Канадцу пашанцавала і замест аднаго кіта ён загарпуніў двух: першага ён забіў на месцы, усадзіўшы яму гарпун у сэрца, а другога — пасля некалькіх хвілін праследвання.
Калі страшыдла апынецца калі-небудзь у межах, дзе дастане гарпун Нэда Лэнда, я буду дужа здзіўлены, калі яму ўдасца ўцячы цэлым!
Фрэгат прадаўжаў з вялікаю хуткасцю плысці ўдоўж паўднёва-ўсходняга берагу Амерыкі. 3 ліпеня мы падышлі да мыса Дзеў ля ўваходу ў Магеланаву пратоку.
Але капітан Фарагут прайшоў міма гэтай пакручастай пратокі і ўзяў курс на мыс Горн.
Усе адзінадушна ўхвалілі гэтае рашэнне. Сапраўды, наўрад ці можна было сустрэць нарвала ў гэтай вузкай пратоцы.
Многія матросы былі перакананыя, што страшыдла «залішне тоўстае, каб прайсці праз Магеланаву пратоку».
Каля трох гадзін пасля поўдня, 6 ліпеня, «Аўраам Лінкальн» абагнуў той адзінокі астравок, тую скалу, што загубілася ў самым канцы амерыканскага кантынента, якую галандскія маракі ахрысцілі мысам Горн у імя свайго роднага горада. Фрэгат узяў курс на паўночны захад, і вінт яго пачаў пеніць воды Ціхага акіяна.
— Глядзі, прыглядайся, глядзі! — у адзін голас казалі матросы «Аўраама Лінкальна».
І яны сапраўды глядзелі, як толькі маглі! Аслепленыя зданню двух тысяч долараў, людзі не адрывалі вачэй ад паверхні акіяна. Ноччу і ўдзень вочы і біноклі не мелі ні секунды спакою. Нікталопы — людзі, здольныя бачыць па начах так ясна, як у дзень, — мелі на пяцьдзесят процантаў больш шансаў атрымаць прэмію, чым людзі з звычайным зрокам.
Хоць прэмія ніколі не спакушала мяне, але і я таксама ўпарта гадзінамі ўглядаўся ў ваду. Абмяжоўваючы свой сон трыма-чатырма гадзінамі ў суткі, трацячы на яду лічаныя хвіліны, я ўвесь астатні час стаяў на палубе, не гледзячы ні на якое надвор’е.
То перагнуўшыся праз борт носа, то абапіраючыся на борт кармы, я прагна ўглядаўся ў аднолькавыя пеністыя грабяні хваляў, што прасціраліся ва ўсе бакі, як толькі можна ахапіць вокам. Як часта, разам з усёй камандай, я перажываў хвіліны бурнага хвалявання, калі на гарызонце паказвалася чорная спіна кіта! Увесь экіпаж адразу высыпаў на палубу. З люкаў вырываліся патокі матросаў і афіцэраў. Кожны, цяжка дыхаючы, напружваючы зрок да болю, сачыў за рухамі кіта. І я глядзеў, глядзеў да таго часу, пакуль усё не пачынала блытацца ў вачах.
Флегматычны Кансель у такіх выпадках спакойна гаварыў мне:
— Гаспадар бачыў-бы куды лепш, каб менш углядаўся!
Але хваляванне было дарэмнае. «Аўраам Лінкальн» падыходзіў бліжэй да меркаванага ворага і, пераканаўшыся, што гэта самы звычайны кашалот, або кіт, зноў лажыўся на ранейшы курс, абсыпаючы тысячамі праклёнаў ні ў чым не вінаватую жывёліну.
Надвор’е ўвесь час стаяла добрае, і наша плаванне праходзіла ў найлепшых умовах, не гледзячы на тое, што ліпень у паўднёвым паўшар’і адпавядае студзеню ў паўночным, і на яго прыпадае самы разгар дажджлівага сезону. Тым не менш мора было спакойнае і бачнасць была выдатная.
Нэд Лэнд па-ранейшаму быў упарты ў сваім недавер’і. Ён нават знарок не глядзеў на мора ў гадзіны, вольныя ад вахты, або калі не было відаць кіта. Гэта было прыкра, бо яго выключна зоркія вочы маглі саслужыць вялікую службу экспедыцыі. Але ўпарты канадзец лічыў за лепшае шаснаццаць гадзін з дваццаці чатырох праводзіць у сваёй каюце, сплючы, або чытаючы. Я сто разоў дакараў яго за такую абыякасць.
— Гэта лішняе, прафесар, — адказваў ён мне. — Перш за ўсё наогул нічога няма, а каб нават і існавала якая-небудзь жывёла, то колькі ў нас шансаў натыкнуцца на яе? Мы-ж гонімся за ёю наўздагад. Дапускаю, што нейкі карабель сапраўды сустрэў гэтую няўлоўную жывёліну ў Ціхім акіяне. Але-ж з такога часу мінула ўжо каля двух месяцаў, а тое, што нам вядома аб характары гэтага нарвала, гаворыць, што ён не любіць доўга боўтацца на адным месцы. Вы самі прызнаеце, што ён здольны перамяшчацца з надзвычайнаю хуткасцю, і я думаю, вы згодзіцеся са мною, што прырода не стала-б надзяляць непаваротлівае па натуры стварэнне здольнасцю імчацца з хуткасцю ветру, каб яно не мела ў гэтым патрэбы. Выходзіць, што калі гэтая жывёла існуе, яна ўжо далёка адгэтуль!
Супраць гэтага разважання ніяк нельга было пярэчыць. Мы сапраўды плылі наўздагад. Але што нам заставалася рабіць? Нэд Лэнд быў правы: нашы шансы на сустрэчу з страшыдлам былі нязначныя. І тым не менш ніхто не сумняваўся ў канчатковым поспеху, і ніводзін матрос не пайшоў-бы ў заклад, што нарвал хутка не з’явіцца.