Выбрать главу

Рыбы, якіх мы з Канселем бачылі, мала чым адрозніваліся ад тых, што мы назіралі пад паўночнымі шыротамі. Часта нам насустрач трапляліся акулы; паміж іншым, мы бачылі ў гэтых водах грэбнязубую акулу, якая адрозніваецца ад іншых колькасцю жабравых шчылін, — іх у яе сем. Сваю назву грэбнязубых гэтыя акулы атрымалі з прычыны таго, што зубы на іхняй ніжняй сківіцы сядзяць у выглядзе частай грабёнкі, змяншаючыся па велічыні ад сярэдзіны да краёў. Гэта вельмі буйныя жывёлы, і мы сустракалі экземпляры, якія даходзілі да васьмі метраў у даўжыню.

Праплывалі міма нас таксама і марскія сабакі — буйныя рыбы, якія вызначаюцца па словах рыбакоў вялікай пражэрлівасцю.

Прыгожыя гуллівыя дэльфіны суправаджалі нас па цэлых днях. Яны плылі групамі па пяць-шэсць жывёл, палюючы зграямі, як ваўкі ўзімку. Дэльфіны, як відаць, не менш ненажэрныя, чымся марскія сабакі.

Сямейства дэльфінаў налічвае дзесяць відаў. Сустрэтыя намі экземпляры належалі да Віда звычайных дэльфінаў. У іх былі невялікія галовы, якія заўважаліся наперадзе, і падобныя на дзюбу, завостраныя морды. Даўжыня іхняга цела раўнялася прыкладна двум метрам.

Скажу яшчэ пра жывучых у гэтых морах цікавых прадстаўнікоў атрада калючапёрых рыб — гарбылёў, або чорных сціен. Некаторыя аўтары — больш паэты, як вучоныя, — сцвярджаюць, што гэтыя рыбы могуць меладычна спяваць і што зграя іх можа даць канцэрт, не горшы, чым ансамбль спевакоў. Не адважуся даводзіць, што гэта няпраўда, але тыя сціены, якіх мы сустракалі па дарозе, не спявалі нам серанад. І вельмі шкада.

Нарэшце адзначу вялікую колькасць сустрэтых намі лятаючых рыб. Не можа быць нічога больш цікавага, як відовішча палявання дэльфінаў на лятаючых рыб. Дакладнасць разліку дэльфінаў зусім матэматычная: якой-бы даўжыні ні была траекторыя палёту, у канцы яе лятаючая рыба ўсё-ж немінуча трапіць у расчыненую пасць дэльфіна!

Бачаныя намі рыбы большай часткай належалі да віду трыгл. Уначы яны паласавалі паветра бліскучымі крывымі, якія пагружаліся ў ваду, як падаючыя зоркі.

З пачатку нашага вандравання мы зрабілі прабег у трынаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят дзве тысячы кіламетраў. У гэты час мы знаходзіліся пад 45°37´ і паўднёвай шыраты і 37°53´ заходняй даўгаты. У гэтых самых месцах зонд, апушчаны капітанам «Геральда» Дэнгемам, не сустрэў дна і на глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў. Тут-жа лейтэнант Паркер з амерыканскага фрэгата «Кангрэс» не знайшоў дна на глыбіні пятнаццаць тысяч сто сорак метраў.

Капітан Нэма рашыў апусціцца з «Наўтылусам» на найбольшую глыбіню, каб праверыць гэтыя прамеры.

Акяніцы салона расчыніліся, і я ўсеўся ля акна, каб адзначыць вынікі даследвання.

«Наўтылус» пачаў рыхтавацца да спуску на гэтую велізарную глыбіню. Само сабою зразумела, што не магло быць і гутаркі аб тым, каб дасягнуць яе спосабам запаўнення рэзервуараў вадою. Не гаворачы ўжо аб тым, што ніякі дадатковы цяжар не быў-бы дастатковым для гэтай мэты, трэба было прадбачыць яшчэ тое, што для звароту на паверхню давялося-б на дне выкачваць ваду з рэзервуараў, а на гэта — пры вялізным вонкавым ціску — нехапіла-б магутнасці нават, для насосаў «Наўтылуса».

Капітан Нэма рашыў паспрабаваць дасягнуць дна па спадзістай дыяганалі, з разбегу. Стырнам глыбіні надалі нахіл у 45°, і затым вінт быў запушчаны з найвялікшай хуткасцю. Лопасці яго з велізарнай сілай уразаліся ў ваду. Гэты магутны штуршок прымусіў здрыгануцца ўвесь карабель, які зараз-жа паслухмяна пусціўся ўніз. Капітан Нэма далучыўся да мяне, і мы разам сачылі за хуткім рухам уніз стрэлкі манометра. Неўзабаве «Наўтылус» мінуў заселеную зону, у якой жыве большасць рыб. Калі паасобныя віды рыб могуць жыць толькі ля самай паверхні акіяна або рэк, то існуюць і такія, што жывуць толькі ў глыбакаводных пластах. Сярод іх я заўважыў гексанхаў — разнавіднасць грэбнезубых акул, з шасцю жабернымі шчылінамі, тэлескопаў з вялізнымі вачыма і, нарэшце, грэндэраў, якія жывуць на глыбіні ў тысячу дзвесце метраў, дзе ціск раўняецца ста дваццаці атмасферам.

Я запытаў капітана Нэма, ці здаралася яму назіраць рыб на вялікіх глыбінях.

— Рыб? — перапытаў ён. — На гэтых глыбінях яны сустракаюцца даволі рэдка. А што аб гэтым думае сучасная навука?

— Мы ведаем толькі наступнае: расліннае жыццё гіне хутчэй, чымся жывёльнае, адпаведна аддаленню ад паверхні ў ніжэйшыя пласты вады. Мы ведаем, што ў тых месцах, дзе яшчэ сустракаюцца жывыя істоты, нельга ўжо знайсці ніводнае расліны. Нам вядома, што вустрыцы і іншыя ракушкі жывуць і на глыбіні ў дзве тысячы метраў пад вадою і што Мак Клінток, герой палярных марэй, аднойчы вывудзіў жывую марскую зорку з глыбіні дзве з паловай тысячы метраў. Нарэшце вядома, што каманда англійскага фрэгата «Бульдог» на глыбіні ў чатыры тысячы метраў таксама вывудзіла жывую марскую зорку. Вось і ўсё, што мы ведаем. Але вы, капітан Нэма, пэўна скажаце, што наша навука нічога не ведае?