Увосені народ наш святкуе паганскае яшчэ свята Дзядоў. Хрысціянізм заўсёды шанаваў гэтае свята, каторае ўлівала народу веру ў бяссмерце душы. Вёскі, не зважаючы на непагадзь, пануючую ў гэтым часе, маюць святочны выгляд. Сцены ў гасподах вымыты да бела, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да вокан і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў. Мыслі кружацца і налятаюць, як чалавек аб гэтым падумае: можа гэтаксама на-лятаюць і кружацца наўкол духі дарагіх нашых нябожчыкаў? Dе Сhаtеаubriand42 заклінае цені каралёў французскіх, каб не падходзілі да занечышчанай магілы ў S-t Dеnіs і каб не заглядалі ў змарнаваную бацькаўшчыну. Загадвае каралю засягаць муравы вясковых магілак.
Сягнуўшы мыслю, сколькі ж гэта бачыцца сяліб сягоння апаганеных, сколькі ж гэта дзядоў не мае па што заглядаць у дамовыя вогнішчы?! Сколькі ж гэта дзядоў не пазнала б сваёй нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косці! Я, дзеля пашанавання сягонняшняга вечару дзядоў, выйшаў на мост, каб падумаць аб памёршай радзіне і прыяцелях. Я саўсім спакоен, нішто маіх думак не трывожыць. Няхай жа думкі мае будуць трызнай хаўтурнай дзедаўскай, маім антэнатам43.
Прыпамінаецца мне адно здарэнне з далёкай маей мінуўшчыны. Было гэта ў Францыі, з паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае lе vin сhaud44. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўны ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і то не пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер'ян Калінка, пазнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым вышло ўсё.