Паражэнне расійскага войска было настолькі ганебным, што ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Быў створаны баярскі ўрад (“сямібаяршчына”) на чале з князем Ф. М. Мсціслаўскім (унукам апошняга мсціслаўскага ўдзельнага князя).
Карыстаючыся паражэннем царскага войска пад Клушынам, Ілжэдзмітрый II зноў падышоў да Масквы. 3 другога боку да Масквы набліжаўся гетман С. Жулкеўскі, на бок якога пераходзілі царскія войскі і гарады. У самой Расіі гарады прысягалі на вернасць Сямібаяршчыне ў Маскве. Частка баяраў і дваранаў ехала ў польскі лагер пад Смаленск да караля Жыгімонта, каб служыць будучаму цару Уладзіславу. Жыгімонт ужо раздаваў маёнткі ад імя сына рускім баярам і дваранам, то было для чаго ехаць туды. Такім чынам, у Расіі тады мелася некалькі ўрадаў.
Маскоўскія баяры вельмі баяліся Ілжэдзмітрыя II, які абяцаў (і рабіў гэта на справе) пераразмеркаванне зямельнай маёмасці. Таму кандыдатура гэтага цара была для іх непрымальнай. Найбольш адпавядаў ім Уладзіслаў Жыгімонтавіч (як яго называлі ўжо ў Маскве). Здавалася, што пры ім будзе наведзены парадак і гарантаваныя правы на баярскую і дваранскую маёмасць. Ён таксама мусіў разагнаць шматлікія банды расійскіх казакоў, польскіх і беларускіх авантурыстаў, якія, карыстаючыся анархіяй, рабавалі насельніцтва.
Улетку 1610 г. Масква зноў апынулася ў блакадзе: у Каломенскім стаяў Ілжэдзмітрый II, у Мажайску - гетман С. Жулкеўскі. У канцы ліпеня Жулкеўскі ўжо падышоў да Масквы. Князю Ф. Мсціслаўскаму і іншым баярам С. Жулкеўскі прапанаваў ад імя караля ўсе тыя вольнасці, што мелі магнаты і шляхта ў Рэчы Паспалітай - без канфіскацый маёнткаў і смяротных пакаранняў без суда. Баяры з радасцю прынялі умовы.
Перамовы маскоўскіх баяраў з С. Жулкеўскім скончыліся дамовай, заключанай 17 жніўня 1610 года (паводле старога стылю). Уладзіслаў Жыгімонтавіч абвяшчаўся маскоўскім царом, а баяры і ўсе жыхары Масквы ўрачыста прынялі прысягу новаму цару Уладзіславу ў адмысловых шатрах і ва Успенскім саборы. Па гарадах Расіі былі разасланыя граматы з наказам прысягаць Уладзіславу. Частка гарадоў прыняла прысягу каралевічу, а частка падтрымала Iлжэдзмітрыя II. Каралевічу была адаслана “крыжацалавальная грамата” з подпісамі баяраў і верхавіны гараджан.
Каб забяспечыць сябе ад Ілжэдзмітрыя II, баяры запрасілі войска С. Жулкеўскага ў Маскву, куды яно і ўвайшло ў верасні 1610 г. Разам з гэтым войскам у Маскву ўвайшлі і расійскія войскі, што падтрымлівалі новага цара Уладзіслава, былыя тушынцы на чале з Міхаілам Салтыковым, князем Васілём Масальскім, Міхаілам Малчанавым і іншымі.
Прыбыццё польска-беларускага войска і расійскага гарнізона вымусіла Ілжэдзмітрыя II адступіць у Калугу.
ПРАЦЯГ ВАЙНЫ
Заняцце Масквы польска-беларускім войскам рэзка змяніла сітуацыю ў Расіі. Змянілася і палітыка караля Жыгімонта. Ён цяпер ўсё больш схіляўся да дзяржаўнай уніі з Расіяй, г. зн. уключэння ў Федэрацыю Польшчы і Беларуска- Літоўскай дзяржавы яшчэ і Расіі, зразумела, на чале з самім Жыгімонтам. Так кароль з-за сваіх асабістых амбіцый пахаваў баярскі праект заняцця маскоўскага царскага пасада Уладзіславам з устанаўленнем больш ліберальнага, у параўнанні з парадкамі Івана Жахлівага, ладу кіравання.
У снежні 1610 г. адпала і кандыдатура Ілжэдзмітрыя II. Ён быў забіты ля Калугі служылымі татарамі за тое, што загадаў забіць татарскага касімаўскага цара (удзельнае ханства на ўсход ад Разані). Цяпер былых тушынцаў яднала кандыдатура маленькага сына Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак - цара Івана Дзмітрыевіча.
Яшчэ да ўвядзення ў Маскву войска С. Жулкеўскага польскі гетман арганізаваў пасольства ад маскоўскіх баяраў пад Смаленск да караля. Па настойванні С.Жулкеўскага маскоўскае пасольства ўзначалілі самыя ўплывовыя дзеячы князь В. В. Галіцын (які сам мог быць прэтэндэнтам у цары) і былы тушынскі патрыярх, а цяпер зноў мітрапаліт Філарэт (у міры Фёдар Раманаў). У склад пасольства былі ўключаны 1200 чалавек (амаль уся палітычная эліта Масквы і Расіі). Пасля ад’езда пасольства ад’ехаў і сам С. Жулкеўскі, пакінуўшы ў Маскве кіраўніком гарнізона (а фактычна гаспадаром) Аляксандра Гасеўскага. Ад’язджаючы з Масквы, Жулкеўскі ўзяў з сабою былога цара Васіля Шуйскага з двума яго братамі (усе яны памерлі ў польскім палоне).
Перагаворы пад Смаленскам паказалі, што Жыгімонт сам хоча сесці царом у Маскве, а таму не адпускае ў Маскву сына. Перамовы скончыліся нічым, і ўсіх паслоў адправілі ў Польшчу як палонных.
Урэшце 3 (13) чэрвеня 1611 г. польска-беларускае войска разам з украінскімі казакамі ўзяло Смаленск. У Маскву былі накіраваныя некаторыя расійскія дзеячы, якія атрымалі ад Жыгімонта маёнткі, і пачалі агітаваць за Жыгімонта. З іх быў створаны расійскі ўрад, што замяніў семібаяршчыну, але фактычна кіравалі Гасеўскі з Салтыковым. Урад падтрымліваў баяраў, але парушаў эканамічныя інтарэсы дваранаў і сялянаў. Гэта выклікала супраціўленне ў значнай колькасці расіян.