Раптам ён апынуўся на пругкiм дзiрване, быў летнi вечар. Косыя промнi сонца залацiлi зямлю. Краявiд гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, цi не бачыў ён яго ў рэальным жыццi. Ён зваў яго Залатой Краiнай. Гэта быў стары трусiны выган, сям-там паточаны кратавiннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзiчэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдалiся пад цёплым ветрыкам галiнкi вязу, i лiсце калыхалася густымi хвалямi, нiбы валасы жанчыны. Недзе зусiм блiзка павольна цякла нябачная ручаiнка, у якой пад нiцымi вербамi мiтусiлiся маленькiя рыбкi.
Чорнавалосая дзяўчына iшла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне i рашуча адкiнула яго ўбок. Цела яе было белае i гладкае, аднак яно не абуджала ў iм нiякага жадання, ён нават не надта ўважлiва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якiм яна адкiнула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць i бестурботнасць здольныя знiшчыць цэлую цывiлiзацыю, цэлую сiстэму iдэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукi могуць знiкнуць назаўсёды i Вялiкi Брат, i Партыя, i Палiцыя Думак. Гэты ўзмах рукi таксама быў са старых часоў. Ўiнстан прачнуўся са словам "Шэкспiр" на вуснах.
З тэлегляда чуўся пранiзлiвы свiст, бесперапынны аднастайны сiгнал, што цягнуўся трыццаць секунд. Было нуль сем пятнаццаць - час пад'ёму службоўцаў. Ўiнстан саскочыў з ложка - голы, бо сябра Знешняй Партыi атрымлiваў на год толькi тры тысячы талонаў на адзенне, а пiжама каштавала шэсцьсот - i схапiў з крэсла зашмальцаваную майку i трусы. Праз тры хвiлiны пачыналася Ранiшняя гiмнастыка. Але раптам ён зайшоўся моцным кашлем, якi амаль заўсёды нападаў на яго, адно ён прачынаўся. Кашаль спустошыў лёгкiя, i ён мусiў ляжаць пластом на спiне i прагна хапаць ротам паветра. Ад напружання напухлi жылы i засвярбела язва на назе.
- Група ад трыццацi да сарака! - пранiзлiва вiшчаў жаночы голас. - Група ад трыццацi да сарака! Калi ласка, заняць месцы! Ад трыццацi да сарака!
Ўiнстан стаў па стойцы "смiрна" перад тэлеглядам, у якiм ужо паказалася жанчына-трэнерка, яшчэ не старая, худая i жылiстая, у трыко i спартовых чаравiках.
- Рукi сагнуць i разагнуць! - камандавала яна. - Разам са мной. Раз, два, тры, чатыры! Раз, два, тры, чатыры! Ну, таварышы, жывей, жывей! Раз, два, тры, чатыры!..
Пакутлiвы прыступ кашлю не выцеснiў да канца Ўiнстанавы ўражаннi ад сну, а рытмiчныя рухi гiмнастыкi нават яшчэ болей iх асвяжылi. Пакуль ён машынальна кiдаў рукi ўперад i ўзад i рабiў пры гэтым задаволены твар - як лiчылася патрэбным пад час Ранiшняй гiмнастыкi, - ён напружана спрабаваў аднавiць у памяцi цьмяныя часы свайго маленства. Гэта было надзвычай цяжка. Усё, што адбылося да канца 50-х гадоў, сцерлася з памяцi. Без нейкiх знешнiх пунктаў адлiку, за якiя можна было б учапiцца, нават уласная бiяграфiя трацiла выразныя абрысы. Прыгадвалiся больш цi менш вялiкiя падзеi, якiя, цалкам верагодна, зусiм не адбывалiся, прыгадвалiся падрабязнасцi нейкiх здарэнняў, аднак iх атмасферу ўжо немагчыма было аднавiць, а пасля цягнулiся беззмястоўныя адцiнкi часу, ад якiх увогуле нiчога ў памяцi не засталося. Тады ўсё было iнакшае. Нават назвы краiн i iхнiя абрысы на картах. Узлётна-пасадачная паласа No.1, напрыклад, не насiла тады гэтага назову, а звалася Ангельшчынай або Вялiкабрытанiяй. Аднак Лондан, ён быў упэўнены, заўсёды называўся Лонданам.
Ўiнстан не мог з пэўнасцю прыгадаць час, калi б яго краiна не ваявала, але, з другога боку, у часы ягонага дзяцiнства мусiў быць даволi працяглы мiрны перыяд, бо адным з першых яго ўспамiнаў быў паветраны напад, якi, як здавалася, быў для ўсiх нечаканасцю. Можа, гэта было якраз тады, калi ўпала атамная бомба на Колчэстэр. Ён ужо не памятаў самога паветранага нападу, але прыгадваў, як моцна сцiскала бацькава рука ягоную, калi яны палахлiва беглi ўнiз, усё глыбей i глыбей, глыбока пад зямлю, спускаючыся па спiральных сходах, што рэхам адгукалiся пад нагамi, i ўрэшце яго ногi так стамiлiся, што ён пачаў енчыць, i яны прысталi, каб трошкi адпачыць. Мацi, як заўсёды павольная i задуменная, бегла даволi далёка ззаду. Яна несла сястрычку або, можа, толькi скрутак коўдраў - ён не памятаў, цi была ўжо тады сястрычка. Урэшце яны дабралiся да перапоўненага людзьмi памяшкання, у якiм ён пазнаў станцыю падземкi.
