Што адбывалася ў нябачным лабiрынце, куды збягалiся ўсе трубкi пнеўматычнай пошты, ён ведаў толькi ў агульных рысах. Калi ўсе папраўкi, неабходныя для аднаго нумару "Таймз", збiралiся i крытычна параўноўвалiся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знiшчалiся, а iх месца на архiўных палiцах займалi новыя, выпраўленыя выданнi. Гэты няспынны працэс пераробкi ахоплiваў не толькi газеты, але i кнiгi, часопiсы, брашуры, плакаты, улёткi, фiльмы, магнiтазапiсы, мультфiльмы, фотаздымкi - усе вiды лiтаратуры цi дакументацыi, якiя маглi мець хоць якое палiтычнае цi iдэалагiчнае значэнне. Мiнулае асучаснiвалася штодзённа, нават штохвiлiнна. Гэткiм чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакiдалася нiякiх пiсьмова зафiксаваных паведамленняў i выказванняў, якiя б супярэчылi iнтарэсам бягучага моманту. Уся гiсторыя была палiмпсестам, з якога саскрэбвалi старыя пiсьмёны i пiсалi новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявiць фальшаванне. Самая вялiкая секцыя аддзела дакументацыi, значна большая за тую, дзе працаваў Ўiнстан, складалася з людзей, задачай якiх было вышукваць i збiраць усе асобнiкi кнiг, газет i iншых дакументаў, што сталi несапраўднымi i падлягалi знiшчэнню. Такiм чынам, адзiн нумар "Таймз" з прычыны змены палiтычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялiкага Брата быў ужо, магчыма, тузiн разоў перапiсаны, аднак усё яшчэ стаяў у архiве пад першапачатковай датай, i нiдзе не iснавала супярэчнага яму асобнiка. Кнiгi таксама канфiскоўвалi, хутка перапiсвалi i выдавалi зноў без найменшай спасылкi на змены ў тэксце. Нават у пiсьмовых iнструкцыях, якiя Ўiнстан атрымлiваў i, выканаўшы, заўсёды адразу знiшчаў, не ўпамiналася нi слова пра тое, што трэба было зрабiць фальшаванне: гаворка заўсёды iшла пра недагляд, памылкi цi неправераныя цытаты, якiя дзеля дакладнасцi трэба было прывесцi да ладу.
I сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лiчбы Мiнiстэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзiцу замянялi на другую. Матэрыял, якi трэба было перарабiць, у большасцi выпадкаў не меў нiчога агульнага з рэчаiснасцю. Лiчбы ў першапачатковым варыянце былi гэткiм жа прадуктам фантазii, як i выпраўленнi. Часцей за ўсё iх проста выдумлялi. Напрыклад, Мiнiстэрства Дастатку ў сваiх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мiльёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мiльёны. Перапiсваючы прагнозы, Ўiнстан, аднак, зменшыў лiчбу да 57 мiльёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мiльёны былi не блiжэй да рэчаiснасцi, чым 57 або 145 мiльёнаў. Вельмi верагодна, што ўвогуле не было выпушчана нiводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што нiхто не ведаў, колькi ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нiкога не цiкавiла. Вядома было толькi, што на паперы за квартал выпушчана астранамiчная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельнiцтва Акiянii хадзiла босая. I гэтак было з кожным дакументальна зафiксаваным фактам, незалежна ад яго важнасцi. Усё расплывалася ў нейкiм свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталi няпэўнымi.
Ўiнстан кiнуў позiрк праз залу. У гэткай самай нiшы-кабiнеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькi педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мiкрафонам мовапiса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусiла застацца таямнiцай памiж iм i тэлеглядам. Ён падняў вочы, i яго акуляры варожа блiснулi.
