Выбрать главу

Скончыўшы здымак, капітан Нэма звярнуўся да мяне:

— Прыйдзецца падняцца, спадар прафесар. Не варта надта доўга пакідаць корпус «Наўтылуса» пад такім ціскам.

— Я згодзен з вамі, капітан.

— Трымайцеся, — сказаў ён.

Я не паспеў запытаць капітана, як разумець яго параду і чаму я павінен трымацца, як раптам мяне кінула на падлогу.

Па загаду капітана Нэма вінт «Наўтылуса» быў спынены і стырны глыбіні пастаўлены рубам. У тую-ж секунду «Наўтылус» узвіўся ўгару, як паветраны шар. Хуткасць яго пад’ёму была сапраўды галавакружальнай. Ён рассякаў ваду з глухім звонам. Нічога нельга было разгледзець навакол — у чатыры хвіліны ён праляцеў шаснаццаць тысяч метраў і, выскачыўшы з вады, як лятучая рыба, зноў апусціўся ў яе, падняўшы хмару пырскаў на вялізную вышыню.

Раздзел дванаццаты

Кашалоты і кіты

Ноччу з 13 на 14 сакавіка «Наўтылус» зноў узяў курс на поўдзень. Я меркаваў, што на шыраце мыса Горн мы павернем на захад, у Ціхі акіян, і такім чынам скончым сваё кругасветнае падарожжа. Але я памыліўся: «Наўтылус» ішоў далей на поўдзень.

Куды ён накіраваўся? Да полюса? Гэта было бессэнсоўна.

Я зрабіў вывад, што дурасць капітана Нэма сапраўды апраўдвала хмурыя прадчуццё Нэда Лэнда.

Канадзец з некаторага часу перастаў гаварыць са мною аб сваіх планах уцёкаў. Ён зрабіўся менш таварыскім, няшчырым. Я бачыў, што яго мучыла наша доўгая няволя. Я адчуваў, што ў ім накіпае нянавісць. Пры сустрэчах з капітанам Нэма яго вочы запаляліся хмурым агнём, і я заўсёды баяўся, што прыроджаная гарачнасць штурхне яго на які-небудзь неабдуманы учынак.

У гэты дзень, 14 сакавіка, Кансель і Нэд Лэнд прышлі да мяне ў каюту. Я запытаўся, што прывяло іх да мяне.

— Адно толькі пытанне, прафесар, — адказаў мне канадзец.

— Я слухаю вас, Нэд.

— Колькі па-вашаму чалавек у камандзе «Наўтылуса»?

— Не ведаю, дарагі мой.

— Мне здаецца — прадаўжаў Нэд, — што кіраванне гэтым караблём не патрабуе вялікай каманды.

— Сапраўды, — адказаў я, — пры дасканаласці яго машын чалавек дзесяць каманды цалкам могуць абслужыць усе патрэбы карабля.

— У такім разе наўрад ці капітан Нэма набраў большую каманду, — сказаў Нэд Лэнд.

— Не думаю, — адказаў я.

— Чаму?

Я пільна паглядзеў на Нэда Лэнда. Няцяжка было здагадацца аб яго намерах.

— Таму што, — сказаў я яму, — наколькі я разумею характар жыцця капітана Нэма, дык «Наўтылус» не проста карабель, але ў той-жа час і прытулак для тых хто, як сам капітан Нэма, парваў усе сувязі з зямлёю.

— Магчыма, — адказаў да гэтага часу маўчаўшы Кансель, — што гаспадар мае рацыю. Але тым не менш «Наўтылус» можа змясціць толькі строга абмежаваную колькасць людзей. Ці не скажа нам гаспадар, які максімальны склад каманды можа быць на ім?

— Як я магу гэта ведаць, Кансель?

— Шляхам простага разліку. Гаспадару вядомы аб’ём карабля, а значыцца і аб’ём паветра ў ім. Ведаючы, з другога боку, якая колькасць паветра патрэбна чалавеку для дыхання і ўлічыўшы, што «Наўтылус» павінен кожныя дваццаць чатыры гадзіны падымацца на паверхню для аднаўлення запасу паветра…

Я перапыніў Канселя, бо зразумеў, куды ён гне.

— Разумею, разумею, — сказаў я. — Гэты разлік няцяжка зрабіць, але ён дасць надзвычай няпэўныя вынікі.

— Няхай будуць няпэўныя, — настойліва сказаў Нэд Лэнд.

— Вось гэты разлік. Чалавек ужывае кожную гадзіну на дыханне столькі кісларода, колькі змяшчаецца ў ста літрах паветра, або на працягу сутак яму трэба для дыхання дзве тысячы чатырыста літраў паветра. Значыцца, для таго, каб знайсці патрэбную нам лічбу, трэба толькі падзяліць ёмістасць «Наўтылуса» на дзве тысячы чатырыста.

— Зусім правільна, — сказаў Кансель.

— А як ёмістасць «Наўтылуса» складае тысячу пяцьсот тон, а ў кожнай тоне — тысяча літраў, дык агульнае ёмістасць карабля — паўтара мільёны літраў паветра; калі падзяліць гэта на дзве тысячы чатырыста… — я хуценька зрабіў на паперы разлік, — то будзе роўна шэсцьсот дваццаць пяць. Інакш кажучы, паветра, якое змяшчаецца ў «Наўтылусе», акурат хапіла-б для дыхання шасцісот дваццаці пяці чалавек на працягу дваццаці чатырох гадзін.

— Шэсцьсот дваццаць пяць! — усклікнуў Нэд.

— Але я магу паручыцца, што мы ўсе разам узятыя — матросы, пасажыры і камандаванне — не складаем і адной дзясятай часткі гэтай лічбы.