Выбрать главу

— І то занадта многа для трох чалавек! — прашаптаў Кансель.

— Таму, бедны мой Нэд, магу вам даць толькі раду запасціся цярпеннем.

— І не толькі запасціся цярпеннем, — дадаў Кансель — але і змірыцца.

Кансель знайшоў патрэбнае слова.

— Нарэшце-ж — казаў ён далей, — не можа капітан Нэма ўвесь час ісці на поўдзень. Прыйдзецца-ж яму дзе-небудзь спыніцца, хаця-б, напрыклад, перад ледзянымі палямі! Прыйдзе-ж час, калі ён вымушаны будзе вярнуцца ў моры, якія амываюць культурныя краіны. Тады прыйдзе час зноў думаць аб уцёках.

Канадзец паківаў галавою, правёў рукою па ілбу і, не адказаўшы ні слова, выйшаў з каюты.

— З дазволу гаспадара, я зраблю адну заўвагу, — сказаў Кансель. — Бядак Нэд увесь час думаў аб немагчымых рэчах. Ён бясконца ўспамінае аб мінулых шчаслівых днях. Усё, што для нас недасяжна, яму здаецца любым. Успаміны ціснуць яго, і ён ходзіць сумны па цэлых днях. Трэба яго зразумець. Чым можа ён тут заняцца? Нічым! Ён не вучоны, як гаспадар; яму не могуць прыносіць столькі радасці, колькі нам, цуды падводнага свету. Нэд Лэнд гатоў рызыкнуць усім, каб мець магчымасць вярнуцца ў які-небудзь шынок на сваёй радзіме!

Зусім натуральна, што аднастайнае жыццё на «Наўтылусе» павінна было здавацца нязносным прызвычаенаму да дзейнага і вольнага жыцця канадцу. Падзеі, якія абуджалі ў ім цікавасць, здараліся вельмі рэдка. Аднак акурат у гэты дзень здарыўся выпадак, які павінен быў прыгадаць яму шчаслівыя дні яго волі.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы плыўшы на паверхні акіяна «Наўтылус» напаткаў статак кітоў. Сустрэча гэта не здзівіла мяне: я ведаў, што гэтыя жывёлы, на якіх людзі ўпарта і настойліва палююць, шукаюць прытулку пад высокімі шыротамі, куды кітабоі забіраюцца радзей.

Кіты заўсёды ігралі важную ролю ў марской справе, і іхні ўплыў на геаграфічныя адкрыцці быў вельмі значным. Кіты вабілі да сябе паляўнічых усіх часоў і народаў — спачатку баскаў, потым асірыйцаў, ангельцаў і галандцаў. Яны загартавалі іх у барацьбе з небяспекамі акіянскіх плаванняў, прывучылі не баяцца вандраванняў з аднаго канца акіяна ў другі. Кіты любяць наведваць палярныя моры як паўночныя, так і паўднёвыя. Старадаўнія легенды гавораць, што паляўнічыя, якія гналіся за кітамі, забраліся аднойчы так далёка на поўнач, што да полюса заставалася толькі сем лье. Калі гэтая легенда выдумка, то калі-небудзь яна пяройдзе ў сапраўднасць, і магчыма, людзі дабяруцца да гэтых невядомых пунктаў зямлі, іменна захопленыя паляваннем на кітоў.

Мы знаходзіліся на палубе. Мора было зусім спакойнае: кастрычнік у гэтых шыротах — месяц добрага надвор’я.

Канадзец першы заўважыў кіта далёка на гарызонце і, вядома, не памыліўся.

Уважліва ўгледзеўшыся ў паказанае месца, і я ўбачыў нейкую чорную кропку за пяць міль ад «Наўтылуса», якая то ўсплывала на паверхню, то зноў апускалася ў ваду.

— Ах, — закрычаў Нэд Лэнд, — каб я быў цяпер на борце кіталоўнага судна, колькі радасці прынесла-б мне гэта сустрэча! Гэта вялізная жывёліна. Глядзіце, на якую вышыню яна выкідае слупы пары і вадзяных пырскаў. Тысяча чарцей! Як прыкра, што я прыкаваны да гэтага жалезнага карыта!

— Я бачу, Нэд Лэнд, вы ўсё яшчэ адчуваеце сябе гарпуншчыкам, — сказаў я.

— Хіба кітабой можа калі-небудзь забыцца на сваю прафесію? Хіба могуць калі-небудзь абрыдаць адчуванні, якія прыносіць паляванне?

— А вам ніколі не здаралася паляваць у гэтых морах, Нэд?

— Ніколі, спадар прафесар. Я заўсёды працаваў у паўночных марах, даходзіў да Берынгавай пратокі, да пратокі Дэвіса…

— Значыцца, вы не ведаеце паўднёвых кітоў. Вы і не можаце ў такім выпадку іх ведаць, бо ніколі палярныя кіты не адважваюцца перайсці праз цёплыя воды экватара.

— Што вы, спадар прафесар! Што вы выдумляеце! — недаверліва сказаў канадзец.

— Я нічога не выдумляю, я кажу тое, што ёсць.

— Ну, не! Я асабіста ў шэсцьдзесят пятым, гэта, значыць не далей як два з паловаю гады назад, забіў каля берагоў Грэнландыі кіта, у якім яшчэ тырчэў гарпун з кляймом кіталоўнага судна з Берынгавай пратокі! Дазвольце запытаць вас, якім чынам жывёла, параненая на захадзе ад Амерыкі, магла-б падставіць свае бакі гарпуну на ўсходзе, каб яна раней не абагнула мыс Горн або мыс Добрай Надзеі, гэта значыць не перайшла-б экватара?

— Я згодзен з маім прыяцелем Нэдам і з нецярплівасцю чакаю адказу гаспадара, — сказаў Кансель.

— Гаспадар адкажа вам, таварышы мае, што розныя віды кітоў жывуць у розных морах і ніколі не кідаюць іх. Калі адзін кіт з Берынгавай пратокі прайшоў у пратоку Дэвіса, гэта значыць, што паміж гэтымі марамі існуе які-небудзь праход альбо на амерыканскім, альбо на азіяцкім беразе!