Выбрать главу

Позна ўвечары, каля адзінаццаці гадзін, да мяне нечакана зайшоў капітан Нэма.

Ён вельмі ласкава запытаў мяне, ці не стаміў мяне ўчарашні вечар.

Я адказаў, што ані трохі.

— У такім выпадку, спадар прафесар, я прапаную вам прыняць удзел у вельмі цікавай экскурсіі, — сказаў ён.

— Калі ласка, капітан.

— Вы да гэтага часу наведвалі марское дно толькі ўдзень, пры сонечным асвятленні. Хочаце паглядзець на яго ў цёмную ноч?

— З вялікай ахвотай.

— Папераджаю вас, што шпацыр будзе ўтомны. Прыйдзецца шмат хадзіць і ўзбірацца на горы. Дарогі тут, як вам вядома, зусім дрэнныя.

— Вы толькі раздражнілі маю цікавасць, капітан. Я гатовы ісці за вамі.

— Тады пойдзем у гардэробную, спадар прафесар. Трэба надзець скафандры.

У гардэробнай я ўбачыў, што ні матросы з экіпажа «Наўтылуса», ні мае таварышы не суправаджалі нас у гэтую экскурсію. Капітан Нэма нават не прапанаваў мне запрасіць Нэда Лэнда і Канселя.

Мы хутка апрануліся ў скафандры. Нам на спіну надзелі рэзервуар з вялікім запасам паветра. Але апаратаў Румкорфа і электрычных лямп нам не далі.

Я звярнуў на гэта ўвагу капітана.

— Яны не спатрэбяцца нам, — адказаў ён.

Мне здалося, што я не зусім пачуў, але паўтарыць сваю заўвагу я не змог, бо капітан ужо прасунуў галаву ў каску. Я паследваў яго прыкладу. Мне сунулі ў руку акаваны жалезам кій, і праз некалькі хвілін, пасля звычайных працэдур, мы ступілі на дно Атлантычнага акіяна на глыбіні трыста метраў.

Набліжалася поўнач. У вадзе было зусім цёмна, але капітан Нэма паказаў мне на нейкую чырвоную кропку, мільгаючую быццам вогнішча за дзве мілі ад «Наўтылуса». Што гэта быў за агонь, што падтрымлівала яго, як і чаму ён гарэў пад вадою, я не мог сабе ўявіць. Як-бы там ні было, але ён асвятляў нам шлях, няхай слаба, але дастаткова, каб не адчуць патрэбы ў апаратах Румкорфа.

Я ішоў побач з капітанам Нэма прама на гэты агонь. Дно, роўнае раней, цяпер значна павышалася.

Мы ішлі вялікімі крокамі, абапіраючыся на палкі, але, не гледзячы на гэта, наогул рухаліся даволі марудна, бо ногі нашы часта грузлі ў твані.

Усю дарогу над маёй галавою чутны быў нейкі трэск; часамі трэск павялічваўся, нагадваючы барабанны бой. Неўзабаве я здагадаўся аб прычынах гэтага шуму. Над паверхняю акіяна ішоў дождж, і каплі яго бесперапынна стукаліся аб паверхню хваляў. Я спачатку спалохаўся, што прамокну, але тут-жа рассмяяўся ад гэткай думкі. Страшыцца дажджу, знаходзячыся пад вадою! Але справа ў тым, што пад скафандрам не адчуваеш, што знаходзішся ў вадзе, і заўважаеш хіба толькі, што навакольнае асяроддзе шчыльней за паветра.

Пасля паўгадзіны хады глеба зрабілася камяністай. Медузы, мікраскапічныя ракападобныя асвятлялі яе слабым фасфарычным блескам. Некаторыя камяні былі ўсеяны зоафітамі, іншыя параслі водарасцямі. Я некалькі разоў паслізнуўся на глейкім дне. І каб не было ў мяне кія, я, без сумнення, не раз упаў-бы. Азіраючыся назад, я ўвесь час бачыў пражэктар «Наўтылуса», які пачынаў ужо бляднець на адлегласці.

Крушні каменняў былі размешчаны на дне акіяна як быццам не выпадкова, а ў пэўным строгім парадку.

Я бачыў у цемры нейкія гіганцкія прамыя выемкі альбо барозны. Я назіраў яшчэ нейкія дзіўнасці, якіх таксама не мог растлумачыць сабе. Мне здавалася, што мае цяжкія, падбітыя свінцом боты ступаюць па касцях і з сухім трэскам трушчаць іх. Якім дзіўным месцам была гэтая прасторная даліна, па якой мы ішлі!

Я хацеў задаць пытанне капітану, але не ведаў тых умоўных знакаў, пры дапамозе якіх ён гутарыў са сваімі матросамі, калі яны суправаджалі яго ў падводныя экскурсіі.

Між тым чырванаватае святло, што служыла нам праводнай зоркай, узмацнялася і залівала цяпер увесь кругавід. Гэты агонь, які гарыць пад вадой, распаліў да крайнасці маю цікавасць. Ці было гэта электрычнае святло? Або гэта які-небудзь феномен, невядомы зямным вучоным? А можа, — і такая думка мільганула ў маёй галаве, — гэта агонь, які падтрымлівае чалавек? Можа ў гэтых глыбокіх пластах вады я сустрэнуся з таварышамі і аднадумцамі капітана Нэма, якія вядуць такое-ж дзівоснае жыццё як і ён. Няўжо я знайду тут цэлую калонію выгнаннікаў, якія стаміліся ад людской несправядлівасці і стварылі незалежны і спакойны прытулак на дне акіяна?

Гэтыя бязглуздыя, недарэчныя думкі не выходзілі з маёй галавы. Ды і не дзіва. У тым становішчы вечнага ўзбуджэння, у якім мяне трымала бесперапыннае сузіранне ўсё новых цудаў, я-б нават не здзівіўся, натрапіўшы ў глыбіні мора на адзін з гэтых падводных гарадоў, аб якіх марыў капітан Нэма.