Выбрать главу
распраніся і стань люстэркам

κοινός τόπος [♪]

пакуль мяне не было ў пакой заляцела галубка не ведаю якім ейнае заканчэнне але цельца на паркеце шпалерах аконных рамах
узяў паперчыну нешта маркерам пазначана паклаў ёю птушку ў пакет з супермаркета выйшаў аддаў дзецям — пахавайце пад клёнам
сам назіраў з акна : толькі шуфлікам ямка — на працэсію пачалі злятацца галубы з суседняга парку і дзіцячых пляцовак лапаталі — у гармідары я перастаў бачыць
назаўтра ўсё ўсеяна белымі пацеркамі перлінамі ўпярэмешку з пер’ем — галубы калі хавалі сваю цароўну выплёўвалі сэрцы пеючы вітальныя гімны хорам
сёння ноччу я сплю : нехта поруч буркоча нешта нутро топча і я гатовы табе сваё выплюнуць градзінай дзічкай шарыкам для пінг-понга пакоцаным
а ты не бяры да галавы не пераймайся у нас з галубамі па два — так што яшчэ адно ў запасе

вочы ейныя колеру глебы пахне яна кожны раз новым я ці то босх ці то пітэр брэйгель пахне яна кожны раз новым я не заняты нумар гатэлю пахне яна кожны раз новым вочы ейныя колеру глебы
гэта не песня а толькі прадмова

мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалага лісця
дрэвы свядома чарнелі яны чакалі снегу і паляўнічых — прырода хацела быць маляванай
рэжысёры зацягвалі фільмы, а неба — аблокі мой лёс быў заснаваны на рэальных падзеях
сонца ў метро хавалася, гойсала там па тунэлях
ужо счарнелыя дрэвы люлялі туман ён чакаў, а яны засыналі пад уласнае гушканне туман, бы немаўля, выслізгваў з драўляных абдымкаў і поўз а тады пасталеў і пайшоў дождж
мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалых лісточкаў яны зляталі да нас на рукі ціха казыталі далоні дзюбкамі

*

я не горац і нават не народжаны ў краіне дзе ёсць іншыя горы, акрамя лысых і святых таму, трапіўшы ў месца, дзе ёсць зялёныя парослыя дрэвамі, проста з каменю горы горы, на якія налазіць туман, сагнаны ў кучы, — магчыма, насамрэч, гэта аблокі але ж звычайна яны там, наверсе, а калі на ўзроўні вачэй — значыць туман тут ён спужаны пагрозлівым выразам твару вяршынь,                                                                           збіраецца групамі адным словам, трапіўшы туды, дзе ўсё гэта існуе я не магу прыдумаць належнай метафары бо хутчэй за ўсё мясцовыя пісачы даўно панапрыдумвалі я проста магу падабраць колькі слоў, на якія яны падобны
спачатку з гарамі так, як з людзьмі іншай расы : яны ўсе на адзін твар і ты можаш адрозніць іх толькі памерам ды наяўнасцю / адсутнасцю расліннасці : вось гэта маленькая і аброслая а гэтая з плешкай і істотна большая
потым, калі трохі даўжэй на іх глядзець да галавы прыходзіць уся гэта класічная фішка пра гераічнасць іхніх паставаў непакору і ўсе гэтыя вобразы паэтаў якім вецер раздзімае валасы
але як я ні спрабаваў ад гэтага адксціцца, гэты пафас нахлынае ўсё адно трасца, небеспадстаўна, бо калі ты па-над аблокамі, то ёсць толькі адзінае вытлумачэнне сітуацыі : ты на небе, а калі ты на небе то, халера, пра што яшчэ думаць, калі не пра вечнае
о пакрыўджаны век о эпоха белліту

пятнаццаты санет

Мой горды, непакорны, шчыры верш, —

Ты дэспатаў усіх перажывеш!

Уільям Шэкспір
За шатамі лятункаў ветлы дым, Наўсцяж маўкліва вабіць пошчак веццем, Працятая сутоння стромай квецень У водгулле маркотна лье наўздым.
Маной ахутан прысак малады, Марнее квола, маючы наўвеце Пярэсты жвір ды сінь у запавеце. Суздром спачылі зорныя клады.