Выбрать главу

Сярод многіх іншых рыб я заўважыў марскіх каўбнёў, маючых назву ў простай мове — бычкоў; гэтыя рыбы часта сустракаюцца ў салёнай вадзе каля дэльты Ніла.

Далей я ўбачыў фасфарасцыруючых паграў — рыбак з сямейства спаравых. Егіпцяне лічылі гэтых рыб свяшчэннымі, і заход іх у воды Ніла, звычайна праракаўшы вялікую паводку і разам з гэтым добры ўраджай, адзначаўся пышнымі рэлігійнымі цырымоніямі.

Потым каля нас праплыла зграйка хейлінаў — рыб даўжынёю ў трыццаць сантыметраў, касцістых, з празрыстай лускою сіняватага колеру, месцамі ўсеянай чырвонымі плямамі. Гэтыя рыбы харчуюцца выключна марскімі водарасцямі, што надае іх мясу надзвычайны смак. Хейліны лічыліся ласункам яшчэ ў старадаўнім Рыме і падаваліся на стол з прыправамі малокаў мурэны, паўлінавых мазгоў і ластаўкіных языкоў.

Яшчэ адзін жыхар гэтых мораў нагадаў мне часы старадаўняга Рыма. Гэта была лоцман-рыбка, заўсёды суправаджаючая акул; па вераваннях старадаўніх людзей, гэтая маленькая рыбка, учапіўшыся ў кіль карабля, магла спыніць яго. Захавалася таксама легенда аб тым, як адзін лоцман, затрымаўшы карабель Антонія ў час бойкі пры Акцыуме, тым самым вырашыў вынік яе ў карысць Аўгуста.

Я заўважыў таксама прыгожых anthias — свяшчэнных рыб старадаўняй Грэцыі, уладаўшых паводле забабонаў, здольнасцю выганяць страшыдлаў з тых месцаў, дзе яны вадзіліся. Іх назва азначае слова «кветка», і яны цалкам адпавядаюць ёй пералівамі сваёй афарбоўкі, якая ўключае ўсю гаму чырвонага колеру — ад бледна-ружовага да рубінавага.

Я не мог адарваць вачэй ад гэтага марскога цуда, як раптам мяне здзівіла нешта яшчэ больш незвычайнае.

Пад вадой з’явіўся чалавек, ныральшчык са скураной торбай каля пояса. Гэта быў жывы чалавек. Ён некалькі разоў вяртаўся на паверхню і затым зноў; апускаўся ў ваду.

Я павярнуўся да капітана Нэма і ўсхвалявана ўскрыкнуў:

— Чалавек топіцца! Яго трэба абавязкова выратаваць!

Капітан Нэма не адказаў мне, але падышоў да акна. Плавец зноў нырнуў і, прытуліўшыся вачыма да шкла, глядзеў на нас.

На маё вялікае здзіўленне, капітан Нэма зрабіў яму нейкі знак. Ныральшчык матнуў у адказ галавою, зараз-жа ўсплыў на паверхню мора і больш не з’яўляўся.

— Не бойцеся за яго, — сказаў мне капітан Нэма. — Гэта Мікалай з мыса Матапан, якога празвалі «Рыбай». Яго ведаюць на ўсіх Цыкладах. Выдатны плавец! Вада — гэта яго стыхія, і ён праводзіць у ёй больш часу, чымсь на сушы, безупынна пераплываючы з аднаго вострава на другі, а часамі нават дабіраецца да Крыта.

— Вы ведаеце яго, капітан Нэма?

— Чаму-б мне яго не ведаць, спадар Аранакс?

Сказаўшы гэта, капітан падышоў да шафы, зробленай у сцяне салона. Побач з ёй стаяла акутая жалезам скрыня з меднай пласцінкай на пакрышцы, на якой быў выгравіраваны дэвіз «Наўтылуса» — «Рухомы ў рухомым» — і пачатковая літара «Н».

Не звяртаючы больш на мяне ўвагі, капітан Нэма адчыніў дзверцу шафы, у якой аказалася шмат металёвых пласцінак.

То былі зліткі золата.

Адкуль на «Наўтылусе» ўзялося гэтулькі золата? Дзе здабываў яго капітан Нэма і што ён збіраўся зараз з ім рабіць?

Я не вымавіў ані слова. Я глядзеў. Капітан Нэма вымаў залатыя зліткі з шафы і па аднаму складваў іх у скрыню, пакуль не запоўніў яе даверху. Я падлічыў, што ўсяго ён палажыў туды не менш тысячы кілаграмаў золата, на суму амаль у пяць мільёнаў франкаў. Капітан зачыніў скрыню і надпісаў на ёй адрас, як відаць, на новагрэцкай мове.

Скончыўшы, ён паціснуў кнопку званка, які вядзе ў памяшканне каманды. Зараз-жа прышлі чатыры матросы і не без цяжкасці выцягнулі скрыню з салона.

Я чуў, як яны цягнулі яе пры дапамозе блока па лесвіцы на палубу.

У гэтую хвіліну капітан Нэма абярнуўся да мяне.

— Значыцца, вы гаворыце, спадар прафесар? — сказаў ён.

— Я нічога не гаварыў, — адказаў я.

— У такім разе дазвольце пажадаць вам спакойнай ночы.

Я вярнуўся да сябе ў каюту надзвычай заінтрыгаваны. Дарэмна я прабаваў заснуць. Мяне мучыла тое, што я ніяк не мог знайсці лагічнай сувязі паміж з’яўленнем плаўца і запаўненнем скрыні золатам. Хутка пачалося гойданне, і я здагадаўся, што «Наўтылус» падняўся на паверхню.

Затым я пачуў тупат ног па палубе. Я зразумеў, што гэта вымаюць з гнязда шлюпку і спускаюць яе на ваду. Яна стукнулася аб борт «Наўтылуса», і тады шум сціх.

Праз дзве гадзіны шум пачаўся зноў. Шлюпку выцягвалі назад з вады і зноў умацоўвалі ў гняздзе. Потым «Наўтылус» апусціўся ў ваду.