Выбрать главу

Колькі загінуўшых суднаў мільгала перад маімі вачыма ў час гэтага шпаркага плавання ў глыбокаводных пластах! Адны з іх, што ўжо даўно ляжаць на дне, пакрыліся каралавымі адкладамі, іншыя рэшткі нядаўніх крушэнняў — толькі паіржавелі. На ўсім нашым І шляху дно было засланае якарамі, гарматамі, ядрамі, грэбнымі валамі, часткамі машын, разбітымі цыліндрамі, узарванымі катламі. Месцамі ў вадзе віселі, не кранаючыся дна, цэлыя карпусы суднаў — адны кілем уніз, другія перавернутыя.

Некаторыя з гэтых суднаў загінулі пры сутычках, другія натыкнуліся на рыфы. Мне ў вочы трапляліся і такія, што затанулі вертыкальна, з непашкоджанымі мачтамі, з цэлай аснасткай… Яны як быццам стаялі на якары на адкрытым рэйдзе, чакаючы загаду пусціцца ў плаванне.

Калі «Наўтылус» праходзіў каля іх, заліваючы іх святлом свайго пражэктара, здавалася, што зараз-жа ў іх на кармавым флагштоку ўзнімецца сцяг, вітаючы сустрэчнае судна і жадаючы яму шчаслівай дарогі.

Але сцяг не ўздымаўся. Смерць і нямая цішыня непадзельна панавалі на гэтым марскім могільніку…

Я заўважыў, што па меры набліжэння «Наўтылуса» да Гібралтарскай пратокі ўсё большая колькасць гэтых сумных рэшткаў крушэння засцілала марское дно. Чым цясней зыходзяцца берагі Еўропы і Афрыкі, тым часцей робяцца сутычкі суднаў. Я бачыў тут мноства жалезных карпусоў, скалечаных рэшткаў параходаў, стаячых тырчком альбо ляжачых на баку, падобных на фантастычных жывёл. Асабліва цяжкае ўражанне рабіў адзін калёсны параход: борт яго быў як быццам распораты, трубы пагнуліся, ад колаў застаўся толькі пакамячаны жалезны каркас, стырно адарвалася ад кармы і вісела на жалезным ланцугу, корпус яго быў увесь з’едзены іржой… Колькі чалавек загінула на ім? Колькі засталося ў жывых, каб расказаць аб гэтай жудаснай катастрофе? А можа, хвалі зайздросна хавалі сваю тайну?.. Мне прыйшла ў галаву думка, што гэты параход — той самы «Атлас», таемнае знікненне якога гадоў дваццаць назад доўга хвалявала свет. Якую жудасную кнігу можна было-б напісаць пра тайны дна Міжземнага мора, пра гэты велізарны магільнік, дзе захавана столькі багацця, дзе столькі людзей знайшлі сваю смерць!

Між тым абыякі да ўсяго «Наўтылус» працягваў свой хуткі падводны бег. 18 лютага, каля трох гадзін а поўначы ён апынуўся каля ўвахода ў Гібралтарскую пратоку.

Там існуе два цячэнні — верхняе, даўно вядомае, якое нясе воды Атлантычнага акіяна ў Міжземнае мора, і сустрэчнае, ніжняе цячэнне, існаванне якога было даказана лагічным шляхам. Сапраўды, узровень вады ў Міжземным моры, пры звычайным прыліве вады з Атлантычнага акіяна і з акаляючых яго рэк, павінен быў-бы з года ў год павышацца, бо ўстаноўлена, што адных выпарэнняў недастаткова для стрымання яго ў раўнавазе. Між тым, гэты ўзровень не павышаецца і, значыцца, немінуча трэба дапусціць існаванне другога цячэння, якое праходзіць над самым дном Гібралтарскае пратокі і выносіць у Атлантычны акіян лішкі Міжземнаморскай вады.

Так яно і аказалася ў сапраўднасці. «Наўтылус» скарыстаў гэтае спадарожнае цячэнне і хутка праімчаўся праз вузкую пратоку. На секунду перад маімі вачыма мільганулі руіны выдатнага храма Геркулеса, што апусціўся на дно, па словах Плінія, разам з астраўком, на якім ён быў пабудаваны, і праз некалькі хвілін мы ўсплылі на паверхню ўжо ў Атлантычным акіяне.

Раздзел восьмы

Бухта Віго

Атлантычны акіян! Велізарная водная раўніна, паверхня якой мае дваццаць пяць мільёнаў квадратных міль, раўніна, якая цягнецца ў даўжыню амаль на дзевяць тысяч міль пры сярэдняй шырыні дзве тысячы семсот міль! Гэтае вялізнае мора амаль не было вядома ў старадаўнасці. Магчыма, толькі карфагеняне, гэтыя галандцы старадаўнасці, у сваіх гандлёвых плаваннях агібалі заходнія берагі Еўропы і Афрыкі! Звілістыя берагі гэтага акіяна раскінуліся на вялікай працяжнасці і павыразаны вусцямі найвялікшых у свеце рэк: св. Лаўрэнція, Місісіпі, Амазонкі, Ла-Платы, Орыноко, Нігера, Эльбы, Лауры, Рэйна, уліваючых у яго свае воды, што абваднялі самыя культурныя і самыя дзікія ў свеце краіны! Велічная гладзь вады, якую ва ўсіх кірунках баразняць караблі ўсіх краін і ўсіх народаў, і якая канчаецца двума жудаснымі для мораплаўцаў мысамі — мысам Горн і Добрай Надзеі!..

«Наўтылус» рассякаў сваім вострым фарштэўнем воды Атлантычнага акіяна пасля таго, як за тры з паловай месяцы прайшоў звыш дзесяці тысяч лье — адлегласць, амаль роўная даўжыні зямнога экватара. Куды ён накіраваўся цяпер, якія неспадзяванасці рыхтуе нам будучае?