Выбрать главу

Я абліваўся потам і задыхаўся. Я адчуваў, што яшчэ некалькі хвілін — і я проста зваруся!

— Немагчыма далей заставацца ў гэтай кіпучай вадзе, — сказаў я капітану.

— Так, гэта было-б неасцярожна, — спакойна адказаў ён.

Ён даў загад. «Наўтылус» зноў крануўся і хутка аддаліўся ад гэтага жэрала, прабыванне ў якім пагражала нам пагібеллю. Праз чвэртку гадзіны мы прагна ўдыхалі свежае паветра на паверхні мора.

Мне прыйшло ў галаву, што, калі-б Нэд Лэнд выбраў гэтае месца для ўцёкаў, мы зварыліся-б у ім жыўцом…

Назаўтра, 16-га лютага, «Наўтылус» абмінуў мыс Матапан і развітаўся з Грэцкім архіпелагам.

Раздзел сёмы

У сорак восем гадзін праз Міжземнае мора

Блакітнае Міжземнае мора, «Вялікае Мора» старадаўніх яўрэяў, «Мора» старадаўніх грэкаў, «Наша мора» старадаўніх рымлян, абкружанае высокімі горамі, аблямаванае квітнеючымі садамі з апельсінавых дрэў, алоэ, кактусаў, марскіх сосен, з чыстым паветрам і пахам мірт, — Міжземнае мора з’яўляецца арэнай вечнай барацьбы, барацьбы паміж агнём і вадою. Плутон і Нептун[41] змагаюцца тут за ўладу над светам.

«На берагах і ў водах гэтага мора, — пісаў Мішле, — у гэтым лепшым у свеце клімаце, чалавек знаходзіць новыя сілы і здароўе». Але мне ўдалося толькі мімаходзь убачыць гэты славуты сваёй прыгожасцю водны басейн, які займае плошчу ў два мільёны сто тысяч квадратных кіламетраў.

Я не мог папоўніць свае невялікія назіранні нават роспытамі ў капітана Нэма, бо гэты загадкавы чалавек ні разу не паказаўся за ўвесь час нашага пераходу па Міжземнаму мору. Дарэчы кажучы, ішлі мы з вельмі значнай хуткасцю, і «Наўтылус» прайшоў пад вадою за двое сутак дзве тысячы чатырыста кіламетраў: выйшаўшы 16 лютага з Грэцкага архіпелага, досвіткам 18 лютага мы ўжо абмінулі Гібралтарскую пратоку.

Мне было ясна, што капітан Нэма не любіць гэтага мора, з усіх бакоў абкружанага зямлёй, ад якой ён уцякаў. Можа хвалі і вятры яго прыносілі з сабою непрыемныя ўспаміны альбо, яшчэ горш, будзілі жаль аб згубленым? А можа яго злавала немагчымасць такога вольнага і незалежнага плавання, як у акіянах, і «Наўтылусу» проста было цесна паміж збліжанымі берагамі Еўропы і Афрыкі?

Так ці інакш, але мы ішлі з хуткасцю дванаццаць лье, альбо сорак восем кіламетраў у гадзіну. Зразумела, Нэду Лэнду прышлося кінуць усякую думку аб уцёках, хоць ён і надта шкадаваў аб гэтым. Ён не мог скарыстаць шлюпку пры хуткасці ў дванаццаць — трынаццаць метраў у секунду. Гэта было раўназначна скоку з вагона цягніка, які імчыцца з такой самай хуткасцю, — скоку, які абяцае мала прыемнага храбрацу. Прытым «Наўтылус» падымаўся на паверхню вады, каб аднавіць запас паветра, толькі глыбокай ноччу, а ўвесь астатні час ішоў, кіруючыся паказаннямі компаса і лага.

Таму, я бачыў у Міжземным моры тое самае, што пасажыр кур’ерскага поезда бачыць з акна свайго купэ, — далёкія кругавіды, а не бліжэйшыя да палатна дарогі месцы, мільгаючыя, як маланка, перад яго вачыма.

Аднак Канселю і мне ўдалося разгледзець асобных Міжземных рыб, якія са сваімі магутнымі плаўнікамі маглі некаторы час спаборнічаць у хуткасці з «Наўтылусам». Мы па цэлых гадзінах стаялі ля акон салона, і зробленыя тады няпоўныя нататкі дазваляюць мне намаляваць зараз у агульных рысах іхтыялагічную карціну гэтых вод.

З шматлікіх рыб, засяляючых Міжземнае мора, адных я назіраў адносна доўга, другіх бачыў мімаходзь, а трэціх — з-за хуткасці нашага бегу не бачыў зусім.

Няхай-жа будзе мне дазволена апісваць іх у адпаведнасці з гэтай фантастычнай класіфікацыяй — яна правільней перадасць мае мімалётныя ўражанні.

У ярка асветленых электрычнасцю водных таўшчынях віліся вузкія, у метр даўжынёй міногі, якія плодзяцца амаль ва ўсіх морах. Калючкаватыя скаты, дасягаючыя чатырох метраў у даўжыню пры двух-трох у шырыню, з шурпатай скурай, усеянай у маладых асобін тонкімі і ў старых — буйнымі вострымі калючкамі, з белым жыватом і карычневай са светлымі плямамі афарбоўкай спіны, — паласкаліся ў вадзе, нібы вялікія хусткі, знесеныя цячэннем. Іншыя разнавіднасці скатаў мільгалі перад нашымі вачыма і знікалі з такой шпаркасцю, што я не мог праверыць, ці заслужылі яны дадзеную ім старадаўнімі грэкамі назву марскіх арлоў, альбо да іх больш падыходзяць зняважлівыя клічкі пацукоў, жаб і кажаноў, якімі іх надзяляюць сучасныя маракі. Сельдзевыя акулы, якія належаць да сямейства дэльфінавых акул, асабліва небяспечных для рыбакоў, спаборнічалі з намі ў хуткасці. Мы бачылі таксама марскіх лісіц, — рыб, якія належаць да атрада акул, даўжынёй у чатыры і болей метраў і з’яўляюцца самымі хітрымі з марскіх жывёл; спіны і бакі іхнія цёмна-блакітныя, ніжняя частка цела — белавата-плямістая.

вернуться

41

У грэцкай міфалогіі Плутон — бог падземнага агню; Нептун — бог мора.