Людвік Міраслаўскі хоць тры разы быў дыктатарам: у Бадэні, у Неапалі і ў Пазнаншчыне, але грошы не збіраў. Жыў заўсёды скромна, зарабляючы лекцыямі, а па смерці пакінуў усяго 1700 франкаў; які-колечы пазнаншчык гэтулькі міліёнаў пэўне б, на яго месцы будучы, саббраў бы.
Міраслаўскі быў — гэта знача выказваў сябе — атэістам, але ў яго пакойчыку вісеў на сцяне абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Раз Фелікс Вратноўскі адведаў яго ў хваробе; прыціснуты болямі, пан Людвік голасна ўзываў ласкі Маці Божай. Калі мінуў прыступ боляў, Вратноўскі спытаў Міраслаўскага, што гэта мае значыць? Той выкруціўся жартамі, што ён заўсёды гатоў шукаць ласкі ў кожнай паненкі.
Міраслаўскі ў мутнай вадзе рыбы не лавіў, але затое заўсёды гатоў быў у муці сабраць жменьку гразі, каб кінуць у вочы сваім палітычным праціўнікам. Не гэткага крою павінны быць стаўпы народаў, уваскрасіцелі Бацькаўшчыны!
Зваліліся дзве навіны, як гром з яснага неба, аб дзвёх смерцях: п. п. Адам Перасвет Солтан і Марка Узлоўскі ўчора развіталіся са светам. Абодвы ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Варта аб іх пагаварыць. Пан Адам паходзіць са слаўнага роду Перасвет Салтанаў гербу Сыракомля. Адвечным гняздом гэтай галіны Салтаноў былі і ёсць маетнасць Горкі,— даўней у павеце Рэчыцкім, а цяпер Бабруйскім над ракой Арэсай. Адам радзіўся ў першай чвэрці XIX сталецця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літаратуры. Прабаваў пісаць вершы, але, сустрэўшыся з вострай крытыкай на свае польскія «трэны»28, перакінуўся да пісання сатыры ў беларускай мове, што, трэба прызнаць, яму ўдавалася рабіць даволі гладка, аднак жа з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім. Вышаўшы з гімназіі, здаецца, што саўсім закінуў свае літаратурныя спробы, прынамсі, ніколі не ўспамінаў аб іх. Ажаніўся дужа малады з Стэфаніей Баранцэвічанкай, асобай вялікага духу, дужа тактычнай і незвычайнага розуму. Нябожчык Адам бачыў высшасць духовую сваей жонкі і сам рад стушовываўся перад ёй, але і жонка мела той такт, уласцівы людзям выдат-ным, што ніколі свайго Адама не дапусціла да непрыстойнай ролі «мужа пад пантофлем». Жыццё іх плыло ціха і шчасліва. Ад малых дзён памятаю, што заўсёды гаворэна аб Адаме як аб дужа добрым, але крыху цяжкаватым чалавеку. Жыццё пана Адама можна прыраўняць да дня, ужо ж буднага, але каторы раніцай загарэўся чырвонай зоркай і да канца пагодна сышоў.
Солтан не меў ворагаў, не меў іх і Марка Узлоўскі — «пястун павету», Марачкам да смерці празывавы. Арыгінальны ў манерах, адкрытага сэрца, шырокай веды, незвычайна здольны і добры, гэты чалавек на сваю бяду няўдачна ажаніўся. Двох людзей толькі знаў я, абдарэных такой памяццю, якую меў пан Марка Узлоўскі: Владыслава Войзбона і князя Дзівеева.
Праглядаючы мае вершы, Франціш Багушэвіч зрабіў увагу, што ў мяне не ўсюды бываюць уласцівыя беларускай мове акцэнты. На гэта я яму адпісаў:
Гэта значыць: у Беларусі ёсць многа асобных дыялектаў-гутарак, і ў гаворцы між Магілева над Днеправым Мозырам і Гродняй бывае вялікая розніца не толькі ў акцэнтах, але ёсць і многа цікавых правінцыяналізмаў. От, напрыклад, некалькі нашых палеска-беларускіх правінцыяналізмаў,— ручаюся, што іх у віленска-гродзенскай беларускай мове або саўсім не ўжываюць, або ўжываюць рэдка. «Нашчадзь» — патомства, будучае пакаленне; «нішком» — ціхачом, пакрыёму, хаваючыся; «плён» — расток, малады белы карэньчык пры зярне і шмат іншых.