Выбрать главу

Падзякаваўшы капітана, я адправіўся да сваіх таварышаў, якія яшчэ не выходзілі з сваёй каюты. Я прапанаваў ім пайсці за мною, не гаворачы, дзе мы знаходзімся.

Яны вышлі на палубу. Кансель, які ніколі не здзіўляўся, знайшоў і цяпер зусім натуральным, што заснуўшы пад вадою, ён прачнуўся пад зямлёю. Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён зацікавіўся толькі адным — ці няма якога-небудзь выхаду з гэтай пячоры на вольнае паветра?

Пасля снедання, гадзін каля дзесяці раніцы, мы сышлі на бераг.

— Вось мы і зноў на зямлі! — сказаў Кансель.

— Ну, якая-ж гэта зямля! — адказаў канадзец. — Ды апрача таго мы не на, а пад зямлёй.

Паміж возерам і падножжам сцяны быў пясчаны пляж, найбольшая шырыня якога не перавышала пяцьсот футаў. Па гэтым пясчаным беразе можна было лёгка абыйсці вакол усяго возера.

Ля падножжа сцен пячоры былі навалены ў хаатычным беспарадку выкінутыя вулканічныя камлыгі, адломкі скал і вялізныя кавалкі пемзы.

Растопленая падземным агнём і затым застыўшая паверхня гэтых каменняў блішчэла тысячамі агнёў пры святле пражэктара «Наўтылуса». Слюдзяны пыл, падняты ў паветры нашымі крокамі, разлятаўся ва ўсе бакі мірыядамі светлячкоў.

Далей ад берагу глеба ўзвышалася ступенямі, якія нагадвалі прыступкі лесвіцы, але перасоўвацца прыходзілася з вялікай асцярожнасцю, бо каменні нічым не былі сцэментаваны паміж сабою і хісталіся пад нагамі.

Вулканічнае паходжанне гэтай гіганцкай пячоры выяўлялася літаральна на кожным кроку.

Я звярнуў на гэта ўвагу маіх спадарожнікаў.

— Ці ўяўляеце вы сабе, які выгляд мела сярэдзіна гэтай пячоры ў тыя дні, калі яна была напоўнена кіпячай лавай, калі ўзровень гэтай вогненай вадкасці падымаўся да самага кратэра гары, як растоплены метал унутры горна?

— Добра ўяўляю сабе гэта, — адказаў Кансель. — Але ці не скажа нам гаспадар, чаму спыніўся гэты працэс, і як здарылася, што ў распаленым жэрале вулкана цяпер мірна плёскаецца вада?

— Хутчэй за ўсё, Кансель, — сказаў я, — што перамена адбылася пад уплывам землетрасення, у выніку якога ў спадзе гары зрабілася расколіна — тая самая, праз якую «Наўтылус» прайшоў у гэтую пячору. Скрозь яе-ж воды Атлантычнага акіяна рынуліся ў цэнтр вулкана. Тут павінна была здарыцца страшэнная сутычка паміж агнём і вадой, якая скончылася перамогай вады. З таго часу прайшло, мабыць, шмат вякоў, і заліты вулкан зрабіўся мірным падземным возерам.

— Добра, — заявіў Нэд Лэнд, — я прымаю ваша тлумачэнне, але шчыра шкадую, што гэтая шчыліна, аб якой вы толькі што казалі, спадар прафесар, знаходзіцца пад, а не над узроўнем мора. Нам было-б карысней, каб было наадварот.

— Вы забываецеся, Нэд — заўважыў Кансель, — што калі-б гэты канал не быў-бы падводным, «Наўтылус» не мог-бы ў яго ўвайсці, тады нам абсалютна ніякай карысці ад яго не было-б.

— Не гаворачы ўжо аб тым, што ў гэтым выпадку і вулкан застаўся-б дзейным вулканам, — дадаў я. — Вашы шкадаванні, Нэд Лэнд, дарэмныя.

Мы ўсё падымаліся. Сцежка рабілася ўсё больш вузкай і стромкай. Глыбокія расколіны загароджвалі нам дарогу, і мы павінны былі пераскокваць праз іх.

Часам абвал скалы прымушаў нас шукаць абходнай дарогі, і тут нам прыходзілася поўзаць на жываце, караскацца рукамі і нагамі. Але дзякуючы спрытнасці Канселя і дужасці Нэда Лэнда, мы перамаглі ўсе гэтыя перашкоды.

На вышыні прыкладна трыццаці метраў характар глебы змяніўся, але яна зрабілася больш зручнай для хады. Тут трахіты і вулканічныя кангламераты змяніліся чорным базальтам, які то рассцілаўся гладкай паверхняй, трохі шурпатай ад застыўшых пузыроў лавы, то ўзнімаўся правільнымі прызмамі, падтрымліваўшымі нізка навіслыя ў гэтым месцы скляпенні натуральнымі калонамі — дзівосным узорам архітэктурнага мастацтва прыроды. Паміж базальтавых скал віліся застыўшыя патокі лавы, у якія былі ўкроплены палоскі бітумінозных сланцаў і шырокія, няправільнай формы нацёкі серы. Рассеяныя і бледныя праменні дзённага святла, пранікаўшыя сюды скрозь адтуліну кратэра, цмяна асвятлялі гэтыя пароды, навекі пахаваныя ў нетрах згаслага вулкана.

На вышыні прыкладна двухсот пяцідзесяці футаў наш далейшы пад’ём спыніла непераможная перашкода: сцены тут нахіляліся ў сярэдзіну пячоры пад значным кутом; прышлося адмовіцца ад спробы падняцца вышэй, і мы рушылі ўздоўж нізка навіслага скляпення.

У гэтым месцы расліннае царства яшчэ не саступіла царству мёртвай прыроды. Некалькі кустоў і нават паасобныя дрэўцы раслі ў шчылінах скал. Я ўбачыў тут кусты малачайніка, вылучаўшага свой едкі сок; некалькі змарнелых, пазбаўленых паху геліятропаў, дарэчы кажучы, зусім не адпавядаючых тут сваёй грэцкай назве «звернутых да сонца», бо сонечныя праменні ніколі не даходзілі да іх; мізэрныя хрызантэмы раслі ля падножжа хворага выгляду алоэ; нарэшце між застылымі патокамі лавы квітнелі фіялкі, і тут захаваўшыя свой тонкі пах, які, прызнацца, я ўдыхаў з найвялікшай асалодай. Пах — гэта душа кветкі, а марскія кветкі, такія прыгожыя на выгляд гідрафіты, не маюць душы…