Выбрать главу

Іспанія павінна была змагацца супраць гэтай кааліцыі, але ў яе амаль не было ні салдат, ні матросаў. Аднак у грошах у яе недахвату не было, пры ўмове, вядома, што гружаныя амерыканскім золатам і срэбрам галіёны змогуць бесперашкодна ўвайсці ў яе парты. Акурат у канцы 1702 года Іспанія чакала багаты транспарт з Амерыкі, які канваіравала французская эскадра ў складзе дваццаці трох суднаў пад камандай адмірала Шато-Рэно. Гэты канвой быў неабходны, бо аб’яднаны флот ворагаў Іспаніі знаходзіўся ў Атлантычным акіяне.

Транспарт накіроўваўся ў Кадыкс, але адмірал даведаўся, што ў кадыкскіх водах крэйсіруе англійская эскадра, і вырашыў увайсці ў які-небудзь французскі порт.

Аднак іспанскія капітаны запратэставалі супраць гэтага рашэння. Яны патрабавалі даставіць іх толькі ў іспанскі порт і, паколькі ў Кадыкс нельга было прабрацца, прапанавалі ісці ў бухту Віго, якая не была блакавана ангельцамі.

Адмірал Шато-Рэно меў слабасць згадзіцца з гэтым патрабаваннем і галіёны ўвайшлі ў бухту Віго.

На жаль, гэтая бухта шырока адкрыта з боку мора і заступіць доступ у яе было немагчыма. Таму трэба было спяшацца з выгрузкай галіёнаў, пакуль не прыйшоў флот варожай кааліцыі; часу на гэта было зусім дастаткова, і ўсё абышлося-б добра, каб раптам не ўзнікла бязглуздая справа аб парушэнні прывілей…

— Вы ўважліва сочыце за маім апавяданнем? — раптам абарваў сябе капітан Нэма.

— Вельмі ўважліва, — сказаў я, ніяк не разумеючы, з якой мэтай ён чытае мне гэтую лекцыю па гісторыі.

— У такім разе я працягваю. Вось што здарылася. У кадыкскіх гандляроў была прывілея, згодна якой усе грузы, прыбываўшыя з Вест-Індыі, як тады называлі Амерыку, павінны былі разгружацца ў Кадыкса. Такім чынам, разгрузка галіёнаў з золатам у бухце Віго з’яўлялася парушэннем іхняй прывілеі. Яны паскардзіліся ў Мадрыд і дабіліся ад слабага воляй Філіпа пятага абяцання, што транспарт, не прыступаючы да разгрузкі, будзе секвестраваны[44] ў бухце Віго да таго часу, пакуль флот кааліцыі не зніме блакады з Кадыкса. Але пакуль гэтае рашэнне выносілася ў Мадрыдзе, дваццаць другога кастрычніка 1702 года англійскія судны ўвайшлі ў бухту Віго. Адмірал Шато-Рэно, не гледзячы на бясспрэчную перавагу сіл супраціўніка, мужна змагаўся. Але, убачыўшы, што залаты транспарт немінуча павінен трапіць у рукі ворагаў, ён падпаліў і патапіў галіёны, якія пайшлі на дно разам са сваім скарбам.

Капітан Нэма змоўк. Прызнацца, я ўсё яшчэ не разумеў, чым мяне павінна была зацікавіць гэтая гісторыя.

— А далей? — запытаў я.

— Далей? Далей тое, што мы цяпер знаходзімся на дне гэтай самай бухты Віго, і толькі ад нас зале-жыць пранікнуць у яе таямніцы.

Капітан падняўся і запрасіў мяне ісці за ім. Я паспеў ужо авалодаць сабою і спакойна пайшоў за ім.

У салоне было цёмна; скрозь адчыненыя акяніцы віднелася іскрыстая марская вада. Я падышоў да акна.

Пражэктар ярка асвятляў ваду на паўмілі па радыусу. Святло яго было настолькі моцным, што можна было разгледзець кожную пясчынку.

Матросы з каманды «Наўтылуса», апранутыя ў скафандры, варушылі на дне паўзгнілыя бочкі, паламаныя скрынкі, выцягваючы іх з кучы іншых адломкаў. З гэтых скрынак і бочак бруілася золата, срэбра, каштоўныя каменні. Увесь пясок быў засыпаны імі. Узваліўшы на спіну скрыню альбо бочку, матросы ішлі да карабля, складалі свой каштоўны груз і вярталіся за новым запасам у гэтую невычарпальную скарбніцу.

Цяпер я зразумеў. Гэта было месца марской бойкі. Тут 22 кастрычніка 1702 года затапіліся галіёны, якія везлі золата іспанскаму каралю. У гэтых залатых пясках капітан Нэма чэрпаў золата, калі яно яму было патрэбна. Толькі яму, яму аднаму належалі гэтыя бочкі, гэтыя скрыні. Ён быў непасрэдным і адзіным наследнікам усяго гэтага багацця, адабранага ад інкаў[45] Эрнандам Кортэсам[46].

— Ці ведалі вы, спадар прафесар, — усміхаючыся, запытаўся капітан Нэма, — што мора змяшчае гэткае багацце?

— Я ведаў толькі тое, што ў марской вадзе растворана каля двух мільёнаў тон срэбра.

— Гэта правільна, але каб дастаць гэтае срэбра з вады, прыйшлося-б зрабіць больш выдаткаў, чымся атрымаць прыбытку. А тут трэба толькі сагнуцца, каб падняць тое, што людзі згубілі. І не толькі бухта Віго служыць для мяне скарбніцай: ёсць яшчэ тысячы не менш багатых месцаў крушэнняў, адзначаных на маёй падводнай карце. Разумееце вы цяпер, што маё багацце мераецца мільярдамі?

вернуться

44

Секвестр — забарона, накладзеная на якую-небудзь маёмасць уладай.

вернуться

45

Інкі — самае значнае і багатае племя ў Паўднёвай Амерыцы да яе заваёвы іспанцамі.

вернуться

46

Кортэс — іспанскі дваранін, заваёўнік Мексікі.