Выбрать главу

— Капітан Нэма, — сказаў я, — вам належыць гонар першаму ступіць на гэтую зямлю!

— Так, спадар прафесар, — адказаў капітан. — І я, не задумваючыся, зраблю гэта, бо ўпэўнены, што перада мной на гэтую зямлю ніколі не ступала чалавечая нага!

З гэтымі словамі ён лёгка ўскочыў на пясок. Затым узабраўся на скалу і там, склаўшы накрыж рукі на грудзях, нерухомы, маўклівы, з палаючым зрокам, здавалася, уступаў ва ўладанне гэтымі палярнымі землямі. Прастаяўшы так у экстазе некалькі хвілін, ён павярнуўся да нас і крыкнуў:

— Калі ласка, спадарства, сыходзьце на зямлю!

Я зараз-жа выскачыў на пясок. Кансель паследваў за мною. Матросы засталіся ў шлюпцы.

Глеба, наколькі бачыла вока, складалася з чырванаватага туфу, нібы была пасыпана зверху тоўчанай цэглай. Шлакі, струмені застылай лавы, кавалкі пемзы пакрывалі яе. Астравок быў безумоўна вулканічнага паходжання. У некаторых месцах з-пад глебы прарываліся струменьчыкі дыму з рэзкім серкавым пахам. Гэта сведчыла, што падземны агонь захаваў усю сваю сілу.

Але, узабраўшыся па прыкладу капітана Нэма на скалу, я не заўважыў на гарызонце ніякага вулкана. Вядома, аднак, што Джэмс Росс знайшоў у антарктычных водах пад 167° даўгаты і 77°32´ шыраты два дзейных кратэры, якім ён даў назву Тэрор і Эрэбус.

Расліннасць на астраўку была надзвычай бедная. Некалькі лішайнікаў на скалах ды выкінутыя морам на бераг водарасці — вось і ўся флора астраўка. Фауну прадстаўлялі малюскі, зоафіты, у прыватнасці каралавыя паліпы і марскія зоркі, але галоўным чынам птушкі. Птушак тут было безліч. Тысячамі яны насіліся ў паветры, заглушаючы нас крыкамі; тысячамі яны сядзелі на кожным выступе скал, бязбоязна гледзячы на нас і смела блытаючыся ля нашых ног. Гэта былі пінгвіны, настолькі-ж быстрыя і спрытныя на вадзе, дзе іх можна лічыць рыбамі, наколькі яны цяжкія і нязграбныя на зямлі. Яны збіраліся ў вялікія групы, неахвочыя на рухі, але ахвочыя на крыкі, літаральна аглушаўшыя нас.

Сярод птушак я заўважыў белых іржанак, з атрада іржанкападобных, велічынёй з голуба, з белым апярэннем, кароткай канічнай формы дзюбай і чырвоным кальцом вакол вачэй. Кансель забіў некалькі гэтых птушак, з якіх можна зрабіць вельмі смачную страву.

У паветры насіліся буйныя альбатросы, размах крылляў якіх даходзіць да чатырох метраў, — іх правільна называюць акіянскімі каршунамі; велізарныя буравеснікі, небяспечныя ворагі цюленяў; маранка, разнавіднасць качкі, і, нарэшце, цэлая хмара глупышоў — белых, з абведзенымі карычневай паласой крыллямі, і сініх, якія водзяцца толькі ў Антарктыцы.

— Яны такія тлустыя, — сказаў я Канселю, — што жыхары Фарэрскіх астравоў устаўляюць у толькі што забітую птушку кнот і атрымоўваюць гатовы свяцільнік.

— Каб прырода пастаралася яшчэ крышачку, — адказаў Кансель, — дык гэта была-б ідэальная лямпа! Як шкада, што яны не маюць гатовых кнотаў!

За паўмілі ад таго месца, дзе мы спыніліся, зямля была ўся ўскапана ямамі — гнёздамі пінгвінаў. Капітан Нэма пазней загадаў сваім матросам злавіць некалькі соцень гэтых птушак, бо іхняе цмянае мяса дужа смачнае. Іхні крык нагадваў рыканне асла. Гэтыя птушкі, велічынёй з гуся, з чорным апярэннем, з белымі плямамі на грудзях і жоўтай палоскай на шыі, дазвалялі забіваць сябе каменнем, нават не ратуючыся ўцяканнем.

Між тым туман не рассейваўся, і ў адзінаццаць гадзін сонца яшчэ не паказвалася. Гэта дужа мяне непакоіла. Без сонца мы не маглі зрабіць назіранняў. А без назіранняў нельга ведаць, ці дасягнулі мы полюса.

Калі я падышоў да капітана Нэма, ён стаяў, абапёршыся на скалу, і моўчкі глядзеў на мора. Ён, здавалася, быў нездаволены і часамі з нецярплівасцю пазіраў на неба. Але што рабіць? Гэты мужны і моцны чалавек не мог таксама ўладаць небам, як ён уладаў морам.

Настаў поўдзень, а сонца ўсё яшчэ не паказвалася ні на секунду. Скрозь густыя хмары, што затулілі ўсё неба, не відаць было нават таго месца, дзе знаходзілася сонца. Хутка з гэтых хмар пайшоў снег.

— Прыйдзецца чакаць да заўтра, — проста сказаў капітан, і мы вярнуліся на «Наўтылус» сярод снежнай завірухі.

У той час, калі мы былі на востраве, матросы «Наўтылуса» паспелі закінуць і выцягнуць невад. Я з вялікай цікавасцю разглядаў вылаўленых рыб. Антарктычнае мора служыць прытулкам вялікай колькасці рыб, якія ратуюцца ад бур больш нізкіх шырот, каб… трапіць тут у зубы маржоў і цюленяў. Я заўважыў некалькі мойваў, даўжынёю ў дваццаць сантыметраў — храшчавых рыбак са срабрыстай з бурымі плямамі луской, антарктычных хімер, даўжынёю ў тры футы, з выцягнутым у даўжыню, слізкім і гладкім целам, афарбаваным у пераліўчатыя тоны залаціста-жоўтага, бурага і белага колераў, з мордай, якая высоўвалася наперад у выглядзе конуса, і доўгім тонкім хвастом. Мне не спадабалася іхняе мяса, але Канселю яно здалося даволі смачным.