Выбрать главу

Час ужо быў ісці на дапамогу кітам. «Наўтылус» апусціўся ў ваду. Кансель, Нэд Лэнд і я занялі месцы перад вокнамі салона. Капітан Нэма прайшоў у штурвальную рубку, каб асабіста кіраваць суднам у гэтай яго новай ролі знішчальніка.

Рух вінта павялічыўся, і «Наўтылус» паімчаўся поўным ходам.

Бойка паміж кашалотамі і кітамі ўжо пачалася, калі падаспеў «Наўтылус». Капітан Нэма накіраваў свой карабель з такім разлікам, каб раздзяліць надвое статак кашалотаў. Спачатку кашалотаў мала непакоіла з’яўленне новага супраціўніка, але неўзабаве яны зразумелі сваю памылку.

Які спектакль разыграўся перад нашымі вачыма! Нават Нэд Лэнд захапіўся і скончыў тым, што пачаў бурна пляскаць у далоні.

«Наўтылус» ператварыўся ў гіганцкі гарпун, паслухмяную прыладу ў руках свайго капітана. Ён кідаўся на мясістых кашалотаў і разразаў іх на часткі, пакідаючы за сабой два скалечаных, крывавых кавалкі жывёліны. Ён не адчуваў страшэнных удараў хваста, якія сыпаліся на яго абшыўку, як не заўважаў моцных штуршкоў раз’юшаных кашалотаў. Пакончыўшы з адным драпежнікам, ён кідаўся на другога, павярнуўшыся вакол сваёй восі, каб не марнаваць часу і не выпусціць вызначанай ахвяры, імчаўся ўперад, вяртаўся назад, паслухмяны стырну, ныраў, калі кашалот намагаўся ўцячы ў глыбіню, вяртаўся на паверхню, калі той усплываў, атакаваў яго з бакоў, з фронту, з тылу і разразаў альбо разрываў яго пры ўсякай хуткасці і адкуль-бы ні трапіў удар.

Якая бойня! Які гром стаяў над паверхняй вады! Які рэзкі свіст ад дыхання спалоханых кашалотаў! Ускаламучаныя гіганцкімі хвастамі, хваляваліся нават заўсёды спакойныя ніжэйшыя пласты вады.

Больш гадзіны працягвалася гэтае масавае знішчэнне, ад якога не здолеў выратавацца ніводзін кашалот. Некалькі разоў, аб’яднаўшыся ў атрады па дзесяць-дванаццаць жывёлін, кашалоты пераходзілі ў наступленне, спрабуючы скрышыць «Наўтылус» сваёй масай. Скрозь вокны салона можна было ўбачыць іхнія разяўленыя пасці са страшэннымі зубамі, іхнія бліскучыя ярасцю вочы.

Нэд Лэнд, не ўладаючы сабою, праклінаў іх і пагражаў ім кулакамі. Кашалоты ўядаліся зубамі ў барты падводнага карабля, як сабакі ўядаюцца ў глотку зацкаванага ў лесе звера.

Але «Наўтылус», павялічыўшы ход, не заўважаў ні цяжару, ні шалёнай спробы затрымаць яго, цягнуў іх за сабою ў глыбіню або выцягваў на паверхню, не спыняючы ні на секунду пагоні за чарговай ахвярай.

Нарэшце статак кашалотаў паменшыўся. Хваляванне сціхла. «Наўтылус» вярнуўся на паверхню вады. Люк адчыніўся, і мы паспяшылі падняцца на палубу.

Мора было ўсеяна скалечанымі тушамі. Каб у вадзе сярод статка кашалотаў разарваўся снарад вялікай знішчальнай сілы, дык і ён не мог-бы больш разарваць, расшматаць у клоччы гэтыя тушы мяса. Вада была афарбаваная ў чырвоны колер на некалькі міль навакол, і «Наўтылус» плаваў нібы ў акіяне крыві.

Капітан Нэма далучыўся да нас.

— Ну-с, містэр Лэнд, што скажаце? — звярнуўся ён да канадца.

— Мне няма чаго сказаць, капітан, — адказаў канадзец, энтузіязм якога ўжо зменшыўся. — Вы паказалі нам страшэннае відовішча, гэта бясспрэчна. Але я не мяснік, я паляўнік, а вы паказалі нам бойню…

— Гэта было знішчэнне злых і драпежных жывёлін, — сказаў капітан Нэма, — і «Наўтылус» не сякач мясніка!

— Усё-такі я аддаю перавагу свайму гарпуну, — сказаў канадзец.

— У кожнага свая зброя, — адказаў капітан, пільна ўглядаючыся ў Нэд Лэнда.

Я спалохаўся, што той нагавора зараз капітану грубасці, — гэта магло скончыцца дрэнна для ўсіх нас, але на шчасце канадзец звярнуў увагу на кіта, да якога «Наўтылус» у гэтую хвіліну прычальваў.

Гэтая жывёліна не паспела выратавацца ад кашалотаў. Я пазнаў у ёй паўднёвага кіта, зусім чорнага, з уціснутай галавою. Анатамічна ён адрозніваецца ад звычайных кітоў тым, што сем шыйных пазванкоў у яго зрастаюцца, і тым, што ў яго на два рабры болей, чым ў паўночных яго родзічаў.

Няшчасны кіт ляжаў на баку, з брухам пракушаным кашалотамі ў шмат якіх месцах. Ён быў мёртвы. Пад яго скалечаным плаўніком тулілася дзіцянё, якога ён не здолеў абараніць. З раскрытай пасці забітай самкі лілася вада, якая цурчэла паміж пласцінкамі кітовага вуса, як раўчак.

Капітан Нэма загадаў прычаліць «Наўтылус» да тушы. Двое матросаў узабраліся на бок жывёлы, і я са здзіўленнем убачыў, што яны выцэджваюць з яго грудных залоз малако. Яны нацадзілі гэткім чынам дзве ці тры бочкі.