Выбрать главу

Я не мог стрымацца ад ухмылкі, слухаючы прамову Канселя. Мусіць у глыбіні душы і канадзец быў задаволены, што Кансель не выступае супраць яго.

— Калі Кансель не ўдзельнічае ў спрэчках, — сказаў ён мне, — нам застаецца вырашыць пытанне паміж сабою. Я сваё сказаў. Вы мяне выслухалі. Што вы мне можаце адказаць?

Трэба было прыйсці да якога-небудзь заключэння. Ухіленні для мяне былі агідныя.

— Вось мой адказ, дружа Нэд, — сказаў я. — Вы перамаглі мяне ў спрэчках, і я не магу супярэчыць вашым довадам. Спадзявацца на тое, што капітан Нэма нас сам адпусціць, няма чаго. Самая элементарная прадбачлівасць не дазволіць яму зрабіць гэта. Але тая-ж самая прадбачлівасць патрабуе, каб мы скарысталі першы зручны выпадак пакінуць «Наўтылус».

— Вельмі добра, спадар прафесар! Вось цяпер вы разважаеце мудра!

— Але ў мяне ёсць яшчэ адна, заўвага, — сказаў я. — Трэба, каб выпадак гэты быў сапраўды зручным. Трэба, каб наша першая-ж спроба ўцякаць была паспяховай. Бо калі яна не ўдасца, то другога выпадку мы ніколі не будзем мець, і капітан Нэма ніколі не даруе нам.

— Гэта правільна, — сказаў Нэд Лэнд. — Але ваша заўвага таксама тычыцца спробы ўцякаць сёння, як спроб, якія будуць праз два гады. Такім чынам, пытанне трэба ставіць толькі так: калі будзе магчымасць уцячы, — неадкладна скарыстаць яе!

— Згодзен. А цяпер скажыце, Нэд, што вы лічыце «магчымасцю ўцячы»?

— Цёмную ноч, калі «Наўтылус» будзе паблізу якога-небудзь еўрапейскага берагу.

— І вы думаеце ратавацца ўплаў?

— У тым выпадку, калі «Наўтылус» будзе плысці па паверхні, і бераг будзе зусім блізка. Калі-ж карабель будзе плысці пад вадою і бераг будзе на больш далёкай адлегласці, то…

— То ў гэтым выпадку?..

— У гэтым выпадку трэба будзе пастарацца захапіць шлюпку. Я ведаю, як гэта зрабіць. Мы забярэмся ў яе і, адкруціўшы балты, усплывем на паверхню так, што нават стырнавы, які знаходзіцца ў штурвальнай рубцы, не заўважыць нашага ўцёку.

— Добра, Нэд. Пільнуйце-ж адпаведны выпадак. Толькі памятайце, што няўдача загубіць нас.

— Не забудуся, спадар прафесар!

— А цяпер, калі мы аб усім дамовіліся, Нэд Лэнд, хочаце ведаць, што я думаю аб вашым праекце?

— Вядома, спадар прафесар.

— Я думаю, — падкрэсліваю — думаю, а не спадзяюся, — што гэты адпаведны выпадак хутка не трапіцца.

— Чаму так?

— Таму, што капітан Нэма, мусіць добра разумее, што мы не адмовіліся ад надзеі вярнуць сабе волю, і таму ён будзе на варце ўвесь час, пакуль мы будзем каля еўрапейскіх берагоў.

— Я згодзен з думкаю гаспадара, — сказаў Кансель.

— Пажывём — убачым, — адказаў Нэд Лэнд, упарта паматаўшы галавою.

— Ну, — сказаў я, — хопіць! Не варта больш гаварыць аб гэтым. У той дзень, калі вы наважыцеся ўцячы, вы нас папярэдзьце, і мы паследуем за вамі, ні пра што не пытаючыся. Мы абсалютна давяраем вам.

Так скончылася гэтая гутарка, якая павінна была мець вельмі важныя вынікі.

Скажу адразу, што на вялікі жаль для канадца, падзеі пацвердзілі правільнасць маіх прапаноў. Ці то капітан Нэма не давяраў нам у гэтых людных морах, ці ён хацеў ухіліцца ад сустрэчы з шматлікімі суднамі ўсіх нацый, якія баразнілі воды Міжземнага мора, але мы амаль увесь час ішлі пад вадою і на далёкай адлегласці ад берагоў. «Наўтылус» альбо ўсплываў на паверхню так, што з вады выступала толькі стырнавая рубка, альбо ён забіраўся на вялікія глыбіні. Дарэчы кажучы, паміж Грэцкім архіпелагам і Малой Азіяй мы не знаходзілі дна і на глыбіні ў дзве тысячы метраў.

Аб тым, што мы прайшлі каля вострава Карпафос, які належыць да групы Дадэканез, я даведаўся ад капітана Нэма, паказаўшага мне яе месцазнаходжанне на карце.

На другі дзень, 14-га лютага, я вырашыў ахвяраваць некалькі гадзін на вывучэнне рыб Грэцкага архіпелага. Але па невядомых мне прычынах акяніцы на вокнах каюты ўвесь дзень заставаліся герметычна зачыненымі. Прасачыўшы на карце шлях «Наўтылуса», я бачыў, што ён ідзе да вострава Крыта. У той момант, калі я ўступіў на борт «Аўраама Лінкальна», гэты востраў паўстаў супраць турэцкай няволі. Я не ведаў, якія вынікі мела паўстанне, і ўжо-ж, вядома, не капітан Нэма, які парваў усякую сувязь з людзьмі, мог паведаміць мне навіны аб гэтым.

Я не рабіў ніякіх намёкаў на гэтыя падзеі, калі ўвечары мы апынуліся з ім удвух у салоне. Трэба сказаць, што капітан Нэма, здаўся мне хмурым і нечым заклапочаным. Раптам ён распарадзіўся адчыніць акяніцы на абодвух вокнах і, пераходзячы ад аднаго акна да другога, пільна ўглядаўся ў ваду. Навошта ён гэта рабіў? Я не мог разгадаць гэтага і таму проста пачаў разглядаць рыб, якія праносіліся перад маімі вачыма.