Выбрать главу

Васямнаццатага сакавіка, пасля дваццаці няўдалых спроб прабіць сабе дарогу, «Наўтылус» канчаткова сціснула ільдамі. Гэта была ўжо не ледзяная каша, не плывучыя ільды, нават не ледзяныя палі, а нерухомы і нязломны бар’ер з суцэльных ледзяных гор.

— Непарушныя ільды, — сказаў мне канадзец.

Я зразумеў, што Нэд Лэнд, як і ўсе палярныя мораплаўцы, лічыў гэтую перашкоду непераможнай. Сонца паказалася на некалькі хвілін а поўдні, і капітан Нэма зрабіў дакладныя вылічэнні. Мы знаходзіліся пад 51°30´ даўгаты і 67°39´ паўднёвай шыраты. Як бачым, «Наўтылус» прайшоў ужо даволі далёка углыб Антарктыкі.

Ні наперадзе, ні за намі цяпер не відаць было чыстай вады. «Наўтылус» быў абкружаны вялікай таросістай раўнінай, усеянай бясформенымі кругамі, наваленымі ў тым хаатычным беспарадку, які бывае на паверхні ракі напярэдадні ледахода, але ў гіганцкі павялічаным маштабе. Тут і там былі відаць востраверхія грэбні ледзяных узгоркаў, якія ўздымаліся на дзвесце і больш футаў у вышыню. Далей стаялі шэрагі стромкіх круч, ахутаных у шэраватую цмяную смугу. Над гэтым пахмурным пейзажам панавала мёртвая цішыня, якую парушалі толькі ўзмахі крылляў і рэзкія крыкі буравеснікаў. Усё замёрла тут, нават гукі…

Вось у якім месцы прыйшлося «Наўтылусу» спыніць свой адважны бег!

— Ведаеце, спадар прафесар, — сказаў мне ў гэты дзень Нэд Лэнд, — калі нашаму капітану ўдасца прайсці далей…

— Тады што, Нэд?

— Тады ён будзе малайчына!

— Чаму?

— Таму што ніхто не можа перамагчы суцэльны лёд! Не спрачаюся, ваш капітан дужы. Але тысячы чарцей! — не дужэйшы-ж ён за прыроду! І калі яна пабудавала тут непераможную перашкоду, дык яму прыйдзецца хочаш-не-хочаш спыніцца!

— Вы, здаецца, маеце рацыю, містэр Лэнд… А ўсё-ж мне дужа хацелася-б даведацца, што знаходзіцца за гэтымі ільдамі. Мяне самога абурае гэтая сцяна!

— Гаспадар зусім правільна разважае, — сказаў Кансель. — Сцены створаны спецыяльна для таго, каб абураць вучоных. Каб была мая воля, я разбурыў-бы ўсе сцены на зямлі!

— Глупства, — адказаў канадзец. — Я добра ведаю, што знаходзіцца за гэтай сцяной!

— А што? — запытаўся я.

— Лёд, толькі лёд! — адказаў канадзец.

— Вы ўпэўнены, Нэд? — сказаў я. — Але я сумняваюся ў гэтым, і вось чаму я хачу працягваць шлях на поўдзень.

— Тым горш, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд. — Вам прыйдзецца адмовіцца ад гэтай думкі. Вы дайшлі да мяжы суцэльных ільдоў — гэтага ўжо досыць. Далей не ўдасца зрабіць ні кроку ні вам, ні вашаму капітану Нэма, ні яго «Наўтылусу». Хоча ён гэтага ці не, але мы вернемся на поўнач, гэта значыць у месцы, дзе жывуць усе прыстойныя людзі.

Я павінен быў прызнаць, што Нэд Лэнд мае рацыю ў адным: да таго часу, пакуль караблі не навучацца перасоўвацца па ледзяных палях, ім прыйдзецца спыняцца на мяжы суцэльных ільдоў.

І сапраўды, не гледзячы на ўсе намаганні, не гледзячы на шалёныя спробы раскалоць ільды, «Наўтылус» заставаўся нерухомым. Звычайна, калі карабель не можа прасунуцца наперад, ён варочаецца назад. Але тут зварот назад быў таксама немагчымы, як і прасоўванне наперад, бо ўсе праходы зачыніліся за намі. І калі наш карабель заставаўся-б нерухомым яшчэ некаторы час, ён абавязкова ўмёрз-бы ў лёд.

Каля двух гадзін пасля поўдня пачала вызначацца гэтая небяспека: палонка, у якой стаяў «Наўтылус», з неймавернай хуткасцю пакрывалася маладым ільдом. Павінен прызнацца, што цяпер паводзіны капітана Нэма здаваліся мне надзвычайна неасцярожнымі.

Я знаходзіўся ў гэты час на палубе. Капітан, які назіраў утварэнне ледзяной плёнкі на вадзе ўжо на працягу некалькіх хвілін, звярнуўся да мяне з пытаннем:

— Што вы думаеце аб нашым становішчы, спадар прафесар?

— Думаю што мы моцна застралі, капітан.

— Застралі? Як гэта разумець?

— Я хачу гэтым сказаць, што мы не можам пасунуцца ні ўперад, ні ўзад, ні ўправа, ні ўлева. Гэтае становішча, прынамсі ў цывілізаваных краінах, азначаецца словам «застраць».

— Значыцца, вы думаеце, спадар прафесар, што «Наўтылус» не здолее выарацца адсюль?

— Я мала веру ў гэта, капітан. Справа ў тым, што ў гэты час года, напярэдадні антарктычнай зімы, цяжка разлічваць на перасоўку ільдоў.

— Ах, спадар прафесар такі, як заўсёды! — іранічна сказаў капітан Нэма. — Вы бачыце толькі перашкоды ды няўдачы! Дазвольце-ж заявіць вам, што «Наўтылус» вызваліцца не толькі з кола ільдоў, але і пройдзе яшчэ далей!

— Яшчэ далей на поўдзень? — запытаў я, ускінуўшы вачыма на капітана Нэма.

— Так, спадар прафесар, ён пройдзе да самага полюса!