Выбрать главу

Мы падышлі да падножжа групы драцэнавых дрэў, магутныя карэнні якіх рассоўвалі скалы, і тут раптам Нэд Лэнд крыкнуў:

— Глядзіце, глядзіце! Вулей!

— Вулей? — недаверліва паўтарыў я. — Не можа быць!

— Ды паглядзіце-ж! — настойваў канадзец. — Сапраўдны вулей з сапраўднымі пчоламі!

Я падышоў бліжэй. У дупле аднаго з дрэў сапраўды знаходзіўся вулей, у якім гулі некалькі тысяч гэтых працавітых і вынаходлівых стварэнняў, гэтак пашыраных на Канарскіх астравах.

Зусім натуральна, што канадзец зараз-жа захацеў зрабіць запас мёду, і мне нічога не заставалася рабіць, як дапамагчы яму ў гэтым.

Мы набралі сухога лісця, дадалі серы і гэтую мешаніну запалілі пры дапамозе іскры, якую высеклі з крэсіва Нэда Лэнда. Дым хутка выкурыў пчол, і калі іхняе гудзенне сціхла воддалі, Нэд Лэнд напоўніў сваю падарожную сумку некалькімі кілаграмамі добрага свежага мёду.

— Я змяшаю гэты мёд з цестам хлебнага дрэва і прыгатую вам гэткае пірожнае, што вы пальчыкі абліжаце! — заявіў канадзец.

— Ну і пірожнае! — адказаў Кансель. — Гэта будзе проста мядовы пернік.

— Няхай сабе будзе мядовы пернік, — умяшаўся я. — Не варта спрачацца. Давайце лепш працягнем нашу цікавую прагулку.

З некаторых пунктаў сцежкі, па якой мы ішлі, відаць было ўсё возера. Пражэктар «Наўтылуса» ярка асвятляў яго воды, люстранай гладкасці якіх не парушалі ні хвалі, ні подых ветрыка. «Наўтылус» быў зусім нерухомы. На яго палубе і на беразе варушыліся матросы, чорныя сілуэты якіх рэзка вызначаліся ў яркім святле пражэктара.

Мы дасягнулі ў гэты час вышэйшага пункта гэтых скалістых тэрас, якія ішлі вакол усіх сцен пячоры. Тут я пераканаўся, што пчолы не былі адзінымі прадстаўнікамі жывёльнага царства ўнутры гэтага пагаслага вулкана.

Некалькі драпежных птахаў насіліся ў паветры або сядзелі ў сваіх гнёздах, звітых у непрыступнай вышыні на выступах скал. Гэта былі белагрудыя ястрабы перапялятнікі і крыклівыя кобчыкі.

Па стромкаму спаду насіліся ўзад і ўперад раскошныя тлустыя дрофы. Можна сабе ўявіць, якая хцівасць палала ў вачах канадца, калі ён бачыў гэтую смачную дзічыну, і як ён шкадаваў, што не захапіў з сабою стрэльбы. Ён паспрабаваў замест свінца скарыстаць каменні і пасля доўгіх няўдалых спроб ухітрыўся збіць буйную дрофу. Можна сказаць без ніякага пераўвелічэння, што канадцу разоў дваццаць пагражала смерць, пакуль ён злавіў параненую птушку. Але як-бы там ні было, а яна нарэшце трапіла ў яго паходную сумку побач з пчаліным мёдам.

Нам прыйшлося потым спусціцца на бераг, бо ўцёсы зрабіліся зусім непраходнымі. Высока над намі ззяў прасвет кратэра, які здаваўся знізу студняй. З таго месца, дзе мы знаходзіліся, можна было разгледзець кавалачак блакітнага неба і воблакі, ганімыя свежым заходнім ветрам. Разарваныя клоччы іх часам спыняліся на хвіліну над кратэрам, засланяючы яго ценем. З гэтага можна было з пэўнасцю зрабіць вывад, што воблакі несліся на невялікай вышыні, бо верхавіна гары падымалася над узроўнем акіяна не больш, як на восемсот футаў.

Вярнуўшыся на пясчаны бераг возера, я пачаў знаёміцца з яго флорай і фаунай. Флора была прадстаўлена шырокім дзірваном кропу, невялічкай парасонавай расліны, якая служыць добрай прыправай для стравы Кансель набраў некалькі пучкоў яе. Што тычыцца фауны, дык яе прадстаўлялі тысячы разнастайных ракаў, крабаў, амараў і мноства малюскаў усіх відаў і памераў.

Мы натрапілі тут на цудоўную пячору, пасыпаную тоўстым пластом мяккага, як пух, пяску. Стаміўшыся ад лазання па скалах, я і мае таварышы з асалодай разлягліся на ім. Падземны агонь адпаліраваў паверхню ўнутраных сцен пячоры і асыпаў іх слюдзяным пылам, які блішчэў, як брыльянты.

Нэд Лэнд пачаў выстукваць сцены, спрабуючы вызначыць іхнюю таўшчыню. Я не мог стрымаць ухмылкі, гледзячы на яго дарэмныя спробы. Гутарка, вядома, зноў пачалася вакол пытання аб уцёках. Я палічыў магчымым абнадзеіць Нэда Лэнда і сказаў яму, што капітан Нэма, магчыма, спусціўся на поўдзень толькі таму, каб папоўніць запас натрыя, і што ёсць усе падставы думаць, што, зрабіўшы гэта, ён зноў паверне на поўнач, да берагоў Еўропы або Амерыкі; тады канадзец будзе магчы з большым поспехам паўтарыць спробу ўцячы.