Радзіўся я, 25 ліпеня (дзень св. Якуба) 1840 года. Прынялі мяне з жалем і абразай: быў я калекі. Думалі, што або зара памру, як брат майго бацькі, каторы меў гэтае самае калецтва, або буду ідыётам, як Генрык Быкоўскі з Русаковіч, таксама трывусны. Тым часам я гадаваўся, і пастанавілі аддаць мяне ў гімназію ў Слуцак. Але і мне самому не хацелася і бацькам маім таксама не хацелася аддаваць калекага хлопца на кпінкі і здзекі равеснікаў; трэба было зрабіць спярша аперацыю, каторай тагачасныя дактары на Беларусі неяк баяліся. Слылі тады як аператары: Пірагоў, Кажанеўскі і Караваеў. Гэты апошні быў прафесарам Кіеўскага універсітэта, а да Кіева было і найбліжэй і найлягчэй дабрацца. Пачалі выбірацца ў Кіеў да Караваева, а ў гэтым часе разышлася чутка, што царыца, жонка Мікалая I, занядужыла на вочы, што маюць рабіць ёй аперацыю і што Караваева на вясну паклікалі ў Пецярбург. Дык едзем перад вясною, але ўжо коламі, па чарнігаўскіх растопах. Дарога ішла на Лоеў і Чарнігаў. Запрагалі ў адну карэту шэсцера каней, а пад фарысія1 — трое або чацвера, у каламажку, што ішла ззаду з нашай службай, запрэжана было пяцёра каней. Мы нідзе не загразлі, але бачылі карэты, цягнутыя некалькімі парамі валоў, і то на паштовым тракце (шосы яшчэ не было). На Дзесні, пад Чарнігавам разлітай на 10 вёрст, сарвалася бура, і паром наш занесла на нейкі бязлюдны груд2, дзе і прыйшлося нам начаваць. У Браварох уз'ехалі мы на шосу і пасля станулі над разлітым Дняпром. Мост тады яшчэ будаваўся: перабіраліся паромам.
Нестае ў мяне агня, каб апісаць мае тагочасныя дзіцячыя ўражанні, калі я ўбачыў Кіеў, а памятаю ўсё: і нейкага ваеннага старца, які раіў матцы маей,— думаючы, што яна сама едзе лячыцца,— не звяртацца да дактароў, але піць ваду з Днепра, бо святая; і аднаго з нашых фурманоў, вельмі харошага маладога русавалосага хлопца, каторы выказываў мне спачуццё, што мяне будуць «рэзаць»,— сягоння бы паказаў яго, каб ён быў гэткі малады і гожы, як перад 40 з гарой гадамі (было гэта ў 1852 г.). У канцы канцоў прыехалі на Ліпкі, там, дзе сягоння палац, а тады былі нейкія быццам «мінеральныя воды» і гасцініца. Доўга праглядалі нашы пашпарты, перш чым упусцілі нас у некалькі саўсім не элеганцкіх святлічак.
Назаўтра паехаў я з маім вучыцелем, п. Прыборам, да Караваева, каторы прыняў нас у універсітэце (затым прызнаеце мне, што я быў у Кіеўскім універсітэце!). Караваеў агледзіў мяне і аперацыю назначыў на другі дзень, у панядзелак. А панядзелак гэты прыпадаў у вялікім тыдні, 13 красавіка. Панядзелак і трынаццатае! Караваеў сказаў матцы, што хларафармаваць не будзе, «а хлопчык будзе крычаць». Я сказаў, што крычаць не буду. Здаецца, што Караваеў узяў за аперацыю 150 руб., Цэцурын — 50, а Кучэўскі — 25,— здаецца, што не болей. Надышоў панядзелак. А 10 гадзіне раніцай прыехаў Караваеў з Цэцурыным і студэнтам-медыкам п. Кучэўскім. Вынялі інструменты і зажадалі лаёвай свечкі, каб пацягнуць аб яе нажы. Я пачуў такое дакучлівае дрыжанне на ўсім целе, што выбег адліць ваду. Гэтага адразу ніхто не ўгледзіў, але скора агледзеліся, што мяне няма, і думалі, што я ўцёк, так што я, вяртаючыся, сустрэціў усіх аператараў, каторыя хацелі выходзіць. Вярнуў іх, сеў у крэсле з поручамі; мяне абвязалі сурвэткай, як да