Ўiнстан мала ведаў Тылатсана i не меў нiякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзi ў аддзеле дакументацыi не любiлi гаварыць пра сваю працу. У вялiкай зале без вокнаў з двума радамi нiшаў, з заўсёдным шамаценнем паперы i цiхiм гоманам галасоў, што дыктавалi на мовапiсы, было з дзесятак людзей, якiх Ўiнстан не ведаў нават па iмёнах, хоць i бачыў iх штодня, калi яны паспешлiва снавалi сюды-туды па калiдоры або махалi рукамi пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Ён ведаў, што ў суседняй нiшы маленькая жанчына з пясочнымi валасамi дзень пры днi корпалася ў прэсе, вышукваючы i выкрэслiваючы iмёны людзей, што былi выпараныя, i гэткiм чынам выходзiла, нiбыта яны нiколi не iснавалi. I чамусьцi не здавалася недарэчным, што ўсяго толькi пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нiшаў ад Ўiнстана сядзеў рахманы, няўдачлiвы, летуценны чалавек, якога звалi Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы i нязвыклы талент штукарыць з рыфмамi i строфамi i таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў гэтак званых канчатковых тэкстаў - вершаў, якiя зрабiлiся iдэалагiчна шкоднымi, але з той цi iншай прычыны пакiдалiся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцiдзесяцi чалавек, была толькi падсекцыяй, асобнай камерай у велiзарным корпусе аддзела дакументацыi. Побач, зверху i знiзу ад iх працавалi iншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялiстаў. Там былi гiганцкiя друкарнi з рэдактарамi i друкарамi, былi адмыслова абсталяваныя студыi, у якiх падраблялiся фотаздымкi. Там была секцыя тэлепраграм са сваiмi тэхнiкамi, аператарамi i групамi актораў, якiх адмыслова набiралi з улiкам iх iмiтатарскiх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бiблiятэкараў, якiя займалiся толькi тым, што складалi спiсы кнiг i часопiсаў, што падлягалi канфiскацыi. Там былi вялiзныя печы, дзе знiшчалi першапачатковыя выданнi. I недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, якi ўсё выпраўляў i вызначаў галоўную палiтычную лiнiю, згодна з якою той фрагмент мiнулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкi ўвогуле пераставаў iснаваць.
I разам з тым аддзел дакументацыi быў толькi адным асобным адгалiнаваннем Мiнiстэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапiсваць мiнулае, а каб забяспечваць грамадзян Акiянii газетамi, фiльмамi, падручнiкамi, тэлепраграмамi, тэатральнымi п'есамi, раманамi, карацей кажучы, усiмi магчымымi вiдамi iнфармацыi, навучання i забаў, ад помнiкаў да лозунгаў, ад лiрычных вершаў да бiялагiчных трактатаў, ад дзiцячых лемантароў да слоўнiкаў навамоўя. I Мiнiстэрства мусiла задавальняць не толькi разнастайныя патрэбы Партыi, але i паўтараць увесь вытворчы працэс на нiжэйшым узроўнi для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якiя адмыслова займалiся пралетарскай лiтаратурай, музыкай, тэатрам i забавамi. Тут фабрыкавалi бульварныя газеткi, у якiх пiсалася толькi пра спорт, злачынствы i гараскопы, танна-задзiрлiвыя 5-цэнтавыя нiзкапробныя выданнi, поўныя сексу фiльмы i сентыментальныя песнi, што складалi цалкам механiчна, з дапамогай адмысловага калейдаскопа, гэтак званага версiфiкатара. Была нават цэлая падсекцыя - Порнасек на навамоўi - што фабрыкавала найбруднейшую парнаграфiю, якую пасля рассылалi ў запячатаных пакетах i якую не меў права бачыць нiводзiн сябра Партыi, апрача тых, хто займаўся яе вырабам.
Пакуль Ўiнстан працаваў, з трубкi пнеўматычнай пошты выпала яшчэ тры паведамленнi. Гаворка iшла аб простых рэчах, i ён паспеў скончыць з iмi да пачатку Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Калi Нянавiсць скончылася, ён вярнуўся ў сваю нiшу, узяў з палiцы слоўнiк навамоўя, адсунуў убок мовапiс, працёр акуляры i ўзяўся за галоўную справу сённяшняй ранiцы.
Найвялiкшай Ўiнстанавай радасцю ў жыццi была яго праца. Хоць у большасцi выпадкаў яму даводзiлася сутыкацца з нуднымi штодзённымi справамi, усё ж сярод iх траплялiся такiя цяжкiя i мудрагелiстыя заданнi, што можна было патануць у iх, як у глыбiнях якой-небудзь складанай матэматычнай праблемы, - адмысловыя фальшаваннi, рабiць якiя можна было толькi добра разумеючы прынцыпы Ангсоцу i патрабаваннi Партыi. Ўiнстан меў талент на гэткiя справы. Час ад часу яму нават даручалi выпраўляць перадавiцы "Таймз", якiя былi цалкам напiсаныя навамоўем. Ён разгарнуў паведамленне, якое ранiцай адклаў убок. Там было напiсана:
таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюнядобра называе нечалавекаў усё перапiсаць угору перадархiў
На старамоўе гэта можна было перакласцi так:
Паведамленне пра Загад дня Вялiкага Брата ў Таймз ад 3 снежня 1983 года вельмi незадавальняючае i згадвае неiснуючых асоб. Перапiшыце яго цалкам i накiруйце ваш папярэднi варыянт у вышэйшыя iнстанцыi, перш чым здаць у архiў.