Выбрать главу

Але здарылася катастрофа — паводка, землетрасенне. Досыць было адной ночы і аднаго дня, каб з твару зямлі знікла Атлантыда, і толькі самыя высокія яе верхавіны — Мадэра, Азорскія астравы, Канарскія, астравы Зялёнага мыса — засталіся над паверхняй акіяна…

Вось якія гістарычныя ўспаміны ўзніклі ў маім мазгу ад начартанага капітанам Нэма слова. І вось лёс закінуў мяне сёння на верхавіну адной з гор гэтага загінуўшага кантынента, дазволіў крануць рукой руіны будынкаў, існаваўшых шмат тысячагоддзяў! Я ступаў па глебе, па якой хадзілі першыя жыхары зямлі! Пад маімі падбітымі свінцом ботамі трашчалі шкілеты жывёл, якія жылі ў казачна-далёкія часы пад ценем гэтых дрэў, што тысячы гадоў спяць каменным сном!

Ах, чаму ў мяне не было часу. Я-б спусціўся па стромкаму схілу гары і абышоў-бы з канца ў канец гэтае вялізнае сухазем’е, пэўна злучаўшае калісьці Афрыку з Амерыкай; я наведаў-бы ўсе яго гарады, існаваўшыя задоўга да сусветнага патопа, пабудаваныя волатамі, якія жылі цэлыя стагоддзі і ўладалі такой вялізнай сілай, што іхнія пабудовы цэлыя тысячагоддзі супраціўляюцца разбураючаму дзеянню вады!.. Можа прыйдзе дзень, калі тэктанічны[52] працэс зноў падыме на паверхню вады гэтыя пахаваныя на дне марскім руіны. Мы-ж ведаем цэлы шэраг дзейнічаючых вулканаў у гэтай частцы акіяна. Нямала маракоў адзначалі моцныя штуршкі ў час плавання над гэтымі ўсхваляванымі глыбінямі. Адны чулі глухі шум барацьбы раз’юшаных стыхій, другія заўважалі плаваючыя на паверхні вулканічныя попел і пыл. Уся гэтая частка планеты, да самага экватара — краіна, энергічнай вулканічнай дзейнасці. Хто ведае, можа і сапраўды ў далёкім будучым усё новыя і новыя пласты лавы зноў выведуць на паверхню акіяна верхавіны вогненых гор?

У той час, калі я аддаваўся гэтым марам, стараючыся разам з тым замацаваць у сваёй памяці ўсе падрабязнасці грандыёзнага пейзажа, капітан Нэма, абапёршыся аб паросшы водарасцямі слуп, стаяў нерухомы, у нямым экстазе. Ці думаў ён аб загінуўшых пакаленнях? Ці пытаў сябе пра лёс будучых пакаленняў? А можа гэты дзіўны чалавек, які ненавідзеў сучаснасць, прыходзіў сюды, каб пажыць жыццём старадаўніх? Чаго-б я ні даў, каб разгадаць яго думкі!

На працягу гадзіны мы заставаліся на месцы, сузіраючы шырокую раўніну, асвятлёную выкінутымі патокамі лавы таксама ярка, як сонечным святлом. Бакі гары часам уздрыгвалі ад кіпення лавы ў яе нетрах. Глухі шум, які выразна перадаваўся праз ваду, гучэў грозна і велічна.

У гэты момант праменні месяца прарэзалі пласты вады і на працягу некалькіх хвілін асвятлялі затануўшы кантынент. Немагчыма перадаць словамі патрасаючы эфект гэтага відовішча! Капітан Нэма раптам адышоў ад слупа, зірнуў апошні раз на бязмежную раўніну і зрабіў мне рукою знак ісці за ім.

Мы хутка спусціліся з гары. Як толькі мы вышлі з мёртвага лесу, я ўбачыў пражэктар «Наўтылуса», які блішчэў, як зорка.

Капітан пайшоў прама на яго. Мы вярнуліся на борт, калі першыя праменні золаку асвятлілі кругавід над акіянам.

Раздзел дзесяты

Падводныя капальні

На другі дзень, 20-га лютага, я прачнуўся вельмі позна. Начная экскурсія так стаміла мяне, што я праспаў да адзінаццаці гадзін.

Я хутка апрануўся і выйшаў у салон: мне дужа хацелася даведацца аб кірунку «Наўтылуса». Прылады паведамілі мне, што ён па-ранейшаму ідзе на поўдзень з хуткасцю дваццаці міль у гадзіну і на глыбіні ў сто метраў.

Кансель зайшоў у салон. Я расказаў яму аб нашай начной экскурсіі. У гэты час рассунуліся акяніцы, і ён мог убачыць частку затануўшага сухазем’я.

«Наўтылус» ішоў усяго на якім-небудзь дзесятку метраў ад «глебы» Атлантыды. Ён імчаўся наперад, як паветраны шар над зямной раўнінай; але вярней было-б параўнаць нашыя адчуванні з уражаннямі пасажыраў кур’ерскага поезда, якія разглядаюць пралятаючыя міма пейзажы з акна вагона.

Перад нашымі вачыма мільгалі фантастычныя абрысы скал, лясоў, хмызнякоў, перайшоўшых з расліннага царства ў мінеральнае; награмаджэнне каменняў і адломкаў будынкаў, пакрытых каўрамі з асцыдый, анемонаў, даўгіх стаячых ніцей водарасцяў; нарэшце груды лавы, нямыя сведкі дзейнасці падземнага агню.

У той час, як гэтыя дзівосныя малюнкі мільгалі перад намі, вырваныя з цемры праменнямі пражэктароў «Наўтылуса», я расказваў Канселю аб атлантах і Атлантыдзе, існаванне якой было цяпер абсалютна бясспрэчным для мяне. Але ўвага Канселя была нечым адцягнута; ён слухаў мяне безуважліва. Неўзабаве я зразумеў, чым тлумачыцца яго абыякасць да гэтай вялікай загадкі гісторыі: каля нас праносіліся рыбы, а калі Кансель бачыў іх, ён пагружаўся ў нетры класіфікацыі і ўвесь астатні свет не існаваў для яго. Мне не заставалася нічога іншага, як спыніць апавяданне і разам з ім заняцца іхтыялагічнымі даследваннямі.

вернуться

52

Працэс зрухаў земнай кары, землетрасенне.