Выбрать главу

Капітан прапанаваў мне выпіць кубак гэтага яшчэ цёплага малака. Я не мог стрымаць грымасы агіднасці пры гэтай прапанове. Але ён запэўніў мяне, што кітовае малако дужа смачнае і нічым не адрозніваецца ад кароўяга.

Я паспрабаваў яго і прызнаў, што капітан Нэма казаў праўду. Гэтыя тры бочкі малака былі каштоўным здабыткам для нас, бо масла і сыр, што атрымаліся з яго, павінны былі ўнесці прыемныя змены ў нашу страву.

З гэтага дня я з прыкрасцю пачаў заўважаць, што Нэд Лэнд усё больш злосна глядзіць на капітана Нэма, і я рашыў пільна сачыць за тым, каб канадзец не зрабіў якога-небудзь дзікага ўчынку.

Раздзел трынаццаты

У ільдах

«Наўтылус» нязменна накіроўваўся на поўдзень. Ён плыў са значнай хуткасцю ўздоўж пяцідзесятага мерыдыяна. Няўжо ён хацеў дасягнуць полюса? Я не верыў у гэта, бо сакавік у паўднёвых палярных краінах адпавядае верасню паўночных краін, гэта значыць пачатку восені.

Чатырнаццатага сакавіка пад 55° даўгаты я ўпершыню ўбачыў плывучы лёд. Гэта былі невялічкія адломкі ільдзін, сіняватыя крыгі даўжынёй дваццаць, дваццаць пяць футаў, аб якія разбіваліся з грукатам марскія хвалі.

«Наўтылус» ішоў па паверхні акіяна. Нэд Лэнд, які часта плаваў у палярных марах, не адзін раз бачыў і раней плывучыя ільды. Кансель і я любаваліся гэтым відовішчам упершыню.

На небасхіле працягнулася асляпляюча белая паласа. Англійскія кіталовы называюць яе «ледзяным блескам». Якімі густымі не былі-б воблакі, яны не могуць зацямніць яе. Гэтая паласа азначае блізкасць ледзянога поля.

І сапраўды, неўзабаве з’явіліся больш буйныя крыгі, блеск якіх узмацняўся ці слабнуў у залежнасці ад становішча атмасферы. Бакі некаторых плывучых ледзяных гор — айсбергаў — былі пакрэслены зялёнымі палосамі, нібы пражылкамі сернакіслай медзі. Другія крыгі прасвечвалі наскрозь, як вялізныя каштоўныя каменні. Трэція адбівалі сонечныя праменні тысячамі тысяч сценак сваіх крышталяў. Нарэшце чацвёртыя засыпаныя снегам, здаваліся грандыёзнымі кавалкамі мармуру, якога хапіла-б на пабудову цэлага горада.

Чым далей на поўдзень мы спускаліся, тым больш плывучых ільдзін мы сустракалі, тым магутней станавіліся паасобныя ільдзіны і айсбергі. Арктычныя птушкі звілі сабе на іх гнёзды тысячамі. Гэта былі глупышы, буравеснікі, пуфіны, аглушаўшыя нас сваімі крыкамі. Некаторыя з іх прымалі «Наўтылус» за тушу кіта, і, усеўшыся на яго палубу, пачыналі дзюбаць звонкае жалеза.

У часе гэтага плавання сярод ільдоў капітан Нэма часта і доўга бываў на палубе. Ён з найвялікшай увагай аглядаў гэтыя пустынныя месцы. Я бачыў, як часамі запаляўся яго звычайна халодны зрок. Можа ён думаў у гэты час, што ў гэтых палярных водах, недасяжных для чалавека, ён быў адзіным уладаром? Магчыма. Але ён не казаў гэтага голасна. Ён гадзінамі стаяў нерухома і быццам прачынаўся ад сну тады, калі ільдзіны абкружалі «Наўтылус» і трэба было выбірацца з пасткі.

Тады ён сам станавіўся ля штурвала і з незвычайным майстэрствам кіраваў «Наўтылусам», ухіляючыся ад сутычак з ледзянымі палямі і гарамі, якія часам дасягалі некалькі міль у даўжыню пры вышыні надводнай часткі ў семдзесят-восемдзесят метраў.

Часта шлях «Наўтылуса» здаваўся перагарожаным суцэльнай сцяной ільда. На шасцідзесятым градусе шыраты лёд ляжаў суцэльным масівам. Але капітан Нэма хутка знаходзіў якую-небудзь вузкую шчыліну і адважна пускаўся ў яе, хаця і ведаў, што яна зараз-жа зачыніцца за ім.

Гэтак, кіруемы ўмелай рукой свайго капітана, «Наўтылус» прасоўваўся сярод вечных ільдоў.

Канселю спадабалася тое, што існуе дакладная класіфікацыя ільдоў па форме і велічыні, і ён хутка азнаёміўся з ёю: айсбергі, або ледзяныя горы; айсфельды, або ледзяныя палі; драйфтайс, або плывучыя ільдзіны; пэксы, або ледзяная каша.

Тэмпература паветра стаяла даволі нізкая — два-тры градусы вышэй нуля. Але мы не адчувалі холаду ў сваіх цёплых футрах з цюленевай скуры або скуры белых мядзведзяў. У сярэдзіне «Наўтылуса» стаяла заўсёды роўная тэмпература, незалежная ад тэмпературы паветра, падтрымліваемая электрычнымі печкамі. А калі-б нават печы раптам перасталі грэць, то «Наўтылусу» варта было апусціцца на некалькі метраў пад ваду, каб зноў знайсці спрыяльную тэмпературу.

Каб мы прыбылі ў гэтыя месцы на месяц раней, мы любаваліся-б незаходзячым круглыя суткі сонцам. Але мы спазніліся, і ноч ужо адымала ў нас тры-чатыры гадзіны, павялічваючыся з кожнымі суткамі, каб потым на шэсць месяцаў засланіць сваім ценем гэтыя палярныя мясціны.

Пятнаццатага сакавіка мы перасеклі паралель, на якой ляжаць Нова-Шатландскія і Паўднёва-Оркнейскія астравы. Капітан Нэма расказаў мне, што нядаўна яшчэ гэтыя землі служылі прытулкам для масы цюленяў, але англійскія і амерыканскія кіталовы ў сваёй сляпой прагнасці да нажывы знішчылі і дарослых кітоў і іхніх дзяцей, і цяпер тут заўсёды пануе непарушная маўклівасць смерці.