Выбрать главу

Мы правялі ўжо каля гадзіны ў гэтай прывабнай пячоры. Наша гутарка, спачатку вельмі жвавая, цяпер амаль спынілася. Нас ахапіла нейкая дрымота. Не маючы ніякіх прычын спяшацца, я паддаўся сну. Я сніў, — мы-ж не маем улады над сваімі снамі, — што я вяду раслінны спосаб жыцця прасцейшага малюска і мая двойчатая ракавіна знаходзіцца ў гэтай пячоры.

Раптам мяне разбудзіў крык Канселя:

— Уставайце, уставайце хутчэй! — крычаў ён.

— Што здарылася? — спытаўся я, сядаючы на пясок.

— Вада пагражае затапіць нас!

Я ўскочыў на ногі. Мора патокам улівалася ў нашу пячору, і таму што мы не былі малюскамі, неабходна было ратавацца.

Праз некалькі хвілін мы дабраліся да верха пячоры, куды вада не магла дасягнуць.

— Што тут адбываецца? — запытаў Кансель. — Які-небудзь новы цуд прыроды?

— Не, сябар мой, — адказаў я, — гэта проста прыліў, звычайны прыліў, які ледзь не заспеў нас, як герояў рамана Вальтэр-Скота. Узровень вады ў акіяне за межамі пячоры павысіўся ў час прыліву і паводле непарушнага закона раўнавагі падняўся і ўзровень вады ў возеры. Мы можам падзякаваць, што атрымалі толькі ванну. А цяпер пойдзем назад на «Наўтылус» — нам трэба пераапрануцца.

Праз тры чвэрці гадзіны мы падыходзілі да «Наўтылуса» з процілеглага боку, абышоўшы навакол усё возера.

Матросы канчалі пагрузку натрыя, і «Наўтылус» мог зараз-жа працягваць свой шлях.

Але капітан Нэма не даваў загаду аб адпраўленні. Ці хацеў ён дачакацца ночы, каб непрыметна выйсці праз падводны канал? Зусім магчыма.

Наступная раніца заспела «Наўтылус» ужо па-за яго таемнай гавані, плывучым далёка ад зямлі на некалькі метраў пад паверхняю Атлантычнага акіяна.

Раздзел адзінаццаты

Саргасава мора

Кірунак «Наўтылуса» аднак не змяніўся. Прыходзілася пакуль адмовіцца ад надзеі ўбачыць блізка бераг Еўропы. Капітан Нэма трымаў курс на поўдзень. Куды ён вёў свой карабель? Я не мог зразумець гэтага.

У гэты дзень «Наўтылус» плыў па вельмі цікавай частцы Атлантычнага акіяна. Усім вядома пра існаванне вялікага цёплага акіянскага цячэння — Гальфштрэма.

Ад берагоў Фларыды яно накіроўваецца да Шпіцбергену. Але раней чым пранікнуць у Мексіканскую затоку, каля сорак чацвёртага градуса паўночнай шыраты, гэтае цячэнне дзеліцца на дзве адтокі: большая з іх праходзіць міма берагоў Ірландыі і Нарвегіі, а меншая заварочвае на поўдзень, да Азорскіх астравоў, потым адхіляецца да берагоў Афрыкі і, апісаўшы шырокую дугу, вяртаецца да Антыльскіх астравоў.

Гэта другая адтока — па праўдзе сказаць, не адтока, а кальцо — абкружае нібы бар’ерам з цёплай вады тую частку Атлантычнага акіяна — халодную, маларухавую і спакойную, — якая атрымала назву Саргасава мора. Саргасава мора, такім чынам, з’яўляецца сапраўдным возерам у Атлантычным акіяне. Працягласць яго такая, што воды Гальфштрэма праходзяць свой шлях вакол яго на працягу трох гадоў.

Саргасава мора, уласна кажучы, ляжыць над усёй затопленай часткаю Атлантыды. Некаторыя аўтары нават выказвалі дапушчэнне, што плаваючыя на паверхні яго травы выраслі ў прэрыях гэтага загінуўшага сухазем’я. Але гэтае дапушчэнне мала праўдзівае; хутчэй за ўсё, гэтыя водарасці і травы прыносіць у Саргасава мора ад берагоў Еўропы і Амерыкі ўсё той-жа Гальфштрэм.

Гэты факт у ліку шэрагу іншых і навёў Калумба на думку аб існаванні Новага свету. Калі гэты адважны даследнік рабіў пераход праз Саргасава мора, водарасці і травы, на вялікі жах каманды, затрымлівалі яго і караблі, і плаванне зацягнулася на цэлых тры тыдні.

Гэткім было тое мора, у якім цяпер знаходзіўся «Наўтылус». Гэта быў сапраўдны луг з водарасцяў, настолькі густых, настолькі моцных, што нос карабля ледзь разразаў яго. Таму капітан Нэма, не жадаючы ісці на рызыку зламаць або сапсаваць вінт у гэтых непраходных зараслях, увесь час трымаўся на глыбіні некалькіх дзесяткаў метраў пад вадой.

Назва «Саргасава мора» паходзіць ад іспанскага слова «sargazzo», што азначае — водарасці. Водарасці, галоўным чынам плывучыя, і ствараюць расліннае накрыццё гэтага гіганцкага басейна. Тлумачэнне прычыны, чаму водарасці згрупаваліся такой масай у гэтым ціхім кутку Атлантычнага акіяна, прапанаваў Моры, аўтар «Фізічнай геаграфіі зямнога шара».

«Тлумачэнне гэтага з’явішча, — гаворыць ён у сваёй кнізе, — выцякае з агульнавядомага вопыту. Калі ў міску з вадой апусціць кавалкі пробкі, трэсачкі, ці якія-небудзь іншыя плаваючыя прадметы, і пакруціць ваду, то хутка можна будзе заўважыць, як усе разлучаныя кавалкі збяруцца ў цэнтры, гэта значыць, у месцы найменшага руху. У нашым пытанні міскай служыць Атлантычны акіян, Гальфштрэм — гэта кругавое цячэнне, а Саргасава мора — цэнтральны пункт, дзе збіраюцца ўсе плаваючыя прадметы».