Выбрать главу

Наш шлях асвятляўся ўсё ярчэй і ярчэй. Крыніца святла знаходзілася недзе за верхавінай гары, што падымалася футаў на восемсот над дном. Святло, разлітае вакол мяне, было толькі пераломленымі ў вадзе праменнямі гэтае крыніцы, а само яно па-ранейшаму заставалася нябачным.

Капітан Нэма ішоў упэўнена па каменнаму лабірынту дна. Ён добра ведаў гэтую цёмную дарогу. Відаць, ён часта праходзіў па ёй, бо не баяўся зблудзіць. Я ішоў за ім, поўны давер’я. Ён здаваўся мне нейкай надзвычайнай істотай, падводным геніем, і я любаваўся яго высокай фігурай, цёмны контур якой адзначаўся на светлым фоне кругавіда.

Было ўжо каля гадзіны поўначы. Мы падышлі да падножжа гары. Але ўзбірацца на яе ў лоб было немагчыма, і мы пачалі караскацца па вузкіх сцежках у густым лесе.

Так, гэта быў лес, няхай з мёртвых, пазбаўленых лісця дрэў, скамянелых у салёнай вадзе, але ўсё-такі сапраўдны лес. Над гэтым лесам месцамі ўсё яшчэ ўзвышаліся гіганцкія сосны. Гэта быў каменны вугаль, яшчэ не сціснуты ў пласты, яшчэ стаячы прама, учапіўшыся мёртвымі каранямі за размытую глебу; галлё скамянелых дрэў усё яшчэ прасціралася ва ўсе бакі, выразна адзначаючыся сваёй ажурнай чарнатой у асвятлёнай вадзе. Сцяжынкі зараслі водарасцямі, у якіх варушыліся тысячы ракападобных. Я ўзбіраўся на скалы, пераскокваючы праз зваленыя даўнімі бурамі камлі дрэў, разрываў павуцінне марскіх ліян, якія загароджвалі мне дарогу, пудзіў рыб, як быццам пералятаўшых з галіны на галіну. Захапіўшыся, я не адчуваў стомы і не адставаў ад свайго правадніка, які, відаць, таксама не адчуваў зморанасці.

Якое незабыўнае відовішча! Як перадаць яго словамі? Якімі фарбамі намаляваць дрэвы і скалы ў вадзе, іхнія хмурыя падножжы і афарбаваныя ў чырвонае верхавіны, што яскравіліся і пераліваліся вясёлкаю у рассеяным святле пераламаных праменняў?

Мы пераскоквалі з кучы на кучу і чулі, як толькі што пакінутыя намі скалы коцяцца ўніз з глухім грукатам снежнай лавіны. Направа і налева ішлі ў далячыню змрочныя алеі, у глыбіні якіх губляўся змрок. Мы бачылі прасторныя лужайкі, здавалася расчышчаныя рукамі чалавека, і я мімаволі, пытаў сябе: а што, калі раптам перад намі з’явіцца адзін з жыхароў гэтай падводнай краіны?..

Капітан Нэма ўсё ішоў ды ішоў наперад. Я не хацеў адставаць і адважна следваў за ім. Мая палка давала мне рэальную дапамогу. Адзін няверны крок мог быць гібельным на гэтых вузкіх, пралягаючых па берагах бяздоння сцяжынках. Але я ўпэўнена прасоўваўся наперад, не адчуваючы ніякага галавакружэння. Я скакаў праз расколіны, глыбіня якіх — сустрэнься яны мне ў ледавіках зямлі — прымусіла-б мяне адступіць. Я адважваўся пераходзіць праз бяздонні па хісткіх ствалах дрэў, перакінутых з аднаго боку на другі, ні разу не зірнуўшы сабе пад ногі і не перастаючы захапляцца незвычайнай прыгожасцю раскінутых перада мною пейзажаў. Велічныя скалы, якія схіліліся на сваіх дзівачна высечаных падставах, здавалася, абвяргалі ўсе законы раўнавагі. Побач шырокія, размытыя спады віселі над сцежкамі пад такім кутом, які законы цяжару не дапусцілі-б на зямлі.

Ды і сам я адчуваў на самім сабе ўплыў вялікай шчыльнасці воднага асяродзішча: не гледзячы на цяжкую вопратку, медную каску на галаве і падбітыя свінцом падэшвы, я ўзбіраўся на стромкія сцены з лёгкасцю пірэнейскай сарны!

Я сам адчуваю, як непраўдападобна гучыць гэтая частка майго апавядання. Я павінен апісваць з’явы, якія на першы погляд здаюцца немажлівымі, але якія ў той-жа час рэальна існуюць. Я не брэдзіў, не марыў. Усё гэта я бачыў і адчуваў.

Праз дзве гадзіны пасля таго, як мы пакінулі «Наўтылус», мы падняліся вышэй лініі пашырэння лесу, і на сотню футаў над намі ўзвышалася верхавіна гары.

Тут віднеліся ўжо толькі рэдкія гушчары хмызняку, пераплеценага ў нейкі дзіўны ўзор. Рыбы масамі вырываліся з-пад нашых ног, як спужаныя птушкі з высокай травы.

Скалісты масіў быў зрэзаны непраходнымі расколінамі, глыбокімі пячорамі, бяздоннымі праваламі, у глыбіні якіх мне здаваліся жудасныя рэчы. Кроў хваляй прылівала да майго сэрца, калі дарогу раптам загароджвалі велічэзныя шчупальцы альбо страшэнная клюшня, якая з шумам зачынялася пры нашым набліжэнні.

Тысячы светлых кропак блішчэлі ў цемры. Гэта былі вочы гіганцкіх крабаў, што хаваюцца ў сваіх логавах, гіганцкіх амараў, якія рухаюць сваімі лапамі нібы алебардамі, жудасных спрутаў, чые гіганцкія шчупальцы выгіналіся, як жывая загарадзь са змей.

Гэта быў яшчэ незнаёмкі мне свет страшыдлаў. Да якіх відаў належаць гэтыя членістаногія, якім скалы служылі нібы другім панцырам? Як магла прырода захаваць тайну іхняга існавання? Колькі вякоў жывуць яны ўжо ў гэтых глыбінях акіяна?