Выбрать главу
мы папрасілі прабачэння яны рассмяяліся і падаліся у бок меднай гары, прыхапіўшы з сабой нашы языкі
нам засталося адно : мы збіралі іх засохлых на сонцапёку і плялі кошыкі Akute - Агонь

а яшчэ пісаць і крэсліць пальцамі валасы каб павыдзіраць дарэшты і без таго слабыя мае а пасля за твае вазьмуся цяпер нашы чарапкі належаць да культуры штрыхаванай керамікі гаршчок збан гляк
la poesie est morte the poetry is dead die poesie ist tot паэзія — мярцвяк

*

мяне ў дзяцінстве маці называла — ляля

А. П.

адтуліна ў радужнай абалонцы, праз якую пранікае святло ўнутр вока :

зрэнка ж. памянш. — паўн.-зах. з., Сен., Слаўг., Касц. <…> чалавечак

м. — гродз.-бар. г., зах.-пал. г., Гарад., Бярэз., Пух., Бабр. <…> лялька ж.,

лялячка ж. памянш. — паўн.-зах. з., Саліг., Жытк.

Тэматычны слоўнік «Чалавек»

пакажы, што ты хаваеш у руцэ пальчыкі быццам у лялькі, зробленае з кавалачкаў крэйды і чым даўжэй яна водзіць рукой па маіх валасах карацеюць ейныя пальцы, сціраюцца, спісваюцца а я сівею
ножкі ейныя, калі танчыць, пакідаюць малюнкі а трохі пазней, як не стане грошай, мы ўладкуем цябе на працу ты будзеш наносіць разметку [куды дагэтуль не заязджала кола машыны]
толькі цяпер я разумею, чаму яна не ўмее плаваць [чаму ты не ўмееш плаваць, лялечка]
крэйду лёгка пакрыўдзіць крохкая
хто цябе сабраў з крэйдзінак? што засталіся ў зарослых імхом класах закаціліся пад настаўніцкі стол старыя драўляныя дошкі пакрыла зяленіва, нехта ўпрыгожыў маем лабірынты шчылінак у зацёртым паркеце, пісягі ляцелі сарокі, ухапілі ўрокі
я чуў, што на моры на кіяне стаіць белы камень дзяды над морам праляталі, іхныя слёзкі на камень упалі
ты адтуль?
я хвалююся, калі ты пячэш што-колечы з мукі, я баюся каб ты не заблукала ў ёй, не схавалася а печыва тваё заўсёды з такім чароўным смакам а раптам гэта ты штораз крышку сябе ў цеста крышыла? а разынкі ў пірагу — гэта твае зрэнкі? чалавечкі? лялечкі?

*

скокну скрозь скокну праз скокну цераз купальскае вогнішча майго акна у тую хвіліну, калі мы прызначылі сустрэцца гэтым скокам я абміну пад’езд гэтым скокам распачну спазненне ты ж казала : не трэба на палову — спознішся я абяцаў
бегчы буду бег не ўратуе усё ж прыйду, як звычайна, не ў час глюкане ліфт : давязе да сёмага, на восьмае неба — пешшу
непрыстойна завалюся ў пакой прылягу на табой не любімыя твае няпэўныя, няўпэўненыя валасы што вагаюцца між быць простымі ці няпростымі
тады будуць, як я люблю схаваюся ў іх цалкам ды засну пад гукі аргана вершаў някласіка ў тваім выкананні і пах дражджэй станецца ладану пахам і ты мяне адпяеш

калыханка пра рыбіну [♪]

вазьмі мяне на рукі і занясі туды у княства, дзе не ловіць мабільны тэлефон дзе вуліцы брукуюць бульбай ды яблыкам
                   а на правым крысе твайго паліта                    а на правым крысе яго паліта                    жывуць казкі
ужо на даляглядзе, здымай абутак кладзі мяне ў пантофлю дый сама лягай плывем пад бзззз пчолкі па густасеянай расе
                   а на левым крысе твайго паліта                    а на нейкім крысе яго паліта                    дом пчалярскі
тут кнігі пішуць галубы
люлі-люлі-люлі прыляцелі гулі селі на варотах у чырвоных ботах
гэткія ж як боты кніжак пераплёты
жаўцее самотная рыбіна ў сажалцы скідае луску, а тая ўсплывае прыкідаецца лісцём апалым