Выбрать главу
я прачнуўся выйшаў з пад’езда. здзівіўся відаць прапусціў вывяржэнне вулкана хутчэй за ўсё таго што на адной з цэнтральных плошчаў [а ведаеце можа гэта напраўду прыгожа — даваць плошчам назвы месяцаў]
павольная пампея
не. усё-ткі я прачнуўся выйшаў з пад’езда і не здзівіўся толькі якім-небудзь халодным вясновым вечарком я падумаю : як добра мне жывецца на першым паверсе
не. чакайце. тут штосьці не так я выразна памятаю суседзяў знізу

памяць [♪]

цагляныя рэшткі гарадскога шкілета даўна парослыя краскамі й травой нагадваюць злёгку занядбаныя кветнікі нажніцы садоўніка пакрыла іржой
лісточкі бялелі станавіліся млявымі долу зляталі квіткамі ільготнымі восень на цэглу спатыкалася й падала сухою была а вочы — вільготнымі
мы стрыглі мінулае а мінулае пазірала так здзіўлена-здзіўлена і стрыгла вушамі
бетонныя рэшткі гарадскога шкілета — нядаўна парослыя травой і краскамі …………………………………………... .......…………………. зніклі з часам мы

свіцязь

паі-ці-ці паі-ці-ці паі-ці-ці
аднекуль з гарадскога дна даплывае гук да вушных ракавін пралупляю тое, што пад бровамі, прыслухоўваюся
памагі-і-іце памагі-і-іце памагі-і-іце
а, гэта даўно знаёмы лямант бабулькі што жыве на паверх глыбей я быў павёўся аднойчы, турбаваў міліцыю зблыталі дом спачатку — быў надпіс трохі змыты дабраліся нарэшце, стаім пад дзвярыма я, мянты, суседзі мятыя
адтуль : памагі-іце памагі-іце кажуць : не будзем ламаць ты што, не знаеш? гэта старая русалка яна калісьці лямантам у вір хлапцоў вабіла накаціла, відаць, настальгія
штодзень між дамоў у выкапанай ім жа яміне бялявы сабака нявыспаны, праходжу міма адным вокам лыпае, па спіне ляпаю а ён лісце аблізвае, усё пільнуе гаспадара што паехаў у тагасветнае плаванне
перада мной пара свежых гараджанаў выбраліся на шпацыр, ад іх пахне прынятым душам рабізна і плёскат аўтамабіляў
тут па жыцці кажуць адно аднаму : не хвалюйся і любяць на арэлях гойдацца баяцца падводных камянёў тэлефонная сетка то ловіць, а то не ловіць тут у думкі занураюцца а калі што якое, то лепей часова залегчы на дно а дзеці — дзеці гуляюцца ў пяску і лужынах
гэты горад падняўся на паверхню занадта хутка занадта хутка у насельнікаў — кесонная хвароба
адсюль сышло мора, пакінуўшы соль на асфальтах

*

валяюся на асенняй зямлі яна ледзь прыкметна пагладжвае па нырках прыняць ад яе холад
невалацуга небяздомны сабака харчуюся кавай і ветрам які змяшаўшыся з ёй трапляецца ў пастку трапляе ў пашчу небяздомны сабака гаспадар што навязаў мяне тут невяртаецца
з часам абярнуся забытым роварам
усе ровары — проста дужа схуднелыя сабакі адныя рэбры і няма сілы падаць голас час ад часу парыпваюць косткі

∞ о

вароны крычаць галасамі капрызных дзяцей вялікі сметнік кароны дрэў ровар па лужынах у двары апісвае адно за адным васьмёрка кола васьмёрка кола васьмёрка кола
варонкі й барозны дарожнага покрыва аб’язджае начамі ад людзей падалей катаецца прывід ровара па бульвары самі круцяцца руль і педалі кола праколата кола праколата кола праколата