На выкладзенай плiткаю падлозе паўсюль скурчыўшыся сядзелi людзi, iншыя сядзелi, цесна скупiўшыся, на лавах каля сцен. Ўiнстан, мацi i бацька знайшлi месца на падлозе, побач з iмi на лаве сядзелi, шчыльна прытулiўшыся адно да аднаго, стары i старая. Стары быў апрануты ў добры цёмны гарнiтур, з-пад чорнага брыля тырчалi сiвыя валасы. Ягоны твар быў пунсовы, блакiтныя вочы поўныя слёз. Ад яго моцна пахла джынам, здавалася, што яго скура выдзяляла джын замест поту, i можна было падумаць, што нават слёзы, што кацiлiся з яго вачэй, былi чыстым джынам. Але нягледзячы на ап'янеласць, ён пакутаваў ад нейкага гора, сапраўднага i нясцерпнага. Сваiм дзiцячым розумам Ўiнстан адчуваў, што толькi што здарылася нешта жахлiвае, нешта недаравальнае, назаўжды непапраўнае. Яму нават здавалася, быццам ён ведае, што здарылася. Загiнуў нехта, каго гэты стары вельмi любiў, можа, яго маленькая ўнучка. Штохвiлiны стары ўзрушана казаў:
- Не трэба было iм верыць. Я ж заўсёды казаў, цi ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы iм верылi. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднiкам.
Але якiм нягоднiкам не трэба было верыць, пра гэта Ўiнстан цяпер ужо не мог прыгадаць.
I якраз з таго часу вайна лiтаральна зрабiлася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калi ён быў малы, у самiм Лондане некалькi месяцаў iшлi зацятыя вулiчныя баi, пра некаторыя з iх ён яшчэ вельмi добра памятаў. Але дакладна прасачыць цяг гiстарычных падзей i сказаць, хто тады з кiм ваяваў, зрабiлася цалкам немагчыма, бо нiякiя пiсьмовыя дакументы, нiякая вусная традыцыя нiколi не згадвалi iншага стану рэчаў, чым той, што iснаваў цяпер. Так, напрыклад, у гэты момант, у 1984 годзе (калi цяпер i праўда быў 1984 год), Акiянiя была ў стане вайны з Эўразiяй i ў альянсе з Усходазiяй. Нi ў адным публiчным або прыватным паведамленнi нiколi не дапускалася, каб гэтыя тры дзяржавы былi калi-небудзь у нейкiх iншых адносiнах адна да аднае. У сапраўднасцi ж, i Ўiнстан добра гэта ведаў, усяго толькi чатыры гады таму Акiянiя ваявала з Усходазiяй i мела Эўразiю за саюзнiка. Але гэта быў толькi проблiск гiстарычнага ведання, якi быў магчымы толькi таму, што яго памяць не была як след кантраляваная. Афiцыйна ж нiякiх змен у камбiнацыi партнёраў i ворагаў нiколi не адбывалася. Акiянiя вяла вайну з Эўразiяй - значыць, Акiянiя ваявала з Эўразiяй заўсёды i ва ўсе часы. Цяперашнi вораг заўсёды быў увасабленнем зла, i з гэтага вынiкала, што ўсялякае пагадненне з iм у мiнулым або ў будучым было немагчымае.
Страшнейшым за ўсё было тое - дзесяцiтысячны раз адзначаў сабе Ўiнстан, балюча напружваючы плечы (яны рабiлi цяпер нахiлы тулавам - практыкаванне, што ўмацоўвае мышцы спiны), - страшнейшым за ўсё было тое, што ўсё гэта магло быць праўдай. Калi ўжо Партыя магла гэтак умешвацца ў мiнулае i сцвярджаць пра тую або iншую падзею, што яна нiколi не адбывалася, - цi не было гэта страшнейшым за катаваннi i смерць?
Партыя казала, што Акiянiя нiколi не была саюзнiкам Эўразii. Ён, Ўiнстан Смiт, ведаў, што Акiянiя не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразiяй. Але дзе iснавала гэтае веданне? Толькi ў яго свядомасцi, якая ў хуткiм часе непазбежна расцярушыцца на пыл. I калi ўсе iншыя верылi ў ману, якую навязвала Партыя, калi ўсе пiсьмовыя запiсы падзей гучалi аднолькава, тады мана ўваходзiла ў гiсторыю i рабiлася праўдай. "Хто кантралюе мiнуўшчыну - той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер - той кантралюе мiнуўшчыну", гучаў партыйны лозунг. I ўсё ж мiнуўшчына, якой бы зменлiвай ад прыроды яна нi была, нiколi не мянялася. Сённяшняя iсцiна была iсцiнай спрадвеку i назаўсёды. Гэта было вельмi проста. Патрэбная была толькi няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася "кантроль рэчаiснасцi", або на навамоўi "двухдумства".