Выбрать главу

— Не, спадар прафесар, я не дазволю сабе гэткага грубіянства. Дазвольце яшчэ запытаць вас, чым тлумачыцца, што жывыя істоты могуць жыць на такой глыбіні?

— Гэта тлумачыцца двума прычынамі, — адказаў я. — Перш за ўсё тым, што вертыкальныя цячэнні, абумоўленыя неаднолькавай шчыльнасцю і насычанасцю вады соллю на розных глыбінях, выклікаюць рух вады, дастатковы для падтрымання жыцця прасцейшых іглакожых і марскіх зорак…

— Правільна, — сказаў капітан.

— І па-другое, тым, што колькасць распушчанага ў вадзе кісларода, без якога жыццё немагчыма, у глыбокіх пластах не змяншаецца, а павялічваецца і што высокі ціск у гэтых пластах толькі дапамагае яго канцэнтрацыі.

— Ага, вы і гэта ведаеце? — ускрыкнуў капітан Нэма, не хаваючы свайго здзіўлення. — Што-ж, я рады, што вам гэта вядома, бо гэта бясспрэчны факт. Я дадам толькі, што ў плавацельным пузыры рыб, вылаўленых на невялікай глыбіні, больш азота, чым кісларода, тады як у тых-жа рыб, злоўленых на вялікай глыбіні, заўсёды больш кісларода, як азота. Гэта даказвае справядлівасць вашай думкі. Але давайце працягваць нашы назіранні.

Я зноў паглядзеў на манометр. Стрэлка яго паказвала глыбіню ў шэсць тысяч метраў. Мы плылі ўжо на працягу гадзіны, і апусканне «Наўтылуса» па дыяганалі ўсё яшчэ працягвалася. Пустынныя воды вызначаліся надзвычайнай празрыстасцю, якую можна параўнаць толькі з празрыстасцю высокагорнага паветра.

Яшчэ праз гадзіну мы былі ўжо на глыбіні трынаццаці тысяч метраў, а дно акіяна яшчэ не было відаць.

Але, калі мы дасягнулі глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў, я ўбачыў далёка ў вадзе чорныя верхавіны гор. Аднак гэтыя верхавіны маглі належаць і горам такой самай вышыні як Гімалаі або Манблан, а можа нават і вышэй, таму мы па-ранейшаму не маглі вызначыць глыбіню гэтага воднага бяздоння.

Не гледзячы на вялікі ціск, якому падпадаў «Наўтылус», мы працягвалі апускацца. Я адчуваў, як уздрыгвае жалезная абшыўка падводнага судна, як выгінаюцца яго распоры, як трасуцца загарадкі, як выгінаюцца ў сярэдзіну пад ціскам вады вокны салона. Каб наш карабель не ўладаў трываласцю цэльнага, літага цела, яго ў адну секунду сплюшчыла-б у дошку.

Калі мы праходзілі блізка ад гор, чарнеючых у вадзе, я заўважыў на іх некалькі ракавін і розных марскіх зорак. Але хутка і гэтыя апошнія прадстаўнікі жывёльнага царства зніклі, і «Наўтылус», пераступіў мяжу жыцця, падобна паветранаму шару, які падняўся вышэй таго пласта, дзе можна дыхаць.

Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні шаснаццаці тысяч метраў, і абшыўка «Наўтылуса» вытрымлівала ціск у шэсцьсот атмасфер, або, інакш кажучы, у тысячу шэсцьсот кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр сваёй паверхні.

— Як дзіўна: плысці на гэткай глыбіні, дзе ніколі не было жыцця! — ускрыкнуў я. — Глядзіце, капітан, глядзіце на гэтыя велічныя скалы, на гэтыя пустынныя горы, на гэтыя апошнія межы акіяна, дзе не можа быць ні малейшай праявы жыцця! Якое дзівоснае відовішча! І як шкада, што ў нас застануцца толькі адны цмяныя ўспаміны аб ім.

— Гэтыя ўспаміны можна зрабіць і не цмянымі, — сказаў капітан.

— Што вы хочаце сказаць? — запытаў я. — Я не разумею вас.

— Я хачу сказаць, што няма нічога больш простага, як сфатаграфаваць гэты падводны пейзаж.

Не паспеў я выказаць здзіўлення ад новай прапановы капітана Нэма, як матрос прынёс у салон фатаграфічны апарат.

Раскінуты перад намі пейзаж, асвятлёны праменнямі электрычнага пражэктара, вызначаўся з дзіўнай яснасцю і выразнасцю. Празрыстасць і поўная нерухомасць вадкага асяроддзя стваралі ідэальныя ўмовы для фатаграфавання, нават лепшыя, чымся пры натуральным святле. «Наўтылус» спыніўся, мы накіравалі аб’ектыў апарата на падводную гару і праз некалькі секунд атрымалі дасканалы негатыў.

Я даю тут пазітыўны адбітак з яго. На фатаграфіі выразна вызначаюцца першабытныя скалы, ніколі не бачыўшыя дзённага святла, гранітныя слупы зямной паверхні, глыбокія пячоры, выдзеўбаныя ў масіве, і, нарэшце, надзвычай ясны контур верхавін, якія выступаюць на фоне вады, нібы намаляваныя рукою мастака. Фатаграфія не перадае толькі моцнага ўражання, якое рабіла поўная адсутнасць якога-б там ні было жыцця на гэтых чорных, гладкіх, нібы адпаліраваных скалах, зусім аднатонных, без адзінай каляровай плямы, грунтоўна стаячых на пясчаным дне, якое блішчыць пад праменнямі пражэктара.