Выбрать главу

Я зусім згодзен з тлумачэннем Моры. Мне ўдалося вывучыць гэтае з’явішча ва ўмовах, недасяжных іншым вучоным, — пад вадою. Над нашым караблём плавалі самыя разнастайныя прадметы, абкружаныя і аплеценыя рудаватымі водарасцямі: ствалы дрэва, наваленыя бурай у Андах і Скалістых горах і прынесеныя ў акіян цячэннем Амазонкі ці Місісіпі; шматлікія адломкі крушэнняў — зламаныя рангоўты, кілі, кавалкі абшыўкі ці корпус караблёў, настолькі цяжкія ад прыліплага пласта ракушак, што яны не маглі ўжо ўсплыць на паверхню. Я не сумняваюся, што з часам пацвердзіцца і другая думка Моры, — што ўсе гэтыя матэрыі, якія збіраюцца ў Саргасавым моры на працягу доўгіх вякоў, мінералізуюцца ад марской вады і ператвараюцца ў невычэрпныя запасы каменнага вугалю. Гэта будуць запасныя склады паліва, падрыхтаваныя дбайнай прыродай на той выпадак, калі чалавек спаліць увесь вугаль з земных капальняў.

Сярод гэтага хаоса траў і водарасцяў я заўважыў актыній, над якімі развяваўся пышны вянок з тонкіх шчупальцаў, і мноства медуз — зялёных, чырвоных, сініх, у тым ліку і медузу Кюв’е, блакітны парасон якое аблямаваны фіялетавым кантам.

Увесь дзень 22 сакавіка мы правялі ў нетрах Саргасава мора, дзе рыбы, якія жывяцца марскімі травамі, знаходзяць багатую спажыву. Але ўжо назаўтра акіян набыў свой звычайны выгляд.

На працягу наступных дзевятнаццаці дзён, з 23 лютага да 15 сакавіка, «Наўтылус» кожны дзень праходзіў па чатырыста кіламетраў у суткі, трымаючыся таго-ж курса — на поўдзень. Капітан Нэма, відаць, няўхільна выконваў свой план кругасветнага падарожжа пад вадой, і я не сумняваўся ў тым, што абмінуўшы мыс Горн, «Наўтылус» вернецца ў паўднёвую частку Ціхага акіяна.

Значыцца, Нэд Лэнд меў рацыю непакоіцца. У гэтых прасторных водных пустынях, дзе рэдка сустракаліся астравы, дарэмна было і марыць аб уцёках.

Але, з другога боку, у нас не было ніякай магчымасці перашкодзіць выкананню плана капітана Нэма. Адзінае, што нам заставалася рабіць, — гэта пакарыцца свайму лёсу.

Калі дарога да вызвалення хітрасцю або гвалтам была зачынена для нас, дык заставалася яшчэ надзея дабіцца волі перакананнем. Я спадзяваўся, што па сканчэнні падарожжа вакол свету мне ўдасца ўгаварыць капітана Нэма адпусціць нас на волю ў абмен на клятвеннае абяцанне ніколі не выдаваць яго тайны. Мы гэты абавязак гонару выканалі-б, і яго тайна памерла-б з намі. Але трэба было яшчэ высветліць, як паглядзіць на гэтую прапанову капітан Нэма. Ён-жа катэгарычна заявіў з самага пачатку, што для захавання сваёй тайны ён усё жыццё будзе трымаць нас палоннікамі на «Наўтылусе». Тое, што я на працягу, чатырох месяцаў ні разу не звяртаўся да гэтага пытання, ён мог разглядаць як маўклівую згоду з такім становішчам. Пячаць з ім зараз гутарку аб гэтым — значыла разбудзіць у ім падазрэнне, якое магло толькі пашкодзіць ажыццяўленню нашага плана, калі зручны выпадак трапіцца.

Усе гэтыя довады і меркаванні непакоілі мяне. Я дзяліўся імі з Канселем, якога яны трывожылі не менш за мяне. Наогул, хоць я не лёгка паддаюся суму, але я разумеў, што з кожным днём памяншаюцца нашы шансы калі-небудзь вярнуцца ў чалавечае грамадства, і асабліва хутка памяншаюцца яны цяпер, калі капітан Нэма з шалёнай настойлівасцю забіраецца ўсё далей і далей на поўдзень Атлантычнага акіяна.

На працягу гэтых дзевятнаццаці дзён наша плаванне не адзначылася нічым выдатным. Я рэдка бачыўся з капітанам Нэма. Ён шмат працаваў. У бібліятэцы я часта знаходзіў пакінутыя ім разгорнутыя кнігі, галоўным чынам па прыродазнаўству. Мая кніга аб тайнах марскога дна была спярэшчана яго адзнакамі па баках, часта зусім абвяргаючымі мае тэорыі і погляды. Але капітан Нэма задавальняўся тым, што адзначаючы мае памылкі, не пачынаў са мною спрэчак.

Часам я чуў яго ігру на аргане. Граў ён з вялікім пачуццём і майстэрствам, але выключна па начах, калі навакол панавала непранікальная цемра і «Наўтылус» спаў у пустынным акіяне.

Усе гэтыя дні мы плылі большай часткай на паверхні акіяна. Мора было быццам пакінутае ўсімі. Рэдка-рэдка заўважалі мы здалёк які-небудзь паруснік, што спяшаўся ў Індыю або накіроўваўся да мыса Добрай Надзеі.

Аднойчы за намі пагналася кіталоўнае судна, як відаць, — палічыўшае нас за вялізнага кіта. Але капітан Нэма не пажадаў, каб бедныя маракі дарэмна трацілі намаганні і час, і пакончыў з гэтым праследваннем, нырнуўшы ў ваду. Гэтае здарэнне жыва зацікавіла Нэда Лэнда. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што канадзец дужа шкадаваў, што нашага металёвага кіта нельга насмерць параніць гарпуном.