119. Што такое «працэс Лістапада»?
У сакавіку 1926 года на ўсю Беларусь прагрымеў «працэс Лістапада». Судзілі групу маладых хлопцаў, навучэнцаў агульнаадукацыйных настаўніцкіх курсаў у Слуцку, якія стварылі нелегальную антысавецкую арганізацыю. Кіраваў ёю выкладчык гэтых курсаў Юрка Лістапад (удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года).
Арганізацыя ўзнікла ў 1924 годзе з вучнёўскага літаратурна-краязнаўчага гуртка, за старшыню якога быў курсіст Міхась Макарэня. Яна ставіла перад сабою мэту праводзіць нацыянальную асветніцкую працу, антыкамуністычную прапаганду, каб потым, стварыўшы шырокую сетку збройных аддзелаў, узняць паўстанне і вызваліць Беларусь ад чужынцаў. Працу сваю патрыёты меліся весці не толькі ў БССР, але і ў Заходняй Беларусі, што была тады пад Польшчай.
Маладыя патрыёты, якія з дзяцінства памяталі падзеі Слуцкага збройнага чыну, былі перакананымі змагарамі за вольную Бацькаўшчыну. «Браты родныя! Абрыдла нам панаванне чужынцаў — і камуністаў, і паноў. Трэба нам паўстаць і збудаваць вольную незалежную Беларусь», — звярталіся яны да насельніцтва. Дзеля большае дзейснасці прапаганды арганізацыя выдавала часопіс пад назовам «Наша слова», а таксама адозвы, якія распаўсюджваліся сярод жыхароў Слуцка і ваколіцаў. Адна з іх змяшчала наступны верш, падпісаны псеўданімам Малы Язэп:
Паўстань!
Ня сьпі, мой любы селянін!
Паўстань супроць чужой улады!
Паўстаньне — сродак твой адзін,
Ты роднай Бацькаўшчыны сын,
Сваіх ня згубіш пуцявін,
Дык не шукай чужых спагады!
За зброю! Бі! Хай гінуць гады!
Паўстань! Ня бойся і ня трусь!
Ратуйма нашу Беларусь!
Праз нейкі час слуцкая арганізацыя была выкрытая ГПУ. Арыштавалі Юрку Лістапада (ён быў галоўны абвінавачаны), Нічыпара Мяцельскага і іх найбліжэйшых паплечнікаў — Міхася Макарэню, Міколу і Рыгора Казакоў, Міхася Дзямідовіча. Усіх засудзілі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.
У «працэсе Лістапада» замяшалі і Якуба Коласа, якому рабілі закіды ў падтрымцы нелегальнай арганізацыі і на кватэры якога ў пошуках доказаў гэтага зрабілі ператрус. Але яго не судзілі. Максім Гарэцкі і Павел Жаўрыд, што выступалі сведкамі на гэтым працэсе, зрабілі ўсё магчымае, каб змякчыць прысуд Лістападу.
Адбыўшы пакаранне, Ю.Лістапад вярнуўся ў Беларусь, але тут у 1934 годзе зноў быў асуджаны, а неўзабаве (у зняволенні) — яшчэ раз, і ўрэшце расстраляны ў 1938 годзе ў БАМлагу. У 1943 годзе савецкія партызаны забілі Нічыпара Мяцельскага. Мікола Казак загінуў у 1945 годзе, пасля вайны, пры нявысветленых абставінах. Рыгор Казак выехаў у эміграцыю. Лёс астатніх невядомы.
120. За што змагаліся ваяры «Зялёнага Дуба»?
У 20-30-х гадах у Беларусі актыўна дзейнічала баявая палітычная арганізацыя «Зялёны Дуб». Беларуская сялянская партыя «Зялёнага Дуба» (менавіта гэтакі яе поўны назоў) прыцягнула да сябе шмат розных людзей — як актыўных удзельнікаў, так і проста сімпатыкаў — сваім перакананым антыкамунізмам. «Зялёнадубцы» лічылі ўладу бальшавіцкіх камісараў з'явай выпадковай і варожай самой сутнасці беларуса. Пад штандарамі «Зялёнага Дуба» ваявалі ў асноўным сяляне, якіх Першая сусветная вайна ператварыла баявых афіцэраў і жаўнераў і якія ва ўмовах агульнага паслякастрычніцкага хаосу шукалі паратунку ў роднай Беларусі. Галоўная мэта гэтай арганізацыі — незалежнасць і адзінства Бацькаўшчыны. Для яе дасягнення, згодна з патрабаваннем Статута партыі, трэба было «весці бесперапынную барацьбу з бальшавікамі». Дзяржаўны лад, паводле Праграмы, вызначаўся Ўстаноўчым соймам.
Дзеля ўзмацнення незалежніцкіх дзяржаўных імкненняў беларускага насельніцтва Праграма «Зялёнага Дуба» прадугледжвала шпаркую беларусізацыю школаў, дзяржаўных і культурных установаў.
«Зялёны Дуб» пачаў дзейнічаць улетку 1919 года. Пра гэта стала шырока вядома, калі газеты «Звон» і «Беларусь» надрукавалі «Дзённік арміі Зялёнага Дуба», складзены яго атаманам Дзяргачом (сапраўднае імя — Вячаслаў Адамовіч-малодшы). Увосень 1920 года арганізацыя аформілася канчаткова, быў створаны Галоўны штаб партызанскіх аддзелаў, які ўзначаліў палкоўнік Уладзімір Ксяневіч (партыйная мянушка Грач).
У склад штаба ўвайшлі ў асноўным прадстаўнікі інтэлігенцыі. Абавязкі першага ад'ютанта выконваў студэнт з Менска Мікалай Крывашэін (Корч), другога ад'ютанта і сакратара — семінарыст Іван Пешка (Густалес). Ідэолагам і тэарэтыкам арганізацыі быў вядомы дзяяч нашага Адраджэння Антон Лявіцкі (літаратурны псеўданім Ядвігін Ш.). Пытаннямі забеспячэння зялёнадубскіх аддзелаў займаўся палкоўнік Уладзімір Жукоўскі, былы балахоўскі афіцэр, а перад тым — настаўнік.