Выбрать главу

У тую хвіліну, калі я збіраўся вярнуцца ў сваю каюту, капітан Нэма спыніў мяне.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — ці не хочаце падзяжурыць разам са мной у штурвальнай рубцы?

— Я не адважыўся прасіць вас аб гэтым, капітан, — адказаў я.

— Тады пойдзем. Адгэтуль вы ўбачыце ўсё, што можна бачыць у час гэтага падземнага і разам з тым падводнага плавання.

Мы падняліся па лесвіцы, якая вядзе на палубу, да сярэдзіны яе. Тут капітан Нэма адчыніў дзверы, і мы апынуліся ў вузкім і невысокім калідоры, у канцы якога знаходзілася штурвальная рубка, якая ўзвышалася, як вядома, на носе карабля.

Гэта была каюта плошчай шэсць на шэсць футаў, г. зн. такога-ж, прыкладна, памеру, як на параходах, што плаваюць па Місісіпі і Гудзон-Рыверу. Пасярэдзіне яе быў штурвал, злучаны штуртросамі са стырном на карме. Чатыры ілюмінатары ў чатырох сценах каюты, з чачавіцападобнага шкла, дазвалялі стырнавому глядзець ва ўсе бакі.

У рубцы было цёмна, але хутка мае вочы прызвычаіліся да цемры, і я ўбачыў стырнавога, здаравеннага дзяцюка, трымаўшага абедзве рукі на штурвале. Па кантрасту з цемрай, панаваўшай у рубцы, мора, асвятлёнае праменнымі пражэктара, здавалася залітым святлом.

— Зараз, — сказаў капітан Нэма, — пашукаем уваход у тунель.

Электрычныя правады злучалі стырнавую рубку з машынным аддзяленнем, і капітан мог, не адыходзячы ад штурвала, сігналамі загадваць, каб павялічылі ці зменшылі хуткасць судна.

Капітан Нэма паціснуў металёвую кнопку, і ў тую-ж хвіліну вінт зменшыў колькасць абаротаў у два разы.

Я моўчкі глядзеў на стромкую гранітную сцяну — непахіснае падножжа сухазем’я, — уздоўж якой мы ішлі на адлегласці некалькіх метраў на працягу амаль гадзіны. Капітан Нэма не спускаў вачэй з компаса, і па яго ўказаннях стырнавы варочаў штурвал, увесь час змяняючы кірунак карабля.

У 10 гадзін 15 хвілін капітан Нэма сам стаў за штурвал. Перад намі адкрываўся ўваход у шырокую і глыбокую галерэю. «Наўтылус» смела ўвайшоў у яе.

Жалезная абшыўка карабля нязвычна загудзела. Гэта быў шум вод Чырвонага мора, скідаўшыхся па схілу ў Міжземнае мора. Паток цягнуў «Наўтылус» уперад з хуткасцю стралы, не гледзячы на тое, што для тармажэння руху машына круціла вінт наадварот з найвялікшай хуткасцю.

На сценках тунеля пры такой неймавернай шпаркасці можна было ўбачыць толькі мігаючыя палосы святла ад электрычнага пражэктара. Сэрца маё шалёна стукала, і я трымаў яго рукою, каб сцішыць гэтае стуканне.

У 10 гадзін 35 хвілін капітан Нэма перадаў штурвал стырнавому і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Мы ў Міжземным моры.

Захоплены патокам, «Наўтылус» менш як за дваццаць хвілін перасек пад зямлёй Суэцкі перашыек.

Раздзел шосты

Грэцкі архіпелаг

На другі дзень, 12 лютага, досвіткам, «Наўтылус» усплыў на паверхню. Я паспяшыў падняцца на палубу. У трох мілях на поўдзень ад нас цмяна вызначаўся ў ранішнім тумане контур старадаўняга Пелузіума, на руінах якога пабудаваны сучасны Порт-Саід.

Імклівы паток раптам перанёс нас з аднаго мора ў другое. Але гэты тунель, па якім лёгка было спускацца, павінен быў быць зусім непраходным у зваротным напрамку — з Міжземнага мора ў Чырвонае.

Каля сямі гадзін раніцы Нэд Лэнд і Кансель далучыліся да мяне. Гэтыя неразлучныя прыяцелі спакойна сабе спалі і ані трохі не цікавіліся начнымі геройствамі «Наўтылуса».

— Ну-с, спадар прафесар, — насмешліва запытаўся канадзец, — а дзе-ж абяцанае Міжземнае мора?

— Мы плывём па яго паверхні, дарагі Нэд, — адказаў я.

— Як? — ускрыкнуў Кансель. — Значыцца, гэтай ноччу?

— Зусім правільна, гэтай ноччу, на працягу дваццаці хвілін мы прайшлі скрозь гэты непраходны перашыек!

— Не веру, — сказаў Нэд Лэнд.

— Дарэмна, містэр Лэнд, — адказаў я. — Нізкі бераг, які вы бачыце на поўдні, — гэта бераг Егіпта.

— Мяне не абдурыце, спадар прафесар, — адказаў упарты канадзец. — Расказвайце гэтыя байкі больш даверлівым людзям!

— Паколькі гаспадар сцвярджае гэта, трэба верыць гаспадару, — сказаў яму Кансель.

— Дарэчы кажучы, Нэд, — сказаў я, — капітан Нэма асабіста дэманстраваў мне свой тунель. Я стаяў побач з ім у стырнавой рубцы ў той час, калі ён сам накіроўваў «Наўтылус» праз вузкі праход.

— Чуеце, Нэд? — запытаў Кансель.

— У вас такі дасканалы зрок, Нэд, — дадаў я, — што вы можаце пераканацца ў тым, што я вам не маню. Там павінна відаць гавань Порт-Саіда!

Канадзец утаропіўся вачыма ў паказаным кірунку.