Я стаяў у гэтую хвіліну на штырборце, абапёршыся на парэнчы палубы. Кансель быў побач са мною і безуважна глядзеў уперад. Матросы, паўзлазіўшы на рэі, апошнімі позіркамі аглядалі гарызонт, які ўсё больш і больш вузеў ад надыходзячай цемры. Афіцэры даследвалі паверхню мора праз начныя біноклі. Час ад часу прамень месячнага святла, прабіваючыся праз заслону воблакаў, кідаў свой срэбрысты бляск на хвалі, але зараз-жа хмары завалоквалі прасвет — і зноў усё знікала ў цемрадзі.
Паглядзеўшы ўважліва на Канселя, я рашыў, што ўпершыню за ўвесь час гэты абыякавы чалавек заразіўся агульным хваляваннем. Прынамсі так здалося мне ў тую хвіліну.
— Што, Кансель, — спытаў я яго, — апошні раз знайшоўся выпадак зарабіць дзве тысячы долараў?
— З дазволу гаспадара, я ніколькі не разлічваў на гэтую прэмію, — адказаў Кансель. — Урад Злучаных штатаў мог з такім-жа поспехам паабяцаць прэмію ў сто тысяч долараў, і ён не пабяднеў-бы ад гэтага.
— Ты маеш рацыю, Кансель. Нарэшце, гэта — бязглуздая забава, і я паступіў легкадумна, улезшы ў гэтую справу. Колькі дарэмна страчана часу, колькі нерваў гэта каштавала! Мы-б ужо шэсць месяцаў, як вярнуліся ў Францыю…
— У маленькую кватэрку гаспадара, — падхапіў Кансель, — у яго музей. І я размеркаваў-бы па класах выкапні з нашай калекцыі, і аленні кабан-бабірус, прывезены гаспадаром, займаў-бы клетку ў зоалагічным садзе і прыцягваў-бы да сябе цікавых з усіх канцоў Парыжа.
— Усё гэта акурат так і было-б, Кансель. А цяпер звыш усіх няўдач, з нас яшчэ будуць смяяцца…
— Бясспрэчна, — спакойна пацвердзіў Кансель, — я ўпэўнены, што з гаспадара будуць кпіць. Не ведаю, ці варта гаварыць…
— Гавары, гавары, Кансель.
— Але я думаю, што гэтыя кпіны заслужаныя гаспадаром.
— Ты так думаеш?
— Калі чалавек мае гонар быць такім выдатным вучоным, ён не павінен рызыкаваць…
Кансель не скончыў свайго камплімента. Гучны голас пачуўся ў навакольнай цішыні.
Гэта быў голас Нэда Лэнда.
Канадзец крыкнуў:
— Гэй! Гэтая штука тут, пад ветрам супраць нас!
Раздзел шосты
На ўсіх парах
Пры гэтым крыку ўся каманда кінулася да гарпуншчыка — капітан, афіцэры, матросы, юнгі, нават інжынеры і механікі, пакінуўшыя свае машыны, нават качагары, пакінуўшыя свае топкі.
Капітан загадаў спыніць фрэгат.
Ноч была самая цёмная, і хоць я ведаў, што ў канадца выключны зрок, я пытаў сам у сябе, як і што ён мог угледзець у такой цемры. Сэрца маё білася з такою сілаю, што пагражала разарвацца.
Але Нэд Лэнд не памыліўся. Хутка ўсе мы ўбачылі тое, на што ён паказваў рукою.
За два кабельтовы ад «Аўраама Лінкальна», за штырбортам, мора здавалася асветленым знутры. Гэта не магло быць звычайным фасфарычным свячэннем — у гэтым не было сумнення. Страшыдла, пагружанае на некалькі футаў пад паверхню вады, давала яркае і дзіўнае ззянне, пра якое казалі ў сваіх справаздачах многія капітаны. Гэтае свячэнне павінна было выклікацца нейкаю дужа яркаю крыніцаю. Асветлены ўчастак акіяна меў форму доўгага авала. У цэнтры гэтага авала свячэнне было вельмі яркім, а далей яно слабела.
— Гэта проста злучэнне фасфарасцыруючых малекул! — ускрыкнуў адзін з афіцэраў.
— Не, вы памыляецеся! — адказаў я. — Ні ў якім разе камнеточцы або сальпы не маглі-б даваць такога яркага святла. У гэтага вылучэння бясспрэчна ёсць нейкая электрычная крыніца… Але глядзіце… Глядзіце! Яно рухаецца ўзад і ўперад. Яно накіроўваецца да нас.
Крык вырваўся з грудзей усіх, хто быў на палубе.
— Маўчаць! — скамандаваў капітан Фарагут. — Лева руля! Поўны ход назад!
Усе кінуліся на свае месцы. Загад быў адразу-ж выканан, і «Аўраам Лінкальн», апісаўшы поўкруг, падаўся на некалькі метраў назад.
— Права руля! Поўны ход наперад! — загадаў капітан Фарагут.
Вінт зноў запрацаваў, і фрэгат пачаў хутка аддаляцца ад крыніцы святла.
Я памыліўся: фрэгат хацеў аддаліцца, але незвычайная жывёла набліжалася да яго ў два разы хутчэй, як ён адступаў.
Мы затоілі дыханне і замерлі ў нерухомасці, не вымаўляючы ні слова не столькі ад страху, колькі ад здзіўлення. Жывёла, жартуючы, даганяла нас. Яна абагнула фрэгат, які імчаўся з хуткасцю чатырнаццаці вузлоў, і асвяціла яго сваімі электрычнымі праменнямі, нібы бліскучым пылам. Потым яна адплыла на дзве ці тры мілі, пакінуўшы за сабою фасфарасцыруючы след, падобны на клубы дыму, што адкідае назад імклівы лакаматыў экспрэса. І раптам з цемры, у якую яно адступіла для разгону, страшыдла кінулася на «Аўраама Лінкальна» з жахлівай хуткасцю і таксама раптоўна спынілася на адлегласці дваццаці футаў ад яго і… пагасла. Яно не схавалася ў ваду — у такім выпадку яркасць святла змяншалася-б паступова, а яно згасла адразу, нібы крыніца, што дае гэты паток святла, адразу вычарпалася. Праз хвіліну страшыдла зноў з’явілася з другога боку фрэгата, ні то абагнуўшы яго, ні то праплыўшы пад кілем «Аўраама Лінкальна».