Выбрать главу

— І я павінен паверыць гэтаму? — прыплюшчыўшы вока, запытаўся канадзец.

— Гаспадару трэба верыць, — адказаў Кансель.

— Значыцца, калі я ніколі не паляваў у гэтых водах, я не ведаю тутэйшых кітоў? — працягваў гарпуншчык.

— Зусім правільна, Нэд.

— І, значыцца, тым больш падстаў пазнаёміцца з ім зараз, — заключыў Кансель.

— Глядзіце! Глядзіце! — крыкнуў канадзец. — Кіт набліжаецца. Ён ідзе прама на нас. Ён здзекуецца з мяне, ведаючы, што я не магу нічога зрабіць яму!

Нэд стукнуў нагою. Яго пальцы сціснуліся ў кулак, быццам трымаючы гарпун.

— І гэтыя кіты, — сказаў ён — такой самай велічыні, як і паўночныя?

— Бадай такія самыя, Нэд.

— Я пытаюся таму, спадар прафесар, што мне даводзілася бачыць буйных кітоў, даўжыня якіх даходзіла да ста футаў. А старыя кіталовы расказвалі мне, што кіты, якія водзяцца ля Алеуцкіх астравоў, дасягаюць нават сто пяцьдзесят футаў даўжыні.

— Па маёй думцы гэта ўжо занадта, Нэд, — не згадзіўся я. — Такіх кітоў у прыродзе не існуе, а кашалоты яшчэ меншыя за кітоў.

— Ах, — ускрыкнуў канадзец, не адрываючы вачэй ад акіяна, — кіт усё набліжаецца! Ён хутка пройдзе каля «Наўтылуса»!

І, працягваючы нашу гутарку, ён звярнуўся да мяне:

— Вы гаворыце аб кашалотах, як аб нейкіх маленькіх рыбках. Між тым існуюць сапраўды гіганцкія кашалоты. Вы ведаеце, гэта разумныя жывёлы. Некаторыя з іх, як мне казалі, зарываюцца ў водарасці і такім чынам усплываюць на паверхню. Іх прымаюць за астравок. Да іх падплываюць, высаджваюцца, запальваюць агонь…

— Будуюць дамы, — у тон яму падказаў Кансель.

— Так, жартаўнік, — адказаў Нэд Лэнд, — тады ў адзін прыгожы дзень кашалот нырае і цягне за сабой на дно акіяна ўсіх сваіх насельнікаў…

— Зусім, як у прыгодах Сінбада-марака, — рассмяяўся я. — Аднак, містэр Лэнд, я не ведаў, што вы такі майстар складаць байкі! Спадзяюся, што самі вы не верыце ў існаванне такіх кашалотаў?

— Спадар вучоны, — сур’ёзна адказаў канадзец, — ад кітоў можна ўсяго чакаць. Але глядзіце, з якой хуткасцю ён плыве! Як нырае! Кажуць, што гэтыя жывёлы могуць праплыць вакол свету за пятнаццаць дзён!

— Гэта магчыма, Нэд, спрачацца не буду.

— Я ўпэўнены, спадар прафесар, што вы не ведаеце, што ў самым пачатку існавання свету першы кіт плаваў яшчэ хутчэй, як цяпер.

— Сапраўды, Нэд? Я, праўда, не ведаў гэтага? А чаму?

— Таму, што спачатку хвост у яго быў рубам, як у рыб, і ён біў ім ваду злева направа і справа налева. Але потым першы кіт выпадкова перакруціў сабе хвост, і з таго часу ён ва ўсіх кітоў пастаўлены гарызантальна і б’е ваду зверху ўніз і знізу ўверх, што, вядома, значна змяншае хуткасць.

— І я павінен паверыць гэтаму? — парадыруючы Нэда, запытаў я.

— Неабавязкова, — адказаў канадзец, — і не больш, чым тады, калі-б я сказаў вам, што бачыў кітоў даўжынёй трыста футаў і вагаю пяцьсот тысяч кілаграмаў.

— Тады вы надта перавялічылі-б, — адказаў я. — Аднак некаторыя кіты дасягаюць сапраўды гіганцкіх размераў. Кажуць, што з некаторых экземпляраў здабываюць да ста, ста трыццаці тон сала.

— Гэта я бачыў уласнымі вачыма, — сказаў канадзец.

— Ахвотна веру вам, Нэд, таксама як веру ў тое, што некаторыя кіты па велічыні роўныя сотні сланоў. Уявіце сабе, што можа здарыцца, калі гэткая маса матэрыі імчыцца з ўсёй хуткасцю!

— Ці праўда, — спытаў Кансель, — што кіт можа патапіць карабель?

— Я не веру ў гэта, — адказаў я. — Аднак гавораць, што ў гэтых самых паўднёвых шыротах у 1820 годзе кіт кінуўся на фрэгат «Эсекс» і пачаў яго штурхаць назад з хуткасцю чатырох метраў у секунду. Хвалі залілі фрэгат з кармы, і ён адразу патануў.

Нэд Лэнд насмешліва паглядзеў на мяне.

— Што тычыцца мяне, — аказаў ён, — то аднаго разу кіт стукнуў мяне хвастом, — вядома, не мяне асабіста, а маю шлюпку. Я сам і мае спадарожнікі ўзляцелі метраў на шэсць у паветру. Але ў параўнанні з тым кітом, пра якога толькі што гаварыў спадар прафесар, гэты кіт зусім дзіцянё, проста грудны немаўля!

— Ці доўга жывуць гэтыя жывёлы? — запытаўся Кансель.

— Па тысячы гадоў, — не задумваючыся, адказаў канадзец. — Адкуль вы гэта ведаеце, Нэд?

— Так кажуць.

— А чаму так кажуць?

— Таму, што гэта вядома кожнаму.

— Не, Нэд, гэта нікому не вядома, але гэтак толькі думаюць. Вось адкуль пайшлі гэтыя думкі. Гадоў чатырыста назад, калі ўпершыню пачалі паляваць на кітоў, гэтыя жывёлы былі куды большыя за цяперашніх. Таму натуральна было дапусціць, што меншы памер сучасных кітоў абумоўліваецца тым, што яны не дасягнулі яшчэ свайго поўнага развіцця. Гэта і дало падставу Бюфону заявіць, што кіты могуць і павінны жыць па тысячы год. Зразумела?