Ля вытокаў гэтай ідэалогіі стаяў мітрапаліт І.Сямашка — ініцыятар далучэння вуніятаў да Расейскай праваслаўнай царквы. Галоўным тэарэтыкам быў прафесар Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе М.Каяловіч, а непасрэдным натхняльнікам і ўладным апірышчам — генерал-губернатар М.Мураўёў, названы «Вешальнікам». Менавіта пры ім «западно-руссизм» (а сацыяльную глебу яго складалі праваслаўнае духавенства і чыноўны люд) аформіўся як асобная плынь, пэўная школа з сваёй праграмай і канцэпцыяй гісторыі.
У адпаведнасці з асноўным пастулатам, які палягаў у непрызнанні культурна-нацыянальнай самастойнасці беларускага (як і ўкраінскага) народа, «западно-руссы» стараліся ідэалагічна абгрунтаваць русіфікацыю Беларусі, якая асабліва энергічна праводзілася з часу задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Калі ў ХІХ стагоддзі «западно-руссы» скіроўвалі сваю энергію пераважна на змаганне з польскімі ўплывамі, дык з пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння ХХ стагоддзя менавіта ў ім убачылі яны небяспеку для сябе і сваёй ідэі. І таму павялі шалёную атаку на адраджэнцкі рух, не грэбуючы элементарнымі палітычнымі даносамі на дэмакратычную газету «Наша Ніва» і нашых нацыянальных дзеячоў.
Уся гэтая прапаганда ажыццяўлялася праз перыядычныя выданні («Крестьянин», «Минское слово», «Минское русское слово», «Северо-западная жизнь», «Окраины России»), якія падсілкоўваліся расейскім Міністэрствам нутраных справаў пры пільнай зацікаўленасці самога міністра П.Сталыпіна, які з 1906 года стаў прэм'ер-міністрам (у 1902–1903 гадах ён быў гарадзенскім губернатарам). Рабілася гэта пад выглядам абароны праваслаўя і інтарэсаў беларускага селяніна ды барацьбы з «польскай інтрыгай».
Паказальна, што сёння, калі абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, а беларуская мова стала дзяржаўнай, нашчадкі сумнай памяці «западно-руссизма» — «Славянский собор "Белая Русь"», «Союз офицеров», «Белорусское патриотическое движение» — дастаюць з архіва гісторыі панславянскую ідэю, каб, прыкрываючыся ёю, ваяваць за аднаўленне імперыі. Свой ваяўнічы імпэт яны чэрпаюць у міфах пра «абранасць» Расеі, пра яе асаблівую місію ў выратаванні чалавецтва і ў імперскіх амбіцыях шавіністычных партый і рухаў самой Расеі.
97. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою?
Жамойць (лацінская форма — Самагіція, польская — Жмудзь) — гэта гістарычная вобласць па ніжнім цячэнні Нёмана і ўзбярэжжы Балтыйскага мора, заселеная плямёнамі балтаў. У 1422 годзе, у часе княжання Вітаўта, яна была канчаткова далучаная да Вялікага Княства Літоўскага і стала яго неадлучнай часткай. З часам нашыя продкі пачалі называць жамойтамі не толькі насельнікаў уласна Жамойці, але і роднасныя ім плямёны.
Умовы для замацавання за Жамойцяй назову «Літва» склаліся ў ХІХ стагоддзі. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага адраджэння для забяспечання свайму руху гістарычнай асновы выкарысталі — у якасці этнічнага — найменне старадаўнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, а не свой, спрадвечны, назоў Жамойць (які, дарэчы, шырока ўжываўся і ў ХІХ стагоддзі, але не асацыяваўся з уяўленнямі пра развітую старажытную дзяржаўнасць).
Зразумела, яны прысвоілі не толькі найменне «Літва», але і заявілі пра свае выключныя правы на гістарычную і культурную спадчыну нашае старадаўнае дзяржавы і, у прыватнасці, на яе сімволіку. А паколькі ў жамойцкай мове не было нават слова для абазначэння галоўнага дзяржаўнага сімвала Вялікага Княства, жамойцкія адраджэнцы прыдумалі яго. Зрабіў гэта ў 1845 годзе гісторык С.Даўкантас, назваўшы нашую «Пагоню» наватворам «Віціс». На свой лад перакручвалі яны і імёны нашых гістарычных дзеячоў: Вітаўт стаў у іх Вітаўтас, Астрожскі — Астрагішкіс, Хадкевіч — Кяткявічус, Радзівіл — Радвіла, Пац — Пацас і г.д.
Тым часам нашыя прадзеды аж да канца ХІХ стагоддзя захоўвалі саманазоў «ліцьвіны». Але, на жаль, беларускае нацыянальнае адраджэнне запазнілася, пачалося значна пазней за жамойцкае. Нашы адраджэнцы, пачынаючы з Ф.Багушэвіча, ужо не маглі карыстацца спрадвечным саманазовам «ліцьвіны» і змушаныя былі прыняць найменне, якое тады было ўжо даволі пашыранае на Смаленшчыне, Віцебшчыне, Магілеўшчыне і выкарыстоўвалася расейскім друкам — «беларусы».
Канчаткова назоў «Літва» ў форме «Летува» афіцыйна быў замацаваны за Жамойцяй 16 лютага 1918 года актам аб незалежнасці, і, такім чынам, быў пастаўлены знак роўнасці паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Летувой. Усё гэта і спрычынілася да таго, што ў грамадскай свядомасці ўкаранілася думка, нібыта сучасная Рэспубліка Летува — спадкаемка Вялікага Княства Літоўскага.