Выбрать главу

— Да полюса? — ускрыкнуў я, не хаваючы сваёй недаверлівасці.

— Так, — холадна пацвердзіў капітан, — да паўднёвага полюса, да гэтага патаемнага месца, дзе крыжуюцца ўсе мерыдыяны зямнога шара. Вы-ж ведаеце, што я магу прымусіць «Наўтылус» рабіць усё, што я хачу!

Так, я гэта ведаў! Я ведаў таксама, што гэты чалавек адважны да шаленства. Але ўсё-ж такі вар’ят мог адважыцца распачаць барацьбу з безліччу перашкод, якія стаялі па дарозе да паўднёвага полюса, яшчэ больш недасяжнага, чым паўночны!

Самыя адважныя, самыя спрактыкаваныя мараплаўцы дарэмна спрабавалі дабрацца да паўночнага полюса і адступалі, пераможаныя, або гінулі. Не, гэта была бязглуздая думка, якая магла нарадзіцца толькі ў мазгу вар’ята!

Мне прыйшло ў галаву задаць капітану Нэма пытанне, ці не адкрыў ён ужо гэты полюс, на які яшчэ ніколі не ступала чалавечая нага.

— Не, спадар прафесар, — адказаў ён. — Мы разам зробім гэтае адкрыццё. Тое, што не здолелі зрабіць іншыя, зраблю я. Мне ніколі яшчэ не даводзілася заходзіць на «Наўтылусе» так далёка на поўдзень; але я паўтараю вам, мы пройдзем яшчэ далей!

— Я хачу вам верыць, капітан, — іранічна адказаў я. — І я вам веру! Хадземце наперад! Для нас няма перашкод! Разаб’ём гэты непарушны лёд! Ускапаем яго, а калі ён будзе супраціўляцца, прыладзім да «Наўтылуса» крыллі, каб ён мог пераляцець над ім!

— Над ільдом, спадар прафесар? — спакойна адказаў мне капітан Нэма. — Не, навошта? Мы лепш пройдзем пад ільдом!

— Пад ільдом? — ускрыкнуў я.

Раптам мяне нібы азарыла. Я зразумеў, на што разлічваў капітан Нэма. Цудоўныя ўласцівасці «Наўтылуса» яшчэ раз павінны былі саслужыць капітану Нэма службу ў гэтым яго неймаверным замыслу!

— Бачу, што мы пачынаем разумець адзін аднаго, — з усмешкаю прамовіў капітан. — Вы пачынаеце ўжо разумець, што такая спроба зусім магчымая. Я-ж зусім упэўнены ў поспеху. Тое, што недасяжна для звычайнага судна, лёгка даступна «Наўтылусу». Калі-ж каля полюса ён сустрэне сухазем’е, ён спыніцца. А калі, наадварот, полюс змываецца водамі акіяна, мы дойдзем да самага полюса!

— Сапраўды, — адказаў я, захоплены лагічнымі разважаннямі капітана, — калі паверхня мора скавана ільдамі, то ніжэйшыя пласты яго не могуць замерзнуць і застаюцца вадкімі з прычыны таго закону прыроды, што максімальнай шчыльнасці вада дасягае пры тэмпературы вышэй пункта замярзання. І, калі я не памыляюся, апушчаная ў ваду частка ільдзіны адносіцца да выступаючай над узроўнем мора, як чатыры да аднаго?

— Так, спадар прафесар, суадносіны амаль такія. На кожны фут айсберга, што высоўваецца над паверхняй мора, прыпадае па тры футы, апушчаных у ваду[54]. Такім чынам, паколькі гэтыя ледзяныя горы не выступаюць над паверхняй акіяна больш чым на сто метраў, яны павінны быць апушчаны ў ваду не больш як на трыста метраў. А што значыць для «Наўтылуса» трыста метраў?

— Нічога, капітан!

— Больш таго, мы зможам апусціцца яшчэ глыбей, у тыя пласты вады, дзе тэмпература аднолькавая пад усімі шыротамі, і там бяспечна будзем смяяцца з трыццаці-саракаградусных марозаў, якія будуць на паверхні вады.

— Вы зусім правільна гаворыце, капітан! — ускрыкнуў я.

— Адзіная цяжкасць, якую нам прыйдзецца перамагчы, — казаў далей капітан Нэма, — гэта знаходжанне пад вадою на працягу некалькіх сутак без аднаўлення запасу паветра.

— Толькі ўсяго? — сказаў я. — На «Наўтылусе» досыць вялікія рэзервуары. Мы запоўнім іх, і яны забяспечаць нас поўнасцю неабходнай колькасцю кісларода!

— Вельмі добра, спадар прафесар, — зноў усміхнуўся капітан. — Дазвольце мне падзяліцца з вамі яшчэ адным сумненнем — мне не хацелася-б, каб вы потым абвінавачвалі мяне ў бязглуздасці.

— У чым вы яшчэ сумняваецеся?

— Магчыма, што мора каля полюса, калі яно існуе, усё пакрыта лёдам і, значыцца, мы не будзем магчы выбрацца на яго паверхню.

— Што вы, капітан! Няўжо вы забыліся, што «Наўтылус» узброены біўнем? Вы зможаце накіраваць яго па дыяганалі на ледзяную сталь, і ён лёгка праб’е сабе выхад.

— Аднак, спадар прафесар, сёння вы загаварылі зусім новай моваю!

— Аднак, капітан, — працягваў я, усё больш і больш запаляючыся, — чаму-б нам не сустрэць на паўднёвым полюсе такое-ж вольнае ад ільдоў мора, як і на паўночным? Полюсы холадаў не супадаюць з зямнымі полюсамі як у паўднёвым паўшар’і, так і ў паўночным. Таму, пакуль не будзе даказана адваротнае, мы маем права дапускаць існаванне вольных ад лёду мораў або зямель у гэтых двух процілеглых пунктах зямнога шара.

— І я так думаю, спадар прафесар, — адказаў капітан Нэма. — Звярніце толькі ўвагу на тое, што пасля столькіх супярэчанняў супраць майго праекту, вы згаджаецеся з ім.

вернуться

54

Правільней: на адну выступаючую частку айсберга прыпадае дзевяць частак у вадзе. (Рэд.)