снедання. Аперацыя цягнулася 8 мінут. Ніхто мяне не трымаў, я сам рукі прыціскаў да поручаў крэсла. Мая матка сядзела ў суседнім пакоі і казала, што чула незвычайны шум у вушах і толькі пад канец пачула, як некалькі разоў нешта прыкра скрыгнула: мабыць, было гэта абрэзанне шпілек, удзетых у вусны. Як скончылася аперацыя, пачалі мяне хваліць за маю цярплівасць. Караваеў расказваў аб гэтым у клініцы. Прайшло пара дзён, і раптам уначы палілася з артэрыі кроў, падняўся перапалох. Мой вучыцель, п. Прыбора, павіпен быў ісці да доктара, але гэта даслоўна ісці, бо калі не памыляюся, то ў Кіеве было тады ўсяго панства — тры рамізу, а ў тых, што хадзілі ноччу, пыталіся пашпартоў, і хто не меў прыпадкам пры сабе пашпарту, садзілі ў халодную. Аб ліхтарнях на вуліцах яшчэ там ніхто не чуваў. Кроў лілася, а Прыбору не пускалі да Караваева, каторы жыў блізка каля універсітэту, здаецца, ў старане батанічнага саду. Па чатырох гадзінах кроў заматавалі. У два дні пазней, дужа рана, ізноў бухнула кроў; гэтым разам п. Прыбора знайшоў рэмізу, але Караваеў «уехал говеть». У каторую цэркву? — «Не могу знать». Аднак жа хутчэй, чым першы раз, прыбыла помач.
У Кіеве пазнаў я сваіх стрыечных дзвёх сясцёр, незвычайна гожых, падрастаючых ужо дзяўчынак, ды брата Яраслава, крыху старшага за мяне, і маленькага Багдана. Дзядзькі мае жылі ў Кіеве дзеля выхавання дзяцей; ім зайздросцілі, што маюць лёгкую дарогу ў Кіеў: калі перавазіліся туды, то дзядзька мой загадаў пабудаваць байдак3, на каторы паставілі 4 каней, гэтулькі сама кароў і ў прапорцыі рознай іншай гаспадаркі, з патрэбнай мерай корму, а ў каюты памясцілі паноў і слуг, ну і паплылі, як у каўчэзе Ноя (гэта тады называлася, што падарожжа нічога не каштуе!). Дом у Кіеве яны мелі свой, дужа блізка ад універсітэту, здаецца, што на Володзімерскай вуліцы. Праходзіць трэба было міма самаго універсітэту і ісці далей; было пара дамоў мураваных, пасля вялікі драўляны дом Оскеркаў, а побач гэткі ж, толькі крыху менш, дом майго дзядзькі з вялікім пустым пляцам, каторы злучаўся ужо з полем. Поле не было засеяна і выглядала, як нейкі гарадскі выган. Цешыліся, што жывуць быццам у вёсцы, а было гэта ад універсітэту, як ад камітэту да Бернадынскага касцёлу ў нашым Слуцку, не далей. У гасцініцы «Мінеральных вод» менш было шыку, чым цяпер у Лейбіхі ў Слуцку, толькі гасцініца прытыкала да царскага саду, у каторым дзіўныя алеі вялі на бераг Днепра. Відокі там так дзіўныя, што хоць пасля я бачыў свету, адначэ відокі Кіева і яго хараство назаўсёды асталіся ў мяне ў памяці. Першы раз бачыў я там тэатр. Быў ён на Падолі мураваны, брудны, цесны і цёмны. Ігралі дзве нейкія штукі: польскую і расійскую, здаецца, што ў абодвых было мардабойства, і памятаю, што ў расійскай былі нейкія брыдкія словы. Рух на Крашчаціку, сколькі памятаю, не быў большы, як у Слуцку на Мастовай4 вуліцы ў тарговы дзень. У царскім садзе публікі збіралася многа, пагода служыла, ды і вясна там пачынаецца раней, як у нас. Усе ведалі аба мне і звярталі ўвагу. Я быў героем дня, што дужа патурала маёй амбіцыі. Хоць у тэатры ігралі штукі па-польску, але на вуліцах мовы польскай, даслоўна, не чуў, і ў гэтым, як і ў многа чым іншым, знайшоў я вялікую перамену, будучы ў Кіеве ў 1878 годзе.