3-за таго, што, баючыся страціць уладу, цар Іван Жахлівы пазабіваў амаль усіх сваіх бліжэйшых сваякоў (нават старэйшага сына царэвіча Івана), пасля смерці Івана IV у 1584 г. засталіся толькі двое яго сыноў - Фёдар і маленькі Дзмітрый. Царом маскоўскім стаў Фёдар (1557-1598), у якога сыноў не было і які быў абмежаваным чалавекам. За яго царствам кіраваў брат жонкі Фёдара, баярын Барыс Гадуноў. У 1591 г. пры нявысветленых абставінах быў забіты 7-гадовы царэвіч Дзмітрый, і спадкаемцаў у цара не засталося. Таму пасля смерці цара Фёдара Іванавіча у 1598 г. наступіў дынастычны крызіс. У Расіі не засталося мужчынскіх нашчадкаў маскоўскага вялікага князя Івана I Каліты (XIV ст.). Барыс Гадуноў умела арганізаваў сваё абранне царом Маскоўскім і Усяе Русі.
Аднак супраць яго выступіла маскоўская баярская апазіцыя, бо лічыла яго не баярскім, а дваранскім царом, і не магла дараваць яго дзейнасць у апрычніне. Гадуноў адказаў на гэта новымі рэпрэсіямі. Маскоўскія баяры падрыхтавалі планы звяржэння ненавіснага цара, палітыка якога сустракала таксама супраціў гараджанаў і сялянаў. Адзін з планаў маскоўскага баярства палягаў на тым, каб аб’яднаць Маскоўскае царства з Рэччу Паспалітай шляхам ўваходу дзяржавы ў склад Рэчы Паспалітай як чальца федэрацыі. Гэты план аб’яднання дзяржаваў прывёз на перамовы ў Маскву ў 1600 г. на чале пасольства канцлер вялікі літоўскі Леў Іванавіч Сапега, і маскоўскім баярам ён спадабаўся. Паводле гэтага праекта дзяржаўнай уніі, маскоўскія баяры і дваране маглі пераязджаць у Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу і набываць там маёнткі. Можна было свабодна жаніцца з мясцовымі жанчынамі і дзяўчынамі з правам уласнасці на землі жонак. Маскоўскім баярствам (а не толькі панамі, як пішуць савецкія і паслясавецкія гісторыкі) быў падрыхтаваны свой кандыдат у цары, які ўвайшоў у гісторыю як Ілжэдзмітрый (каля 1581-1606), які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, які быццам бы пазбег смерці ва Углічы (дзе быў забіты царэвіч Дзмітрый).
Асоба Ілжэдзмітрыя I не высветлена. кнуе версія, што ён - збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Па іншай версіі - сапраўды сын Івана Грознага, але няшлюбны (таму і трымаўся ўпэўнена, як царскі сын). Ілжэдзмітрыя I падтрымлівалі баяры Раманавы, Чаркаскія і інш., і нават патрыярх. Паводле іншых звестак яго падтрымліваў Леў Сапега.
Каб захаваць свайго кандыдата на царскі пасад маскоўскага цара, баярская апазіцыя перакінула яго ў Рэч Паспалітую, між іншым у Брагін, дзе ў 1603 г. яго падтрымаў уладальнік горада праваслаўны князь Адам Вішнявецкі. У 1604 г. з дапамогай караля польскага (і вялікага князя літоўскага) Жыгімонта Вазы і некаторых магнатаў з набраным войскам з беларускай, украінскай і польскай шляхты, рускіх дваранаў, казакоў і ўдзельнікаў сялянскіх паўстанняў Iлжэдзмітрый I авалодаў паўднёвай і паўднёва-заходняй часткай Маскоўскай дзяржавы, заняў Маскву і ў ліпені 1605 г. быў каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Ён адмовіў Рэчы Паспалітай у яе прэтэнзіях на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за патрымку яго выступлення. Баярам Ілжэдзмітрый I стаў непатрэбны пасля таго, як была скінута і ліквідавана дынастыя Гадуновых. Таму ў маі 1606 г. ён быў забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з князем В. I. Шуйскім падчас народнага паўстання ў Маскве, падрыхтаванага гэтымі баярамі. Царом быў абвешчаны Васіль Іванавіч Шуйскі. Новы цар даў крыжацалавальную грамату, якой гарантаваў баярству захаванне ўсіх яго прывілеяў.
Шырокія масы сялян і гараджан, частка дваранства выступілі супраць новага цара і яго палітыкі закабалення сялян і халопаў. Улетку 1606 г. у раёне Пуціўля пачалося паўстанне, асноўнай сілай якога былі халопы і сяляне, і ў якім удзельнічалі гараджане, стральцы, казакі, дваране. Кіраваў паўстаннем Іван Балотнікаў, які заклікаў да звяржэння цара Васіля Шуйскага і аднаўлення ўлады цара Дзмітрыя. Армія Балотнікава дайшла да Масквы, але ўзяць яе не здолела. У кастрычніку 1607 г. войскі цара Васіля Шуйскага ўзялі Тулу, дзе абараняліся галоўныя сілы Балотнікава. Кіраўнікі паўстання былі забітыя, як і шмат паўстанцаў. Астатнія разышліся асобнымі казацкімі атрадамі па Расіі, рабуючы насельніцтва.
Іван Балотнікаў абвяшчаў сябе ваяводам цара Дзмітрыя. А хутка з’явіўся і сам цар, які выдаваў сябе за Ілжэдзмітрыя (цара Дзмітрыя). Гэта быў ужо стаўленнік не маскоўскага баярства, а Рэчы Паспалітай і расійскіх дваранскіх і казацкіх колаў Расіі. Асоба яго таксама не высветлена. Магчыма, ён быў набліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве. Паводле іншых звестак - настаўнікам у Шклове. Улетку 1607 г. Ілжэдзмітрый II з’явіўся ў Старадубе. 3 атрадамі шляхты і данскіх казакоў зімой 1608 г. прыйшоў у Арол, улетку 1608 г. падышоў да Масквы, заняў сяло Тушына (адсюль мянушка “Тушынскі злодзей”), дзе сфармаваў урад з баяраў і дваранаў-перабежчыкаў. Мітрапаліта Растоўскага Філарэта (бацьку Міхаіла Раманава) ён прызначыў Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі. У Расіі стала два цары, дзве баярскія думы і два патрыярхі - у Маскве і ў Тушыне. Ва ўрад у Тушыне ўвайшлі рускія баяры - Раманавы і іх сваякі князі Чаркаскія, Трубяцкія і Сіцкія. Але Тушынскі лагер фактычна ўзначальвалі беларускія і ўкраінскія военачальнікі Ян Пётр Сапега (сваяк Льва Сапегі), М. Ражынскі, А. Лісоўскі. Да восені 1608 г. Ілжэдзмітрый II кантраляваў раёны на поўнач, усход і паўночны захад ад Масквы. У Маскоўскай дзяржаве было няўстойлівае становішча (як тады называлі “Смута”).