Таленавіты пісьменнік і педагог, Клім стаў заснавальнікам цэлай літаратурнай школы. Сярод яго вучняў і паслядоўнікаў — выдатны красамоўца і мастак-іканапісец Аўрам Смаленскі, аўтар шматлікіх духоўных словаў і павучанняў.
Нарадзіўся Аўрам у арыстакратычнай сям'і. Яшчэ змалку вызначаўся рознабаковымі здольнасцямі. Пасля смерці бацькоў, раздаўшы сваю маёмасць цэрквам, манастырам і бедным людзям, юнак стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе гурток кніжнікаў.
Займаўся літаратурнай працай, перапісваў і распаўсюджваў кнігі, імкнуўся, каб яны былі зразумелымі і даступнымі для ўсіх. Дзеля гэтага ён тлумачыў незразумелыя словы, ілюстраваў свае кнігі мініяцюрамі. Шмат зрабіў для росквіту грэцка-лацінска-славянскай акадэміі, закладзенай князем Расціславам, дапамагаў фармаваць кнігазбор гэтай славутай навучальнай установы.
Нямала здзекаў і пакут давялося зазнаць Аўраму ад сваіх незычліўцаў. Але яго высокая адукаванасць, незвычайная працаздольнасць і самаахвярнасць (сучаснікі называлі яго Аўрамам Працавітым) прынеслі яму ўрэшце ўсеагульнае прызнанне. Памёр на пачатку 20-х гадоў ХІІІ стагоддзя.
13. Ці была ў Беларусі мангола-татарская няволя?
Пасля ўтварэння на пачатку ХІІІ стагоддзя Мангольскай дзяржавы ў выніку захопніцкай палітыкі Чынгісхана і ягоных нашчадкаў былі паняволеныя народы Сібіры, Паўночнага Кітая, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Малой Азіі, Блізкага Ўсходу. У 1236–1243 гадах былі заваяваныя велізарныя абшары Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, у тым ліку расейскія і ўкраінскія княствы, спустошаныя землі Малой Польшчы, Вугоршчыны, Маравіі, Славакіі, Чэхіі, Букавіны, Малдовы, Румыніі, Далмацыі, Балгарыі… Мангольскія ханы стварылі найвялікшую імперыю ў гісторыі свету, яны арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі ў Эгіпет, Паўднёва-Ўсходнюю Азію, Японію, на востраў Яву…
Беларусь не была паняволеная мангола-татарамі. Захаваліся паданні пра пераможныя бітвы нашых продкаў з імі пад Койданавам у 1249 годзе, каля Магільны, над Акунёўкаю, але гэта хутчэй за ўсё легендарныя звесткі, якія трапілі на старонкі летапісаў значна пазней, у ХVІ стагоддзі. Беларусы змагаліся з татара-мангольскімі наездамі ў 1259, 1275, 1277 гадах. Аднак гэта былі менавіта наезды, уварванні. Беларусь ніколі не падпарадкавалася Залатой Ардзе, ніколі не ведала азіяцкай няволі. Тэрміны «мангола-татарскае нашэсце», «мангола-татарскае іга», «дамангольскі перыяд» і г.д. у дачыненні да беларускай гісторыі надуманыя. Тут у адрозненне, скажам, ад расейскіх земляў, якія 240 гадоў уваходзілі ў склад Залатой Арды, натуральны працэс гістарычнага развіцця не парушаўся, дзякуючы чаму, напрыклад, яшчэ стагоддзямі жыло веча — інстытуцыя сярэднявечнай дэмакратыі, тым часам як у Маскоўскай дзяржаве ўсталявалася азіяцкая дэспатыя.
У беларускай гісторыі ёсць слаўная старонка, якая да апошняга часу замоўчвалася. Задоўга да хрэстаматыйна вядомай Кулікоўскай бітвы, яшчэ ў 1362 годзе, войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Альгерда разбіла каля Сініх Водаў войскі трох татарскіх ханаў. У выніку ўкраінскія землі былі вызваленыя ад мангола-татарскай няволі.
14. Хто такі Меркур Смаленскі?
Меркур Смаленскі — гэта легендарны герой часоў нашэсця мангола-татараў на Ўсходнюю Эўропу, які быў кананізаваны праваслаўнай царквой.
Крыніцаю звестак пра смаленскага пакутніка Меркура з'яўляецца яго жыццяпіс — помнік старажытнабеларускае літаратуры, створаны ў ХІІІ стагоддзі (пасля 1239 года) і вядомы сёння больш як у 80 спісах. Згодна з ім, Меркур быў «рымлянін родам, але вераю — пабожны хрысціянін грэцкага абраду».
Пад час паходу Бату-хана вялікае войска захопнікаў уварвалася ў Смаленскую зямлю. Рабуючы і забіваючы мірных людзей, пакідаючы пасля сябе папялішчы, татары рухаліся на сталіцу княства, якая вабіла іх сваім багаццем. За 24 вярсты да Смаленска яны спыніліся перад вялікім балотам, якое называлася Даўгамосцем. Частка варожага войска, перабраўшыся па дзевяцівярстовай грэблі цераз багну, рыхтавалася напасці на горад.
Паводле жыццяпісу, Меркур ўначы «прайшоў праз гарадскую браму, і прыйшоў на Доўгі Мост, і ўзяў свой меч, і ўвайшоў у стан бязбожных варвараў, і забіў іх магутнага волата». Назаўтра, калі да горада наблізіўся новы аддзел татараў, смаленцы выйшлі насустрач у поле і разбілі ворагаў. «А Батый, — апавядае "Слова пра Меркура Смаленскага", — угледзеўшы волата, забітага разам з мноствам вояў сваіх, не наважыўся падысці да горада і пабег ад Доўгага Моста, зняслаўлены Святою Багародзіцай».