Дваццатага ліпеня мы другі раз перасеклі тропік Казерога пад 105° даўгаты, а 27 таго-ж месяца перайшлі экватар пад 110° даўгаты. У той-жа дзень фрэгат узяў курс на захад, да цэнтральнага басейна Ціхага акіяна. Капітан Фарагут правільна лічыў, што больш шансаў на сустрэчу было ў глыбокаводных зонах, далей ад кантынентаў і астравоў, прыбліжацца да якіх страшыдла да гэтага часу ўхілялася, «мабыць таму, што там мора невыстарчальна глыбокае для яго», як тлумачыў наш боцман.
Фрэгат такім чынам мінуў астравы Паўмоту, Маркізскія, Сандвічавы, перасек тропік Рака пад 132° даўгаты і накіраваўся ў Кітайскае мора.
Нарэшце мы дабраліся да месца, дзе апошні раз было спаткана страшыдла! Усе сэрцы біліся з такою шпаркасцю, што на фрэгаце пэўна павінны былі шырока распаўсюдзіцца сардэчныя хваробы. Уся каманда была занята неадчэпнаю ідэяй. Людзі не спалі, не елі па цэлых тыднях. Па дваццаць разоў на дзень памылкі зроку выклікалі выбухі радасці, і гэтае кожны раз ашуканае чаканне трымала каманду ў стане такога нервовага напружання, якое не абяцала нічога добрага.
І сапраўды, рэакцыі не прыйшлося доўга чакаць. На працягу трох месяцаў — трох месяцаў, кожны дзень якіх цягнуўся цэлы век! — «Аўраам Лінкальн» аб’ехаў удоўж і ўпоперак усю паўночную частку Ціхага акіяна, кідаючыся наўздагон за заўважанымі кітамі, робячы раптоўныя павароты з галса на галс, раптам спыняючыся, то ўзмацняючы, то змяншаючы пару з рызыкай папсаваць машыну, і не пакінуў не абследванай ніводнай кропкі ад берагоў Японіі да Амерыканскага кантынента. Але дарма! Зусім нічога не ўдалося знайсці ў велізарным даследваным прасторы! Нічога, што хоць крыху напамінала-б гіганцкага нарвала, або падводны астравок, або абломак крушэння, ці рухаючыйся рыф, або іншага якога-небудзь д’ябла! Нічога!
Адбылася рэакцыя. Роспач працярэбіла шлях нявер’ю. Адно пачуццё авалодала ўсімі: яно складалася з трох дзесятых сораму і сямі дзесятых крыўды. Кожнаму было сорамна, што ён застаецца ў дурнях, паверыўшы бязглуздай байцы, і яшчэ больш за сорам было крыўдна. Горы довадаў, што складаліся на працягу цэлага года, разбурыліся ў адзін дзень, і цяпер кожны думаў толькі пра тое, як нагнаць у гадзіны сна і яды так бязглузда патрачаны час.
З уласцівай чалавечаму розуму нясталасцю, людзі з адной крайнасці кінуліся ў другую. Самыя гарачыя прыхільнікі экспедыцыі сталі яе самымі лютымі ворагамі. Нявер’е хваляю заліло ўвесь фрэгат ад трумаў да кают-кампаніі, і каб капітан Фарагут не выявіў нейкай незразумелай упартасці, то «Аўраам Лінкальн» адразу павярнуў-бы носам на поўдзень.
Але гэтыя бескарысныя пошукі не маглі працягвацца бясконца. «Аўрааму Лінкальну» не было ў чым папракаць сябе — карабель зрабіў усё, ад яго залежачае, каб паспяхова выканаць даручэнне. Ніколі яшчэ каманда амерыканскага карабля не праяўляла такой стараннасці і доўгага цярпення. Менш за ўсё яна заслужыла дакору ў непаспяховасці экспедыцыі. Відаць, нічога не заставалася рабіць, як вярнуцца.
Капітану Фарагуту была зроблена адпаведная заява. Ён не паддаўся.
Матросы не ўтойвалі свайго нездавальнення, і дысцыпліна на судне аслабла. Я не хачу сказаць, што на судне пачаўся бунт, але пасля некаторага супраціўлення капітан Фарагут, як у свой час Калумб, папрасіў у каманды тры дні цярпення: калі на працягу гэтых трох дзён страшыдла не будзе знойдзена, «Аўраам Лінкальн» паверне назад.
Гэта абяцанне было дадзена 2 лістапада. Яно адразу ўзняло настрой каманды. Людзі зноў пачалі ўглядацца ў хвалі з новаю ўвагаю. Біноклі і падзорныя грубы зноў былі пушчаны ў ход. Гэта было апошнім выклікам гіганцкаму нарвалу, і, здавалася, ён не мог цяпер не прыняць запрашэння паказацца…
Так мінулі два дні. «Аўраам Лінкальн» ішоў малым ходам. Каманда прыдумвала тысячы спосабаў, каб прыцягнуць увагу нарвала, або вывесці яго з стану апатыі, калі толькі ён знаходзіцца недалёка.
Вялізныя кавалкі сала кідаліся за борт, на вялікую радасць акулам, што натоўпамі суправаджалі фрэгат. Шлюпкі фрэгата шнырылі па моры ва ўсіх кірунках, даследуючы кожны квадратны метр яго паверхні. Але прышоў ужо вечар 4 лістапада, а падводная тайна па-ранейшаму заставалася нераскрытай.
На наступны дзень, 5 лістапада, апоўдні канчаўся вызначаны тэрмін. З апошнім ударам дванаццаці гадзін капітан Фарагут, верны свайму слову, павінен быў загадаць павярнуць на паўднёвы ўсход і канчаткова пакінуць паўночную частку Ціхага акіяна.
Фрэгат знаходзіўся ў гэты час пад 31°15´ паўночнай шыраты і 136°42´ усходняй даўгаты. Японія была менш як у двухстах мілях пад ветрам. Надыходзіла ноч. Склянкі прабілі восем гадзін. Густыя хмары завалаклі вузкі серп месяца, які толькі што ўступіў у сваю першую квадру. Мора павольна гойдала фрэгат.