Выбрать главу

Чаму капітан Нэма павесіў гэтыя партрэты ў сваёй спальнай? Якая сувязь існавала паміж гэтымі героямі і ім? Можа гэты збор партрэтаў дапаможа мне рашыць загадку яго жыцця? Ці быў ён правадыром прыгнечанага народу, вызваленцам нявольнікаў? Ці прымаў ён удзел у якіх-небудзь палітычных ці сацыяльных рухах апошняга часу? Можа ён быў удзельнікам крывавай і навекі памятнай грамадзянскай вайны між паўночнымі і паўднёвымі штатамі?

Раптам гадзіннік прабіў восем удараў. Першы ж удар малаточка па звану абудзіў мяне ад мар. Я ўздрыгануўся, як быццам нябачнае вока пранікла ў таямніцы маіх думак, і паспешна выбег з пакою.

У салоне я першым чынам паглядзеў на компас. Стрэлка яго паказвала, што мы нязменна накіроўваемся на поўнач. Лаг паказваў сярэднюю хуткасць, манометр — глыбіню шэсцьдзесят, прыкладна, метраў. Умовы, такім чынам, складаліся як нельга лепей для ажыццяўлення плана Нэда Лэнда.

Я вярнуўся ў сваю каюту і цёпла апрануўся: нацягнуў высокія марскія боты, цёплую шапку, цёплую куртку, падбітую нэрпавай скураю. Цяпер я быў гатовы. Заставалася чакаць.

Глыбокую цішу, панаваўшую на «Наўтылусе», парушаў толькі шум вінта. Прыслухоўваючыся, я стаяў каля дзвярэй, баючыся пачуць раптоўны шум чалавечых галасоў, якія сведчылі-б, што Нэда Лэнда заспелі ў момант выканання яго «злачыннага» плана. Шалёная трывога ахапіла мяне… Дарэмна я імкнуўся вярнуць сабе спакой.

У дзевяць гадзін без некалькіх хвілін я прытуліў вуха да сценкі, што аддзяляла маю каюту ад капітанскай, і прыслухаўся. Ні гуку не чулася адтуль. Я выйшаў з каюты і зайшоў у салон. Ён быў крыху асветлены, але нікога там не было.

Я адчыніў дзверы ў бібліятэку. Там было таксама цёмна і пуста. Я пайшоў да дзвярэй, якія вядуць на лесвіцу, каб там дачакацца сігнала Нэда Лэнда.

У гэтую хвіліну шум вінта значна паменшыўся, а потым і зусім сціх. Чаму раптам «Наўтылус» спыніўся? Ці садзейнічала гэтая астаноўка ажыццяўленню плана Нэда Лэнда, альбо шкодзіла яму? Гэтага я не ведаў. Цяпер цішыня парушалася толькі напружаным туканнем майго сэрца.

Раптам адчуўся лёгкі штуршок. Я зразумеў, што «Наўтылус» апусціўся на дно акіяна. Я яшчэ больш усхваляваўся. Канадзец не падаваў сігнала. Мне хацелася пайсці да Нэда Лэнда і ўгаварыць яго адкласці ўцёкі. Я адчуваў, што ў гэты вечар наша плаванне праходзіць не ў звычайных умовах.

У гэты момант на парозе бібліятэкі з’явіўся капітан Нэма. Заўважыўшы мяне, ён, не вітаючыся, але вельмі ветлівым тонам сказаў.

— А, спадар прафесар, я вас шукаў. Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

Каб ён запытаў мяне, ці ведаю я гісторыю сваёй радзімы, і то я ў цяперашнім сваім стане не мог-бы нічога адказаць яму.

— Вы чулі маё пытанне? — запытаў капітан Нэма. — Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

— Вельмі дрэнна, — нарэшце знайшоў я ў сабе здольнасць адказаць.

— Ото-ж гэтыя мне вучоныя! — сказаў капітан. — Акрамя сваёй спецыяльнасці, нічога яны не ведаюць! Сядайце, — дадаў ён, — я раскажу вам адзін цікавы эпізод з гэтай гісторыі.

Капітан ёмка ўсеўся на канапу, я таксама сеў, выбраўшы куток пацямнейшы.

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — слухайце-ж мяне ўважліва. Маё апавяданне зацікавіць вас, таму што яно крышку растлумачыць адно пытанне, якое вы безумоўна ставілі сабе і не маглі адказаць:

— Я слухаю вас, капітан, — адказаў я, устрывожаны гэтай прадмовай.

Я не ведаў да чаго вядзе сваю прамову капітан, і пытаў сябе, ці мае сувязь яго гісторыя з нашай няўдалай спробай уцячы.

— Калі дазволіце, спадар прафесар, — казаў капітан, — мы пачнём з 1702 года. Можа вы памятаеце, што ў тую эпоху французскі кароль Людовік шаснаццаты, думаўшы сабе, што даволі яму паварушыць пальцам, каб Пірэнеі праваліліся скрозь зямлю, пасадзіў на іспанскі прастол свайго ўнука, герцага Анжуйскага. Гэтаму ў дастатковай ступені бясталентнаму прынцу, панаваўшаму пад імем Філіпа пятага, прыйшлося сутыкнуцца з моцнымі вонкавымі ворагамі.

Сапраўды, годам раней, у 1701 годзе галандскі, аўстрыйскі і англійскі каралі заключылі ў Гаазе саюз, які ставіў сабе задачай сарваць іспанскую карону з галавы Філіпа пятага і ўзлажыць яе на галаву нейкага эрцгерцага, якога яны заўчасна называлі ўжо Карлам трэцім.