Выбрать главу
толькі яна можа сагрэць мае 70 працэнтаў вады халодна : я маю ледавіковае паходжанне ў гэтым няма сумневу пальцы стынуць — грэю на арфе і латах
яна бывае пустая быццам перакрыты для картэжу лес яна бывае танчэе ад самоты яна бывае празрыстай такой што на прасвет бачны ейныя рэбры косткі вантробы
яна пакрые мімічнымі зморшчынамі мае ўнутраныя органы і наадварот я пакрыю мімічнымі зморшчынамі ейныя ўнутраныя органы
я так доўга трымаў вочы заплюшчанымі што ў мяне сапсаваўся зрок але кроплі туману й дажджу як мноства маленькіх лінзаў : бачу выразна ў непагодныя дні бачу далёка ў сезон штармоў
калі намакаюць мае ўласныя рэчы я апранаю ейныя калі мяне небяспечаць уласныя рэчы я апранаю ейныя
акурат перад самым адлівам я лягу ў човен каменне водарасці золь мяне аднясе на твой бераг, Ізоль

я прыйду да цябе на вяселле я вазьму з сабой пісталет хаця ты яго й не запрашала
я буду злы, буду хаваць настрой — увесь вечар корпацца на могілках хаця павінен быць рады за цябе
урэшце я не змагу цярпець я выйду ў туалет я зараджу гэты кольт
ціхенька вярнуся, стану пасярэдзіне залі дастану барабан і рулю пачну крычаць і біць малатком па барабане
усе палягуць, я падыду да цябе жах вочы граблямі будзе дзерці «што ты, любая, не, любая, не трэба баяцца я ніколі не зраблю табе зла, устань а вы ляжаць! бі, барабан»
пасля я пакіну цябе стаяць сам лягу ля тваіх ног і прашапчу :
усе ляжаць перад табой — гэта мой падарунак

*

майн кампф — енчыць і шкадаваць я майстар пахавальных працэсій час ад часу цябе
прабач прадбач перацягні мяне папругай да а не пасля зрабі з мяне ката і не пускай у хату зрабі з мяне сабаку і не пускай на двор
няхай стаю адзін мелодыю выпісваю

*

у мяне ўнутры рыпіць гайдаецца справа налева чапляе сандалямі рэбры — дзяўчо на арэлях
спыніся, пачытай мне ўголас я зусім побач у суседнім купэ й не зазірай перад тым як зайсці адразу заходзь упэўнена
варэнне ўва мне зацукрыцца без цябе — застанься, петра за сведкаў нам будзе чыгунка й пару вуліц прыватнага сектару
я табе зуб даю вернасці пояс з сябе здымаю мудрасці заставайся — будзе весела табе дурачцы

святло ў вочы фарамі мост з жалезнымі фермамі вецер ствараецца фурамі у роце смак феруму
нібы жабрак захутаны ў футра і дыхаю бензінам парамі эфірнымі аднолькавы змест рознымі формамі той самы тавар рознымі фірмамі
закінуты аўто будынкі акаўнты форумы навокал само паветра замазана фарбамі не бачу ўзору але адчуваю фібрамі цяпер ніякай палёгкі паблажкі форы мне

*

паламаем рытм саб’ем тэмп бярэм рыдлёўкі ідзем найперш дзе мякчэй — грунт разрыты тут чакае закляты скарб цяпер раздзіраем дзе ямчэйшы асфальт далей тэхналогію тлумачыць няма сэнсу карацей раскалупаем у вашым раёне рэчку назад запоўнім старое балота танна нават за так

*

Sous le pont Mirabeau coule la Seine

Guillaume Apollinaire
паўзе падмарожаная Свіслач
яна даўно не сябруе з менскам больш не адбівае яго яна любіць калі качкі казычуць яе лапкамі качкі — выгнанцы рака — рэзервацыя яны месяць гушчу вады — за гэта дзякуй дзякуй таксама рэдкім аматарам круціць катамаранныя колы што яшчэ паўзе не застыгла не стала колам яе пашчыпвае мароз ды чайка дзюбаю абое вязнуць рыбіны ў ёй з цягам часу сталі нагадваць кратоў бо інакш аніяк не прабрацца скрозь зеленаваты кісель [кемкія дзядкі ўзяўшы рыдлёўку й вядро                                 не кепскі часам прыносяць дадому ўлоў]