Кастусь Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызвольнага руху, беларусазнаўстве, ён аўтар арыгінальных пачуццёвых вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча. Па сведчаннях сучаснікаў, быў чалавекам надзвычай высокай асабістай маралі, духоўнай чысціні і нацыянальнага гонару.
112. Як дзялілі Беларусь у Берасці, Маскве і Рызе?
Адразу пасля прыходу да ўлады бальшавікі пачалі сепаратныя перамовы з немцамі аб міры. Месцам іх правядзення было абранае Берасце. Паколькі лінія фронту праходзіла па тэрыторыі Беларусі, расейска-германскія перамовы не маглі не турбаваць беларускіх патрыётаў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на Ўсебеларускім кангрэсе, што праходзіў у снежні 1917 года. Быў зроблены запыт кіраўніку расейскай дэлегацыі Л.Троцкаму, які ў адказ запэўніў, што лёс Беларусі не будзе вырашацца без згоды беларусаў. Як мы ведаем, гэта была хлусня.
Бальшавікі несумленна паводзілі сябе на перамовах, выкарыстоўвалі іх для прапаганды, падбухторвалі нямецкіх салдатаў на «рэвалюцыйныя дзеянні». Урэшце 18 лютага 1918 года немцы пачалі наступленне. Бальшавікам, якія развалілі старую армію, нічога не заставалася, як шукаць замірэння. На пачатку сакавіка ў Берасці быў падпісаны мірны трактат, у выніку чаго пад немцамі апынулася большая частка нашай зямлі. Урад Леніна абавязаўся выплаціць Германіі 6 мільярдаў рублёў кантрыбуцыі, і Беларусь (акупацыйная зона) разглядалася як заклад пад гэтую кантрыбуцыю. Немцы ж паабяцалі бальшавікам, што не прызнаюць новых дзяржаў на тэрыторыі былой Расейскай імперыі. Абодва бакі «шчыра» выконвалі ўзятыя на сябе абавязкі: бальшавікі абдзіралі сялян і ў лік кантрыбуцыі вывозілі ў Нямеччыну збожжа, а ўрад Нямеччыны не прызнаваў Беларускай Народнай Рэспублікі і не даваў ёй арганізаваць сваё войска.
Другі раз нашу краіну бальшавікі падзялілі з Летувою, якая, дарэчы, сама толькі што выйшла з-пад каланіяльнай залежнасці. Гэта было 12 ліпеня 1920 года. Рыхтуючы наступленне на польскія войскі, што акупавалі Беларусь да Дзвіны і Бярэзіны, урад Леніна падпісаў у Маскве дамову, паводле якой пад юрысдыкцыю Летувіскай рэспублікі перадаваліся нашыя паўночна-заходнія землі: значная частка сучасных Віцебскай, Менскай ды Гарадзенскай абласцей, а таксама Беласточчына і ўся Віленшчына.
Бальшавікі дайшлі да Віслы, аднак ўсталяваць сваю ўладу ў Польшчы не здолелі. Карыстаючы з патрыятызму польскага народа, Я.Пілсудскі пры дапамозе Антанты арганізаваў контрнаступ і захапіў захад Беларусі. На расейска-польскія мірныя перамовы, якія праходзілі ў Рызе, у кастрычніку 1920 года ад імя Савецкай Беларусі выехаў А.Чарвякоў. Але бальшавіцкія і польскія дыпламаты не пусцілі яго за стол перагавораў. 18 сакавіка 1921 года было падпісанае мірнае пагадненне, паводле якога нашы заходнія землі перадаваліся пад уладу Польшчы.
Гандаль нашымі землямі выклікаў пратэст усёй сведамай беларускай грамадскасці. Якубу Коласу належаць напісаныя тады гнеўныя радкі:
Нас падзялілі… Хто? — Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К чорту граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
Свой праклён новым каланізатарам пасылаў і Янка Купала:
Каб таго парвала
З сэрцам на тры часьці
І зьвяр'ё збрылося
Мяса параскрасьці, -
Хто быў вінаваты
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
113. Чаму бальшавікі пайшлі на стварэнне БССР?
Бальшавікі, хоць і не прызнавалі беларускае нацыі, двойчы стваралі БССР (называлася яна тады ССРБ): 1 студзеня 1919 года і ў канцы ліпеня 1920 года. Першы раз — каб супрацьпаставіць яе Беларускай Народнай Рэспубліцы, якая з'яўлялася рэальным цэнтрам нацыянальна-вызвольнага руху. Аднак праз месяц самі ж камуністы ліквідавалі рэспубліку, разагнаўшы першы беларускі савецкі ўрад на чале са Зміцерам Жылуновічам (літаратурны псеўданім Цішка Гартны). Папярэдне ўсходнія беларускія губерні перадалі ў склад РСФСР. Ленін з гэтай нагоды пісаў: «Рэспубліка — буферная, і патрэбная толькі таму, што мяжуе з іншымі краінамі. Паколькі Смаленская, Віцебская і Магілеўская губерні не мяжуюць з іншымі дзяржавамі — іх можна выключыць». Рэшту тэрыторыі далучылі да Летувы і ўтварылі так званы Літбел (Літоўска-Беларускую ССР) са сталіцай у Вільні. У кіраўніцтве Літбела не аказалася ніводнага беларуса. Ні ў ССРБ, ні ў Літбеле беларуская мова не дапускалася ні ў друку, ні ў дзяржаўным ужытку, не было ніводнае газеты на беларускай мове.