішла апрацоўка грэцка-каталіцкіх гіерархаў, частка якіх у выніку перайшла на службу царызму. У змаганні з народнаю вераю асабліва вызначыўся вуніяцкі біскуп Іосіф Сямашка. Ён увёў расейскую мову ў духоўных семінарыях і царкоўных справаздачах. Святары атрымалі загад спраўляць набажэнства па службоўніках, прысланых з Масквы. На вачах у вернікаў з вуніяцкіх бажніц выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Нязгодных судзілі як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў.
Вернікі адказвалі на рэлігійны гвалт супрацівам. Так, за спробу перавярнуць іх у праваслаўе сяляне-вуніяты з маёнтка Азярышча Гарадоцкага павета пастанавілі ўтапіць полацкага праваслаўнага епіскапа Смарагда і віцебскага генерал-губернатара Шрэдэра, і «воссоединители» ледзьве здолелі ўцячы. А ў снежні 1834 года на дваранскіх выбарах у Віцебску 172 шляхцічы падпісалі пратэст супроць пераследу вуніятаў. Урад адрэагаваў пагрозамі суда і секвестрацыі маёмасці (г. зн. забароны або абмежавання на карыстанне ёю). Тым не менш з 680 святароў Полацкай вуніяцкай дыяцэзіі ў 1838 годзе за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186.